“Нешчаслівы” аўтамабіль
Бываюць нешчаслівыя машыны, гэта – 100 працэнтаў. Але вінаваціць машыну ў “дрэнным фэншуі” ці “няправільнай карме” пры любым ДТЗ – несправядліва. Калі хтосьці часта разбіваецца або трапляе яшчэ ў нейкія падсудныя гісторыі, і ўсе грахі пры гэтым перакладае на машыну, то, мабыць, справа не ў транспартным сродку?
У 2008 годзе ў сталічным аўтасалоне сям’я Івановых (прозвішча зменена – аўт.) набыла аўтамабіль “Пежо-308” прыкладна за 20 тысяч долараў ЗША. На суму 16400 долараў узялі крэдыт у банку. Згодна з умовамі крэдытавання трэба было ў абавязковым парадку застрахаваць транспартны сродак. Штогод гаспадыня, на якую быў аформлены аўтамабіль, спраўна перазаключала дагаворы са страхавой кампаніяй і ўплачвала штоквартальна ўзносы. У 2010 годзе сын Павел, пазбаўлены правоў на 3 гады, разам са сваім сябрам Сяргеем пракаціліся на 30 мільёнаў. Менавіта столькі спатрэбілася сям’і Івановых, каб аднавіць аўтамабіль пасля аварыі. Па рашэнню суда Сяргей, які знаходзіўся ў нецвярозым стане і быў на момант ДТЗ за рулём, павінен быў кампенсаваць урон, але зрабіў гэта толькі часткова.
Ішоў час. У Паўла закончыўся тэрмін пазбаўлення права кіраваць транспартным сродкам. Аднак, малады чалавек не спяшаўся на пераздачу экзамена ў МРЭА. А навошта? Маці ж і так дазваляе браць машыну. У ліпені 2013-га Павел папрасіў “Пежо”, каб з’ездзіць у магазін за цыгарэтамі, а потым – за шашлыкамі. Спадзеючыся на “авось”, маці спакойна працягнула ключы, а потым пайшла спаць. Калі ж раніцай не ўбачыла ні машыны, ні сына, захвалявалася…
Пошукі прывялі да Белага возера. Непадалёк ад вадаёма ў кювеце знайшлі аўтамабіль. Людзей у ім не было, пацёкаў крыві таксама. Жанчына вырашыла паведаміць аб ДТЗ у дзяржаўтаінспекцыю. На хаду прыдумала гісторыю, як не справілася з кіраваннем і трапіла ў аварыю. А сапраўдны віноўнік здарэння ў той час спакойна “залёг на дно” ў сваякоў у Жыткавіцкім раёне.
Страхавая кампанія зрабіла ацэнку прычыненых механічных пашкоджанняў, якія пацягнулі на 86,5 мільёнаў рублёў. Аднак атрымаць гэтую суму сям’я так і не змагла. Праўда вельмі хутка “ўсплыла на паверхню”, і ў адносінах да гаспадыні ўзбудзілі крымінальную справу за замах на завалодванне маёмасцю ў буйным памеры шляхам падману (махлярства).
– Калі б я атрымала страхавую выплату, то патраціла б яе на ўплату рэшткаў крэдыту, які брала на куплю аўтамабіля, гэта – 4570 долараў ЗША, – сцвярджала Іванова. – Нажыцца за кошт страхавой кампаніі я не збіралася, а толькі хацела пакрыць страты, прычыненыя аўтамабілю. Калі пісала заяву ў “Белдзяржстрах” нават не ведала пра суму страхавой выплаты.
Між тым, прызнанне віны не пазбавіла жанчыну ад пакарання суда, які прыгаварыў яе да пазбаўлення волі на тры гады з канфіскацыяй паловы належачай ёй маёмасці. У нейкай ступені суд пашкадаваў вінаватую, прымяніўшы адтэрміноўку выканання асноўнага пакарання на тры гады.
У гэтым выпадку не столькі аўтамабіль нешчаслівы, колькі вінаваты неабдуманыя паводзіны яго ўладальніка.
Надзея НЕКРАШЭВІЧ, старшы памочнік пракурора.