Да сустрэчы, «Дэльфін»!
Спартыўны сезон у ДЮСШ па плаванню завершаны. Настаў час падвесці вынікі. Адміністрацыя і трэнерскі калектыў пастараліся зрабіць гэта ярка, урачыста і святочна.
Задоўга да пачатку лінейкі бацькі і навучэнцы спартыўнай школы сталі збірацца каля басейна “Дэльфін”. Трэба сказаць, сумаваць ім не давялося. Гучала музыка, а правесці некалькі хвілін на лаўках у кветкавым “царстве”– адно задавальненне.
Урачыстасць адкрыў “Венскі вальс” у выкананні танцавальнага калектыву “Мірыданс”, многія ўдзельнікі якога з’яўляюцца навучэнцамі ДЮСШ па плаванню. Павіншавалі юных спартсменаў з заканчэннем сезона трэнеры. Кожны з іх падрыхтаваў для сваіх падапечных падзячныя лісты. Трэба было бачыць, як ззялі вочы малышоў, калі ім уручалі такія важныя знакі ўвагі за іх самаадданасць, цярплівасць і імкненне авалодаць сакрэтамі ўсіх відаў плавання. Цёплымі словамі вітала навучэнцаў і іх бацькоў старшы трэнер-выкладчык Марыя Самандык.
Алімпійскіх вяршынь юныя плаўцы яшчэ не дасягнулі, але сярод іх ужо ёсць лідары. Так, у дзясятку лепшых спартсменаў трапілі Дзяніс Яраховіч, Маргарыта Вярэніч, Іван Занько, Руслан Кругавец, Сяргей Прытуленка, Арсеній Дударга, Вольга Жук, Мікіта Раковіч, Марына Серада і Дзяніс Грышко.
Адміністрацыя ДЮСШ вылучыла яшчэ адну намінацыю “Спартсмен-навучэнец года”. Сёлета гэтага звання ўдастоена Аліна Трухановіч. Дырэктар спартыўнай установы Аксана Кулакевіч уручыла дзяўчынцы вымпел, кубак і адпаведны дыплом. У заключным слове Аксана Сцяпанаўна павіншавала ўсіх з заканчэннем спартыўнага сезона і выказала спадзяванне, што ўсе навучэнцы працягнуць трэніроўкі ў наступным вучэбным годзе і абавязкова змогуць дабіцца поспеху як у спорце, так і ў жыцці.