У рэйдзе, ці Адзін дзень у ролі інспектара
Мінулую пятніцу супрацоўнікі раённага аддзела МНС пачалі з рэйду, які прайшоў у рамках акцыі «Моладзь за бяспеку». Нічога экстраннага і надзвычайнага. Неабходна было праверыць пажарную бяспеку домаўладанняў, у якіх умовах жывуць мнагадзетныя сем’і і тыя, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама адзінокапражываючыя пенсіянеры і інваліды. Да старшага інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сяргея Неўдаха, які адправіўся ў Багданаўку, далучылася і карэспандэнт «Лунінецкіх навін».
Першы дом. Стукаем у дзверы. На парозе сустракаюць бабуля і гаспадыня з малымі на руках. Усяго ў сям’і – сем чалавек: трое дарослых і чацвёра дзяцей. Дом утульны, чысты. На пытанне, ці ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, паціскаюць плячамі.
– Ведаем, трэба. Але ўсё ніяк рукі не даходзяць набыць.
Праваслаўнае свята Пакровы Багародзіцы і Дзень маці стаў добрай нагодай для падарункаў. Сяргей Неўдах павіншаваў жанчын, уручыў прыстасаванне і правёў прафілактычную размову пра тое, як паводзіць сябе ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, для чаго неабходны апавяшчальнік і, вядома, нагадаў, што малалетніх дзяцей ні ў якім разе нельга пакідаць дома адных.
Гаспадар наступнага дома пражывае сам. На дзвярах – замок. Не паспелі дайсці да аўтамабіля, як пад’ехаў уладальнік.
– Як толькі машыну вашу ўбачыў, адразу ж заспяшаўся. Дарэчы, вы мне патрэбны. Праверце, ці ўсё ў мяне ў парадку!
Сама сабе падумала: «Які адказны грама-дзянін!». Заходзім. У доме поўным ходам ідзе рамонт. У вочы кінулася попельніца на крэсле каля ложка. Пытанне адрасую мужчыне:
– Вы курыце ў ложку?
– Не-не! Што вы! Толькі седзячы …
Маю ўхмылку цяжка было не заўважыць.
– Больш не буду, – запэўніў гаспадар. – Вы скажыце, што не так. Усё зраблю, ухілю. Толькі штраф не пішыце!
– Бяру вас на кантроль, – строга адказаў Сяргей Мікалаевіч. – Комін – пабяліць, прыбіць топачны ліст каля печкі, каб попельніцы паблізу ложка больш не было. Апавяшчальнік ёсць?
– Так! Вось вісіць у гэтым пакоі, але без батарэйкі, яна дзесьці ляжыць, – гаспадар пачынае корпацца сярод працоўнага інструменту. – Дастаў, каб не «пішчала».
Падобны адказ мы ў далейшым пачуем неаднаразова.
– Апавяшчальнік «пішчаў», таму што батарэйка села, яе трэба было замяніць, – тлумачыць інспектар.
– Адкуль жа я ведаў?
Няведанне, як вядома, ад адказнасці не вызваляе. Гаспадару выпісалі папярэджанне.
Развітваемся. Задаю пытанне Сяргею Мікалаевічу.
– Лічыце, усё выправіць?
– Як правіла, абсалютная большасць прадпісанне выконвае. Бо штраф сур’ёзны – да 30 базавых велічынь. Усе, хто атрымае рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў, будуць узятыя на кантроль. Праз некаторы час зноў праверу.
Наступныя адрасы… Сітуацыя аднолькавая: батарэйкі дасталі, апавяшчальнікі не працуюць. Няўжо элементы сілкавання няякасныя?
– Яны працуюць ад «Кроны», зараду хопіць на год-паўтара. Уся справа ў адказнасці людзей, – кажа прадстаўнік РАНС.
Перадапошні дом успамінаю з абурэннем. Галава сямейства, у якім двое дзяцей, з відавочным перагарам пачаў праводзіць экскурсію па жыллю. Ужо ў першым пакоі заўважаем парушэнні.
– Хіба можна захоўваць лучыну на печы!
– А што, не? Яна ж нікому не перашка-джае!
– Я вам раблю заўвагу, што нельга, а вы мне даказваеце адваротнае! Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ёсць?
– Вядома!
З пераможным выглядам гаспадар праводзіць нас на кухню.
– Устаноўка апавяшчальнікаў, дарэчы, абавязковая толькі ў жылых памяшканнях. На кухні манціраваць іх неабавязкова, – канстатаваў Сяргей Мікалаевіч. – Ён працуе?
Гаспадар запэўнівае, што ў яго «ўсё ў страі».
Каб гэта праверыць, дастаткова ўзяць стрыжань або запалку і націснуць на адтуліну ў цэнтры. Калі прыборчык падасць «голас» – значыць, сапраўды працуе. У некаторых мадэляў ёсць спецыяльная тэст-кнопка на корпусе.
На жаль, батарэя ў нашым выпадку зжыла сваё. Інспектар пачынае складаць прадпісанне. Я ў гэты момант фатаграфую названыя парушэнні і працэс запаўнення дакументацыі. І тут, нібы ашалелы, мужчына пачынае кідацца на мяне з пагрозамі разбіць не толькі фотакамеру, але і твар. Акрамя пагроз, пачаў пускаць у ход рукі. «Ды хто ты такая, я – былы «мент»!»
– Ах, былы міліцыянер? Тады павінны добра ведаць артыкулы Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці – «Абраза»!
Тут у гутарку ўступіў інспектар, адзначыўшы, што агрэсару варта папрасіць прабачэння.
– Ну прабачце, нервы здаюць!
– Нервы – лячыце!
Сапсаваны настрой падняў малыш у доме, дзе завяршыўся рэйд. У сям’і – пяць чалавек. З усмешкай нас сустрэлі гаспадыня з немаўлём на руках і 3-гадовы Артур. Тата быў на працы, а старэйшая дачка, на жаль, трапіла ў бальніцу.
Прызнацца шчыра, за 10 хвілін зносін хлопчык пакарыў мяне сваімі недзіцячымі разважаннямі і кур’ёзнымі выказваннямі. Ён насварыўся за тое, што пусцілі ката ў хату, сказаў, што яму «сумно» з намі, атрымаў у падарунак пажарны апавяшчальнік, выслухаў тлумачэнні, для чаго ён патрэбны, і з поўным задавальненнем пайшоў у свой пакой з новымі кнігамі і «размалёўкамі», якія падарыў яму супрацоўнік МНС. Дарэчы, упершыню пачула дыялект багданаўцаў, але так прыгожа ён гучаў толькі з вуснаў гэтага хлопчыка!
Развітваючыся, Сяргей Мікалаевіч нагадаў:
– Устанаўліваць апавяшчальнік трэба на столі. Дым, перш чым распаўсюдзіцца па пакоі, спачатку падымецца ўверх. Калі столь навясная, вырта прымацаваць на сцяне, але таксама ўверсе.
– Бацько зробыць! – падвёў вынік Артур.
Рэйды выратавальнікаў будуць працягвацца.
Наталля Арашкевіч