Быць у прызёрах!
Да 8 жніўня працягнецца перапынак у чэмпіянаце краіны па футболе ў вышэйшай лізе. Аб тым як правяла каманда “Граніт» першы круг і якія задачы стаяць перад клубам, вядзем гутарку з галоўным трэнерам Валерыем БАХНО.
— У цэлым, згулялі годна, калі не ўлічваць два разгромныя паражэнні. Яшчэ раз прашу прабачэння ў балельшчыкаў. Мы не мелі права так гуляць, тым больш перад тымі, хто падтрымлівае нас на працягу многіх сезонаў.
— Якія гульні лічыце найбольш удалымі?
— Задавальненне прынеслі паядынкі са “Славіяй”, “Шахцёрам”, жодзінскім “Тарпеда-БЕЛАЗ”, на выездзе — са “Слуцкам”. Нават, нягледзячы на тое, што прайгралі “БАТЭ” і мінскаму “Дынама”, гэтыя сустрэчы правялі нядрэнна.
— Хто з ігракоў парадаваў больш?
— Кагосьці выдзеліць складана. Робім стаўку на калектыўную гульню. I з гэтай задачай спраўляемся. Спадзяюся, надалей будзем трымацца такой тактыкі, якая звычайна прыносіць чакаемы вынік.
— Аднак, калі з абаронай больш-менш спраўляецеся, то ў нападзенні ёсць прабелы.
— Згодны. Наша бяда — шмат нерэалізаваных галявых момантаў. Ёсць над чым працаваць.
— Зараз адчынена трансфернае акно. Ці плануеце ўнесці карэктывы ў асноўны склад?
— Па двухбаковаму пагадненню пакінуў каманду Дзмітрый Хлебасолаў, які перайшоў у “Віцебск”. Плануем узяць 1-2 футбаліста, але кантракты пакуль не падпісаны. Зараз на праглядзе знаходзіцца выхаванец данецкага “Шахцёра”. Канчатковае рашэнне па ўсіх “навабранцах” будзе прынята пазней.
— У якой фізічнай форме знаходзіцца каманда?
— Трэніроўкі праводзім у штатным рэжыме. Праўда, з-за траўмаў па індывідуальных планах вядуць падрыхтоўку Аляксей Цімашэнка, Валерый Каршакевіч і Ілья Гаўрылаў. Але, спадзяюся, да гульні з “Нафтанам” уся каманда будзе ў баявой гатоўнасці.
— Як думаеце, на што зможаце разлічваць па выніках чэмпіянату?
— “БАТЭ” лідзіруе з адрывам, мінскія “дынамаўцы” таксама наўрад ці здадуць пазіцыі. А вось прэтэндэнтаў на бронзу не так многа, і ў нас ёсць рэальны шанц замахнуцца на трэцюю прыступку. Вельмі разлічваю на нашых балельшчыкаў. Без іх падтрымкі нам складана будзе дасягнуць жадаемага выніку.
— Што ж, поспехаў вам і ажыццяўлення мар!