Два пажары за адзін дзень
Два пажары за адзін дзень ліквідавалі выратавльнікі на тэрыторыі раёна.
Так, у Дзятлавічах полымем знішчана каля 80 працэнтаў шыфернага даху жылога дома. Яго ўладальнік і сужыцелька не пацярпелі. Аднак 29-гадовы пляменнік з дыягназам атручванне прадуктамі гарэння і тэрмічнымі апёкамі 10 працэнтаў цела дастаўлены ў бальніцу. Асноўная версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Падчас пажару ў райцэнтры згарэў дах дома. На шчасце, ахвяр няма. Супрацоўнікі РАНС хутка справіліся з узгараннем і не дазволілі полымю перакінуцца на жылыя пакоі. Прычыны абодвух пажараў высвятляюцца.
Колькасць пажараў у асенне-зімовы перыяд павялічваецца. Гэта звязана з нарастаючай нагрузкай на электрапрыборы, узгараннямі з-за парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні і падпальвання печаў, а таксама з-за неасцярожнага курэння.
Згодна з правіламі бяспекі забаронена распальваць печы пры дапамозе лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцей. Нельга выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі, а таксама сушыць іх на адлегласці менш за 1,25 метра ад топачных адтулін паліва, сушыць адзенне і іншыя гаручыя рэчы і матэрыялы. Забараняецца эскплутаваць печы з адчыненымі дзверцамі, пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду ў доме. У моцныя халады прапальваць неабходна некалькі разоў, а не адзін — за працяглы час, што дазволіць пазбегнуць перагрэву і з’яўлення расколін. Перад топачнай адтулінай на падлозе павінен быць прымацаваны металічны ліст памерам 50 на 70 сантыметраў. Попел, вугаль варта выкідваць у спецыяльна адведзенае месца на адлегласці не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў і згаральных канструкцый. Коміны трэба ачышчаць ад сажы не радзей чым раз у два месяцы на працягу ацяпляльнага сезона.



