Незабыўнае свята ветэранаў
З распадам СССР Дзень міліцыі змяніў “прапіску” ў календары. Цяпер супрацоўнікі органаў унутраных спраў адзначаюць прафесійнае свята 4 сакавіка. А ветэраны па-ранейшаму з хваляваннем успамінаюць Дзень савецкай міліцыі – 10 лістапада.
Урачысты сход афіцэраў, прымеркаваны да Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў, прайшоў у актавай зале РАУС. Сабраўшыхся павіншаваў са святам начальнік аддзела Уладзімір Рыбак і яго намеснік Аляксандр Якавец. Яны адзначылі, што на Лунінеччыне шануюць міліцэйскія традыцыі. Пацвярджэннем таму служыць актыўнасць ветэранскай арганізацыі, якую ўзначальвае Мікалай Мігель. Ён расказаў пра сацыяльную абарону ветэранаў АУС, дапамогу адзінокім і інвалідам. Асобным пунктам акрэсліў работу з моладдзю, выхаванне патрыятызму, павагі да гісторыі міліцыі.
За актыўны ўдзел у прававой і сацыяльнай абароне ветэранаў, патрыятычным і маральным выхаванні супрацоўнікаў РАУС падзячнымі лістамі адзначаны Мікалай Мігель, Іван Тупека, Галіна Бязсілка і Аляксандр Даніловіч.
У гэты ж дзень віншаванні з нагоды атрымання чарговага звання прымалі інспектар ДПС ДАІ Аляксандр Харытановіч – капітан міліцыі, а таксама участковы інспектар ІСН Аляксандр Гнедзька – старшы лейтэнант.
У цёплай абстаноўцы адбылося ўрачыстае мерапрыемства і ў Лунінецкім аддзяленні ўнутраных спраў на транспарце.
Прысутных павіншаваў в.а. начальніка Віталь Рылач. Падзячнымі лістамі адзначаны ветэраны Леанід Шарай, Віталь Рагалінскі, Раіса Чарнавокая і Анатоль Гнедзька. Больш як 10 год Леанід Фёдаравіч узначальваў ветэранскую арганізацыю, праяўляючы актыўнасць і ініцыятыву. Але ўзрост не дазваляе ў такім жа рытме працягваць дзейнасць, таму звярнуўся з просьбай перадаць грамадскія абавязкі больш маладому ветэрану. Аднагалосным рашэннем на гэтую пасаду зацверджаны Віталь Рагалінскі.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых падчас выканання службовых абавязкаў супрацоўнікаў аддзялення і ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі.