Пра рэзанансныя справы і не толькі…
Происшествия

Пра рэзанансныя справы і не толькі…

следственный комитет

У размове ён пазбягае пафасных слоў пра верхавенства закона, трыумф справядлівасці і гонар мундзіра. Не адмаўляючы важнасць для кожнага сапраўднага праваахоўніка гэтых паняццяў, яму ўдаецца застацца даступным і зразумелым чалавекам, якому заўсёды вельмі важна проста  “дакапацца” да ісціны. Гэта – багаж 10-гадовага вопыту следчай работы. Менавіта на такую працу ён сёння нацэльвае і сваіх падначаленых. Госць “Лунінецкіх навін” – начальнік раённага аддзела Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэй ЛУКАШЭВІЧ.

– Андрэй Аляксандравіч, неяк у размове свой пераход  у органы папярэдняга расследавання вы жартам назвалі “вяртаннем да вытокаў”. Яно насамрэч адбылося?

– Безумоўна. І дапамаглі гэтаму не толькі 10 год работы старшым следчым у пракуратуры, куды прыйшоў пасля юрфака Гродзенскага ўніверсітэта, але і яшчэ столькі ж – на пасадзе намесніка пракурора. Сёння работнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуюць усе катэгорыі спраў – забойствы, карупцыйныя злачынствы, крадзяжы… Для нас не бывае дробязяў, бо за кожным выпадкам – людзі. Прычым, не толькі тыя, хто рызыкнуў пайсці на канфлікты з законам, але, у першую чаргу, тыя, хто пацярпеў у выніку неправамерных дзеянняў іншых.

– Ці вызначылі асноўныя “болевыя кропкі” ў рабоце?

– Перш-наперш, варта сказаць, што калектыў, у які прыйшоў, аб’ядноўвае сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Недарма большасць – у званнях маёраў і падпалкоўнікаў. Аднак сказаць, што працуем без сучка і задзірынкі, не адважуся. Ёсць праблемы. І найбольш вострая – аператыўнасць расследавання крымінальных злачынстваў, асабліва тых, што не адносяцца да разраду цяжкіх. Тэрмін, адведзены на іх, удвая меншы за вызначаны заканадаўствам – 1 месяц. Аднак вытрымаць яго, асабліва пры раскрыцці крадзяжоў, атрымліваецца не заўсёды. З гэтай праблемай цесна звязана і наступная – раскрывальнасць злачынстваў, дзе на асноўны вынік зноў-такі адмоўным чынам уплывае статыстыка па ўсё тых жа крадзяжах. На 1 жніўня гэтага года з 83-ох крымінальных спраў падобнага кшталту ў 50-ці наогул не ўстаноўлены рэальныя падазраваемыя. 65 працэнтаў – гэта вельмі многа. Ёсць над чым працаваць. Хацеў бы адзначыць яшчэ адзін аспект, які варта не выпускаць з поля зроку. Маю на ўвазе работу па вяртанню ўрону, прычыненага злачынствамі. На Лунінеччыне ў 90 працэнтах выпадкаў вінаватыя кампенсуюць нанесеную шкоду, і паказчык гэты – адзін з лепшых у вобласці, але заспакойвацца няварта. Думаю, са мной згодзяцца многія: у рэальным пакаранні для злачынцы канчатковую кропку павінна ставіць менавіта кампенсацыя таго, што нясуць з сабою крадзяжы, хуліганствы, эканамічныя злачынствы і іншыя процізаконныя дзеянні.

– Ці здараюцца выпадкі, што па справах, накіраваных у суд, выносіцца апраўдальны прыгавор?

– Вельмі рэдка. Сёлета зарэгістраваны адзін такі выпадак. Крымінальная справа была ўзбуджана ў адносінах да жыхара Мікашэвіч, які з хуліганства разбіў вітрыну прыватнага магазіна. Па гарачых слядах ён прызнаўся ва ўчыненым. Яго паказанні пацвердзіла і сужыцельніца, з-за сваркі з якой адбыўся непрыгожы інцыдэнт. Аднак у судзе малады чалавек поўнасцю адмовіўся ад папярэдніх паказанняў, маўляў, даў іх пад псіхалагічным ціскам работнікаў міліцыі. Быў вынесены апраўдальны прыгавор. Аднак абласная судовая інстанцыя яго адмяніла, і зараз справа – на паўторным разглядзе ў су-дзе. Так што, канчатковая кропка яшчэ не пастаўлена.

