Паглядзелі, дапамаглі, параілі…
З пачаткам ацяпляльнага сезона ў раёне праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі.
Раніца супрацоўнікаў РАНС пачынаецца з планавых рэйдаў. Задача простая: праверыць, у якіх умовах жывуць сем’і і выхоўваюцца дзеці. Ці адказна ставяцца бацькі да правілаў пажарнай бяспекі? У адзін з дзён наведалі Дварэцкі сельсавет.
Ракітна. У доме па вуліцы Ціхая жыве мнагадзетная сям’я.
– Апавяшчальнікі ў нас ёсць, але, на жаль, не ва ўсіх памяшканнях, – прызнаецца гаспадыня. – У адным няма “сілкавання”. Знялі, каб не “пішчаў” – малога будзіць.
– Апавяшчальнік падаваў знак, што трэба замяніць батарэйку, – растлумачыў старшы інспектар групы прапаганды і навучання Генадзь Кулеш і ўручыў новы прыбор.
Непадалёк у доме, дзе выхоўваюцца трое дзетак, зараз ідзе рамонт. Інспектары звярнулі ўвагу на пячное ацяпленне.
– З надыходам халадоў колькасць “пячных” пажараў павялічваецца. На драўлянай падлозе, перад топкай, неабходна прыбіць металічны ліст. Спыняць паліць печ або грубку пажадана за дзве гадзіны да адыходу да сну, – раіць намеснік начальніка РАНС Эдуард Санюковіч.
Па дарозе ў цэнтр сельсавета выратавальнікі заўважаюць:
– За 2012 год на Брэстчыне з-за дзіцячага свавольства адбылося 60 пажараў. Двое дзяцей загінулі. Сёлета на тэрыторыі раёна ахвярамі агню сталі хлопчык і дзяўчынка 2010 і 2008 гадоў нараджэння. На момант узнікнення ўзгарання брат з сястрой былі адны.
У доме на адной з вуліц Дварца засталі маму з малодшай дачушкай. Жанчына адразу ж прызналася, што ў іх усяго адзін апавяшчальнік. Правяраючыя выправілі сітуацыю.
– Мацаваць апавяшчальнік трэба да столі. Дым, перш чым распаўсюдзіцца па пакоі, спачатку падымаецца ўверх, – гаворыць інспектар Аляксандр Іончыкаў. – Калі столя навясная, прымацуйце да сцяны, але таксама зверху. Усё гэта – базавыя ісціны, якія дарослым паўтараць неяк няёмка. Але – даводзіцца.
У ходзе праверак сур’ёзных небяспечных сітуацый не выяўлена.