Закон святкуе наваселле
Работнікі пракуратуры абжываюць новыя ўтульныя кабінеты. Шыкоўны інтэр’ер і сучасная мэбля непазнавальна змянілі памяшканні, дзе пануе закон.
На ўрачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту будынка пракуратуры прыйшлі прадстаўнікі раённай вертыкалі, праваахоўных органаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Пракурор вобласці Іван Наскевіч выказаў словы ўдзячнасці райвыканкаму, раённаму Савету дэпутатаў, РУВП “Граніт”, без чыёй падтрымкі немагчыма было б ажыццявіць задуманае. Падзяку ад вартавых правапарадку атрымаў начальнік ПМК-7 Уладзімір Канапацкі. Будаўнікі гэтай арганізацыі пастараліся не толькі якасна, але і ў максімальна кароткі тэрмін выканаць усе рамонтныя работы.
Падзея і насамрэч значная. Па словах Івана Данілавіча, падобнае ў вобласці здараецца прыкладна адзін раз у 3-4 гады. Прыемна было чуць, што работнікі Лунінецкай пракуратуры заслужылі такі падарунак стараннай працай і адказным стаўленнем да сваіх абавязкаў. Падкрэсліў гэта і старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Кіраўнік раёна запэўніў, што ў будучым больш гожы выгляд набудуць іншыя ўстановы на вуліцы Панцялеева і выказаў спадзяванні на далейшае ўмацаванне правапарадку ў раёне.