«Алімп» — сярэбраны прызёр турніру «Алімпійскія надзеі»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка прыняў удзел у цырымоніі закрыцця турніру па хакеі «Алімпійскія надзеі». Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў усіх удзельнікаў і адзначыў важнасць такіх спаборніцтваў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
«Такія турніры праводзім таму, што гэта аматары: яшчэ маленькія, пачаткоўцы. Можа, яны і стануць некалі прафесіяналамі ў гэтым ужо не толькі мужчынскім відзе спорту. Раней правялі «Залатую шайбу», у якой прынялі ўдзел тысячы дзяцей розных узростаў. Мы далі магчымасць усім жадаючым і тым, хто любіць хакей, паказаць сваё майстэрства. У фінале «Залатой шайбы» тады перамагла каманда «Мядзведзь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У турніры «Алімпійскія надзеі» чатыры лепшыя каманды тых спаборніцтваў зноў скрыжавалі свае клюшкі. У «Грыфонаў» была магчымасць узяць рэванш за паражэнне ў «Залатой шайбе». Яны зрабілі гэта дастойна. Гледзячы на вас усіх, падумаў, што напэўна, будзем хутка змагацца ў фінале чэмпіянату свету. Бо пасля завяршэння выступлення за нацыянальную зборную Антоненкі, Мезіна, Стася, Міхалёва — бездань. Вы — наша надзея і не толькі алімпійская».
Прэзідэнт адзначыў гульню спартсменаў з Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. «У Брэсце і Магілёве хакей пачынаўся на маіх вачах. Вы дастойна змагаліся з грандамі нашага дзіцячага хакея — дзвюма мінскімі камандамі», — сказаў Прэзідэнт.Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў з завяршэннем турніру, падзякаваў трэнерам за падрыхтоўку ігракоў і параіў тым, хто прайграў, не засмучацца. «Паражэнні загартоўваюць характар», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў і бацькам за падрыхтоўку дзяцей. «Без вас іх не было б тут. Ведаю, колькі працы і цярпення аднімае падрыхтоўка хакеіста. Паверце, гэта ўсё акупіцца ў сто разоў. Хлопцы вырастуць сапраўднымі патрыётамі нашай краіны», — упэўнены Прэзідэнт.