– Андрэй Аляксандравіч, скажыце, ці часта даводзіцца сутыкацца з неправамернымі дзеяннямі работнікаў міліцыі? Нядаўна грамадскасць узбударажылі чуткі пра смерць выкладчыка Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў Эдуарда Белавуса. Трапіўшы ў бальніцу, ён заявіў, што пацярпеў ад людзей у форме, якія яго затрымалі…

– Глыбока спачуваю родным і блізкім. Страта бацькі, мужа, сына – вялікая трагедыя. Звесткі з цэнтральнай раённай бальніцы пра тое, што на лячэнні знаходзіцца чалавек, які, па яго словах, пацярпеў ад пабояў міліцыі, паступілі 20 ліпеня. У лячэбную ўстанову тэрмінова выехаў следчы. Эдуард Уладзіміравіч пацвердзіў, што тыдзень таму ён трапіў у спецыялізаваны ізалятар, дзе яго пабілі. Адразу была назначана праверка ўсіх выкладзеных фактаў. Удалося ўстанавіць, што за тыдзень да трапляння ў бальніцу Эдуард Белавус з вуліцы Чырвоная ад гастранома “Лунінецкі” і сапраўды быў дастаўлены ў спецыялізаваны ізалятар, дзе знаходзіўся на працягу прыкладна гадзіны, пасля чаго яго дадому забрала жонка. Тэрмінова была наладжана праверка ўсіх абставін, пры якіх ён затрымліваўся, дастаўляўся і знаходзіўся ў ізалятары. Увесь перыяд знаходжання пацярпелага ў медвыцвярэзніку зафіксавалі камеры відэаназірання. Запісы следчымі канфіскаваны. Між тым, становішча хворага пагаршалася, і ў далейшым ён быў накіраваны ў абласную бальніцу, дзе памёр. Паталага-анатамічнае даследаванне праводзіў спецыяліст высокага класа, галоўны судмедэксперт вобласці Аляксандр Стэльмах. Папярэдняя прычына смерці – сепсіс, агульнае заражэнне крыві. Вывады пакуль рабіць рана, праверка працягваецца. Канчатковае медыцынскае заключэнне будзе таксама гатова пазней. Так ці інакш, юрыдычная ацэнка дзеянням міліцыянераў будзе абавязкова дадзена.

– Вышэй вы сказалі, што вельмі марудна раскрываюцца крадзяжы. А з больш цяжкіх злачынстваў, якія трапілі ў разрад нераскрытых?

– На жаль, нераскрытым пакуль лічыцца разбой, які 4 чэрвеня гэтага года быў учынены ў Сасноўцы дзвюма неўстаноўленымі асобамі ў дачыненні да састарэлай жанчыны. Выйсці на след злачынцаў пакуль не ўдалося. Ёсць больш даўнія справы: двайное забойства ў Ракітна 14-гадовай даўніны, забойства пажылой жанчыны ў Лахве ў 2004-ым,  забойства маці і непаўналетняй дачкі Паўловічаў на хутары Грабнік у 1997-ым… Па гэтых справах няма тэрміну даўнасці. Дарэчы, здараецца злачынцу ўдаецца ўстанавіць зусім выпадкова і нечакана праз шмат год, як гэта было ў пасёлку Палескі, калі зяць у час сваркі забіў цесця і закапаў яго ў двары дома. Забойцу ўстанавілі праз 10 год. Праўда, якраз па гэтай справе выйшаў тэрмін даўнасці. Гэты факт ды тое, што аб-вінавачваемы супрацоўнічаў са следствам, дазволіў яму пазбегнуць заслужанага пакарання. А вось суда сумлення пазбегнуць удасца наўрад ці.

– Не магу не пацікавіцца лёсам нядаўніх карупцыйных спраў, якія таксама на слыху ў людзей. Маю на ўвазе крымінальныя эпізоды ў аддзеле адукацыі райвыканкама, політэхнічным каледжы і ПМК-7.

– Крымінальная справа, узбуджаная супраць галоўнага бухгалтара політэхнічнага каледжа, разгледжана ў судзе. Жанчына поўнасцю кампенсавала прычынены ўрон, актыўна супрацоўнічала са следствам, таму ёй вынесена пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Крымінальная справа ў адносінах да галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі яшчэ не разгледжана ў раённым судзе, а начальніка ПМК-7 – знаходзіцца ў вытворчасці ўпраўлення следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.

– Колькі чалавек працуюць пад вашым кіраўніцтвам?

– 22, з іх 17 – следчых. Заўсёды скрупулёзна падыходзяць да расследавання злачынстваў следчы па асабліва важных справах Аляксандр Гаруноў, старшыя следчыя Мікалай Швед, Аляксандр Гарошка, Яўген Паўлюкавец, Сяргей Чарнавокі. У нашым калектыве – 3 жанчыны. Ім таксама ёсць з каго браць прыклад: Ганна Гарадзецкая аддана даказвае пераемнасць у няпростай прафесіі, працягваючы справу свайго бацькі Мікалая Гарадзецкага, які загінуў пры выкананні службовага абавязку. Дарэчы, сёлета Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь будзе святкаваць першы маленькі юбілей – 5 год з дня заснавання. Да гэтай даты мы ўжо атрымалі выдатны падарунак: Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12 верасня афіцыйна зацверджана Днём работнікаў органаў папярэдняга расследавання. Так што, у нас цяпер ёсць сваё прафесійнае свята.

– Жадаю калектыву раённага аддзела абавязкова сустракаць яго з пачуццём выкананага абавязку
і ўсведамленнем таго, што ўскладзеная на вас няпростая місія падпарадкоўваецца адзіна магчымаму справядліваму апаненту і суддзі – Яго Вялікасці Закону.

Гутарыла Таццяна Вайцяхоўская



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть