Затрымалі «зайца” падчас кантрольных мерапрыемстваў, якія прайшлі на станцыі Лунінец
Акцыя з татальнай праверкай білетаў “Стоп – заяц!” працягвалася толькі адзін дзень, але прынесла вынікі.
Па словах начальніка вакзала станцыі Лунінец Алены Рыхцер, у цягніку рэгіянальных ліній эканом-класа Бухлічы-Лунінец без білета ехала жанчына з Відзібора. Па прыбыцці ў райцэнтр ёй давялося, акрамя кошту праезду, аплаціць штраф. Двум пасажырам, якія хацелі без праязных дакументаў адправіцца ў напрамку Жыткавіч, прапанавалі набыць квіткі ў касе.
Дарэчы, ініцыятыва накіравана не толькі на затрыманне безбілетнікаў, але на павышэнне культуры паводзін у цягніках. Удзельнікам акцыі работнікі чыгуначнага вузла і супрацоўнікі транспартнай міліцыі ўручалі спецыяльныя тэматычныя лістоўкі, расказвалі аб правілах паводзін.
Падобныя мерапрыемствы плануецца праводзіць пастаянна.