Двух вяскоўцаў выратаваў з агню міліцыянер Ігар Клімчук
Іншы раз можна заўважыць тых, хто ў экстранных сітуацыях замест таго, каб своечасова аказаць дапамогу, з азартам здымаюць сюжэты на тэлефон, выкладваюць відэа ў інтэрнэт, а потым смакуюць у каментарыях падрабязнасці таго, што здарылася. Зусім іншы прыклад паказаў міліцыянер узводу патрульна-паставой службы Ігар КЛІМЧУК, які не разгубіўся ў надзвычайнай сітуацыі і выратаваў двух вяскоўцаў.
Яго дзяжурства закончылася ў 2 гадзіны ночы. Супрацоўнік РАУС на ўласным аўтамабілі накіроў-ваўся дадому ў пасёлак Палескі. Раптам на выездзе з вёскі Вулька 1 на ўскрайку вуліцы Кастрычніцкай праз вокны ўбачыў агонь.
– Спачатку падумаў, што нехта печ распальвае, – прыгадвае міліцыянер. – Але развярнуў машыну, вырашыў пераканацца, што ў доме ўсё ў парадку.
Інтуіцыя не падманула. Наблізіўшыся да дома, Ігар Паўлавіч заўважыў, што з вокнаў ідзе дым. З мабільніка патэлефанаваў на 101. Чакаць выратавальнікаў не стаў, бо разумеў, што ў такой сітуацыі важная кожная хвіліна: у доме знаходзіліся людзі.
– Убачыўшы праз акно на ложку мужчыну, у нагах якога было полымя, спрабаваў яго разбудзіць з дапамогай снежак, але не атрымалася, – працягвае расповяд супрацоўнік РАУС. – Тады вырашыў трапіць у памяшканне праз дзверы, на шчасце, яны былі адчынены. Убачыў яшчэ аднаго мужчыну. Ён прачнуўся і, даведаўшыся, што ў доме пажар, накіраваўся да выхаду. Другому спатрэбілася дапамога…
Хутка прыехалі выратавальнікі, пажар быў ліквідаваны. Як высветлілася, абодва мужчыны былі нецвярозымі, а прычынай загарання па папярэдніх дадзеных з’явілася, як часта бывае ў такіх выпадках, – неасцярожнасць пры курэнні.
Для Ігара Клімчука выратаванне людзей на пажары становіцца справай звычайнай. У снежні 2017-га таксама падчас нясення дзяжурства разам з Юрыем Мелюхам заўважылі, што з-пад даху дома па вуліцы Камсамольскай у Лунінцы ішоў дым. Дзверы былі зачынены знутры, значыць, у доме хтосьці быў. Выклікалі выратавальнікаў, да іх прыезду падручнымі сродкамі самастойна прыступілі да лакалізацыі агню.
Радуе, што сваімі ўчынкамі супрацоўнік РАУС у чарговы раз даказаў, што “наша міліцыя – нас беражэ”.