Дарога не даруе свавольства
Верасень – не толькі пачатак чарговага навучальнага года ва ўстановах адукацыі, але і час, калі дзеці, вяртаючыся з канікул, зноў становяцца актыўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Невыпадкова асноўная задача дарослых у гэты перыяд – дапамагчы ім хутка адаптавацца ў новых умовах.
Расказвае начальнік аддзялення ДАІ РАУС Сяргей КАНАПАЦКІ:
– Статыстыка сведчыць, што менавіта на пачатак навучальнага года даводзіцца павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. Таму напярэдадні Дня ведаў, стартаваў чарговы комплекс мерапрыемстваў пад назвай «Увага – дзеці!», які завершыцца 6 верасня. У рамках яго максімальную ўвагу сканцэнтравалі на тлумачальна-прафілактычнай рабоце. Нагадалі вадзіцелям пра выкарыстанне бліжняга святла аўтамабільных фар пры перамяшчэнні, спецыяльных дзіцячых крэслаў і рамянёў бяспекі. Настойліва рэкамендавалі паўтарыць з уласнымі сынамі і дочкамі правілы паводзін на дарозе. А яшчэ – паклапаціцца пра флікеры і іншыя святлоадбіваючыя элементы.
Становішча з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам на Брэстчыне па-ранейшаму застаецца няпростым. З пачатку года ў ДТЗ загінулі 2 дзіцяці і 38 атрымалі траўмы і калецтвы. А галоўнымі прычынамі 38 аварый, якія адбыліся па віне непаўналетніх, сталі пераход праезнай часткі ў неўстаноўленых месцах, раптоўнае паяўленне перад аўтамабілем, гульні паблізу дарогі, неасцярожная язда на веласіпедах і мапедах.
Таксама супрацоўнікі ДАІ абследавалі вулічна-дарожную сетку вакол устаноў адукацыі раёна. Усе заўвагі накіраваны жыллёва-камунальным прадпрыемствам Лунінца і Мікашэвіч, ДРБУ-101 і іншых службаў. На сённяшні дзень усе яны ўхілены. Так, напрыклад, у раёне СШ №4 устаноўлены святлафор новага ўзору, які працуе ад націску кнопкі пешаходам.
Абследаваны і 13 аўтобусаў, задзейнічаных на дастаўцы школьнікаў да месцаў вучобы. Усе транспартныя сродкі прайшлі тэхнічны агляд, перафарбаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі ў жоўты колер, абсталяваны спецыяльнымі маячкамі і пазначаны надпісамі «школьны». Не засталіся без увагі вадзіцелі, якія замацаваны за тэхнікай. Маршруты руху школьных аўтобусаў зацверджаны райвыканкамам. Любая вуліца і дарога – гэта тэрыторыя павышанай рызыкі, якая не даруе свавольства.