Происшествия

Новы дэкрэт у дзеянні

прокуратура28 снежня 2014 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Дэкрэт “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”.

Нарматыўны дакумент накіраваны на забеспячэнне абароны жыцця і здароўя беларускіх грамадзян, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфічнай бяспекі і здароўя нацыі. Уводзіцца комплекс неадкладных мер па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў. Прадугледжваецца максімальная актывізацыя намаганняў дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый.

Да 25 гадоў — за збыт наркотыкаў і прыцягненне да адказнасці — з 14 год

Павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў пры наяўнасці абцяжваючых прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або ў дачыненні да асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі) — з 13 да 15 год; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — з 8 да 15 год; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай — з 15 да 20 год, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 год.

За збыт наркотыкаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку іх спажывання, — пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 год. За незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 12 год. За паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, або знаходжанне на працоўным месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення можна максімальна “зарабіць” абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады.

Зніжаецца ўзрост наступления крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў — з 16 да 14 год.

Штрафы за ўжыванне наркатычных сродкаў

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за паяўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, Тральных установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў аб выяўленых фактах учынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь).

Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на працоўным месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення (з 10 да 12 базавых велічынь); спажыванне наркотыкаў без прызначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічынь).

Спайсы не пройдуць

Замацаваны палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, спайсаў) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Прадугледжваецца ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у краіне.

Кантроль за прадаўцамі наркотыкаў праз інтэрнэт і Адзіная сістэма ўліку наркаманаў

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Рашэнні аб такім абмежаванні прымаюцца Міністэрствам інфармацыі на падставе пісьмовых апавяшчэнняў МУС і з’яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі.

У мэтах павышэння эфектыўнасці прафілактычных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку ў сетцы інтэрнэт, своечасовага выяўлення асоб, занятых у незаконным абароце наркотыкаў, Дэкрэтам ускладаюцца абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў — аналізаваць змест належачых ім інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджвання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў аб спробах распаўсюджвання такіх матэрыялаў.

З 1 сакавіка 2015 года ствараецца Адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

Дэкрэт з’яўляецца своечасовым і будзе спрыяць больш эфектыўнай барацьбе праваахоўных органаў з наркаманіяй, а таксама з асобамі, якія займаюцца збытам наркатычных сродкаў.

 

Андрэй ЛУКАШЭВІЧ,
намеснік пракурора.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть