На першым плане — чалавек
2014 год быў адметным і для работнікаў праваахоўных органаў. Пра яго асаблівасці — размова з пракурорам раёна Аляксандрам КАРЛЮКОМ.
— Аляксандр Паўлавіч, якімі станоўчымі вынікамі адзначаны для праваахоўнікаў мінулы год?
— Перш за ўсё тым, што заўважана ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння злачыннасці. У параўнанні з папярэднім годам колькасць зарэгістраваных злачынстваў зменшылася на 9,6 працэнта. Зніжэнне адбылося ў асноўным за кошт крадзяжоў. Прычым, варта адзначыць, што ў першым паўгоддзі 2014 года быў заўважаны значны рост маёмасных злачынстваў. Пракуратурай аператыўна быў праведзены аналіз прычын і ўмоў, а на каардынацыйным савеце распрацаваны канкрэтны комплекс мер, накіраваны на папярэджанне крадзяжоў. Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Як станоўчы, можна адзначыць і факт зніжэння летась колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, а таксама злачынстваў, учыненых групай асоб, раней судзімымі і непаўналетнімі. Прыемна і тое, што адной з самых высокіх на Брэстчыне застаецца раскрывальнасць — 64,7 працэнта.
— Што выклікае асаблівую заклапочанасць?
— Нягледзячы на тое, што назіраецца зніжэнне злачынстваў, звязаных з прычыненнем цяжкіх цялесных пакалечанняў, іх колькасць у параўнанні з іншымі раёнамі вобласці застаецца высокай. Так, у Кобрынскім раёне ўчынена 4 такія злачынствы, у Столінскім — 5, Івацэвіцкім — 6, у нас іх — 11. Асаблівую трывогу выклікае тая абставіна, што пераважная большасць учынена на сямейна-бытавой глебе. Практыка паказвае, што якасных зрухаў у барацьбе з гэтай заганнай з’явай дабіцца пакуль не ўдалося. Не дае жаданых вынікаў і прафілактычная работа, праводзімая супрацоўнікамі РАУС. Пракуратурай выяўлены факты, калі пры наяўнасці прадугледжаных заканадаўствам падстаў, асобы, якія сістэматычна канфліктавалі з членамі сям’і, не ставіліся на прафілактычны ўлік. Старымі і не заўсёды апраўданымі метадамі вядзецца і барацьба з п’янствам. Гэтая загана з’яўляецца “спадарожнікам” пераважнай большасці злачынстваў. У тым ліку і на дарогах раёна. Дастаткова сказаць, што 4 з 17-ці загінуўшых у ДТЗ развіталіся з жыццём па віне п’яных вадзіцеляў.
Разам з тым, хачу падкрэсліць, што ў выхаваўчую работу павінны ўключыцца не толькі органы ўнутраных спраў. Чамусьці ўбаку застаецца мясцовая ўлада, у выніку чаго даводзіцца канстатаваць: патэнцыял сельвыканкамаў, насуперак Закону Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, застаецца незадзейнічаным.
Не можа не трывожыць і распаўсюджванне на тэрыторыі раёна наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, асабліва ў маладзёжным асяродку. Такая сітуацыя патрабуе зладжаных дзеянняў праваахоўнікаў і грамадскасці з тым, каб не толькі выяўляць наркаманаў і дробных пастаўшчыкоў, а спыняць каналы паступлення смяротнай атруты ў наш рэгіён.
— Як апраўдвае наша пракуратура вядомае выказванне пра тое, што з’яўляецца органам не караючым, а абараняючым?
— Летась праведзена 54 праверкі выканання працоўнага, зямельнага, прыродаахоўнага, адміністрацыйнага і заканадаўства аб захаванасці маёмасці. Вынесена 338 актаў пракурорскага рэагавання. Рэальнае вяртанне выяўленага ўрону склала больш як 115 мільёнаў рублёў. У сферы абароны правоў грамадзян прад’яўлена 8 іскавых заяў, у тым ліку 4 — маёмаснага характару. У інтарэсах суб’ектаў гаспадарання пракуратурай прад’яўлена 22 іскі ў гаспадарчыя суды на суму больш як 11 мільярдаў рублёў. Строга сочым і за выкананнем падатковага і заканадаўства аб непаўналетніх.
— Аляксандр Паўлавіч, рэаліі сённяшняга дня асаблівыя патрабаванні прад’яўляюць да выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Чым вызначаецца дзейнасць работнікаў прокуратуры ў гэтым накірунку?
— Летась праведзена 6 праверак выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Узбуджана 2 крымінальныя справы. Вынесена 6 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў, афіцыйна папярэджаны 7 асоб на пасадах. Па патрабаванню пракурора 29 — прыцягнуты да дысцыплінарнай, 8 — да адміністрацыйнай адказнасці, 1 — вызвалены ад займаемай пасады. Аднак асноўныя намаганні сканцэнтравалі на прафілактыч-най састаўляючай. Аналізавалі стан карупцыйнай злачыннасці, праводзілі праверкі захавання адпаведнага зака-надаўства. Асаблівую ўвагу ўдзялялі будаўнічай сферы, стратным прадпрыемствам дзяржаўнай формы ўласнасці, ЖКГ, арганізацыям лясной гаспадаркі і аграпрама. Практычна ўсюды ўстаноўлены недахопы. Датычылі яны арганізацыі работы па папярэджванню карупцыйных праяў, фармальнасці ў рабоце адпаведных камісій, невыканання кадравымі службамі патрабаванняў закона пры афармленні абавязацельстваў і ўстаноўленых дзеючым заканадаўствам абмежаванняў, дэкларавання абавязанымі асобамі даходаў і маёмасці, правядзення дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг), тэндэраў і аўкцыёнаў. Дарэчы, апошняе мела месца практычна ва ўсіх правераных арганізацыях, дзе не палічылі патрэбным размясціць у інтэрнэце гадавыя планы дзяржаўных закупак, або размяшчалі няпоўную інфармацыю пра гэта. Нямала выяўлена парушэнняў, звязаных з улікам рабочага часу, выездамі работнікаў арганізацый у рабочы час за межы Рэспублікі Беларусь, унясеннем заведама несапраўдных звестак аб адпрацоўцы асобамі на пасадах устаноўленай нормы рабочага часу пры іх фактычнай адсутнасці на рабоце і г.д.
— Ці часта людзі звяртаюцца ў пракуратуру за дапамогай?
— Летась такіх зваротаў было 263, што на 93 больш, чым у папярэднім годзе. Пераважная большасць вырашана пракурорскімі работнікамі, 110 — накіраваны ў іншыя органы і арганізацыі. Пры наяўнасці падстаў пракуратурай раёна неадкладна прымаюцца меры па ўхіленню выяўленых у ходзе праверак парушэнняў. Так, па звароту жыхаркі г. Мікашэвічы камунальнікамі былі тэрмінова выпраўлены хібы ва ўладкаванні дзіцячай пляцоўкі каля дамоў №№7, 8, 9 па вуліцы Будаўнікоў. Задаволены прэтэнзіі работніцы ПУП “Юна” ў сферы выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства. Дарэчы, праверкамі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян устаноўлены шматлікія парушэнні ў справаводстве некаторых арганізацый. Як правіла, датычылі яны незахавання тэрмінаў разгляду, растлумачэння ўстаноўленага парадку абскарджвання, непрыняцця поўных і дастатковых мер па паступіўшаму звароту і іншае. Варта звярнуць самую пільную ўвагу на работу са зваротамі грамадзян, бо просты чалавек заўсёды павінен заставацца на першым плане.
Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