Крымінальная знаходка
Навучэнец сельскагаспадарчага каледжа пасля заняткаў, як звычайна, вяртаўся дадому ў родныя Мікашэвічы на дызель-цягніку. Раптам заўважыў складзены лісток з сшытка. Падняў яго, разгарнуў і ўбачыў сухую расліннасць. Тут жа зразумеў, што гэта не просты гербарый, а марыхуана. Не доўга думаючы, засунуў скрутак у кішэню джынсаў і працягнуў свой шлях.
На наступны дзень мэтанакіравана прагуляўся ў лясны масіў, што за бальніцай, каб пакурыць “траўку”. Праз пару дзён зноў пацягнула на “кайф”. Магчыма, і ў трэці раз ён змог бы пакурыць разам з сябрам, але іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Убачыўшы чалавека ў форме, навучэнец каледжа спрабаваў пазбавіцца ад скрутка, але праваахоўнік заўважыў гэта і пацікавіўся, што ў ім. Юнак не стаў падманваць: “Марыхуана”. Далей паказанні ён даваў у аддзяленні міліцыі.
22 снежня 2014 года малады чалавек быў асуджаны. У адносінах да непаўналетняга прыменены прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе абмежавання вольнага часу на тэрмін 6 месяцаў.
Аднак пракуратура палічыла гэты прыгавор занадта мяккім і прынесла касацыйны пратэст. Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў накіраваць справу на новы судовы разгляд.
27 лютага 2015 года непаўналетні зноў даваў паказанні суду пад старшынствам Міхаіла Дзенісовіча. Абвінавачванне падтрымлівала Марына Грабовіч. Юнак падрабязна расказаў, як і пры якіх абставінах у яго рукі трапіла “траўка”, чаму ён на працягу тыдня насіў яе ў кішэні джынсаў і перыядычна выкарыстоўваў у асабістых патрэбах.
Уважліва выслухаўшы абвінавачваемага, вывучыўшы матэрыялы справы, суд прызнаў непаўналетняга вінаватым у незаконным без мэты збыту набыцці і захоўванні наркатычнага сродку.
— На падставе часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — абвяшчаў прыгавор Міхаіл Дзенісовіч, — назначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады.
У гэты момант у вачах юнака паявіўся страх, як падалося, упершыню за ўвесь час судовага пасяджэння. Але суддзя працягваў:
— У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 77 Крымінальнага кодэкса прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання тэрмінам на 1 год.
Цяпер малады чалавек уздыхнуў з палёгкай. Але хочацца спадзявацца, што тэма “наркотыкі” стане для яго закрытай назаўсёды. Шкодная звычка не варта таго, каб з-за яе трапляць за краты.