Дарога ў фінал з «Кока-Колай»
Спорт

Дарога ў фінал з «Кока-Колай»

финал с кока-кола

“Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!” быў заснаваны ў 2012 годзе па ініцыятыве вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”.

Сёлетні сезон праходзіць у 3 этапы. На першым – самым масавым этапе спаборніцтваў – прынялі ўдзел 44 139 ігракоў. Гэта ўдвая больш у параўнанні з папярэднім годам. У рэгіянальных паўфіналах на другім этапе спаборніцтваў прынялі ўдзел амаль 150 дружын з усёй рэспублікі.

Каманда лунінецкай СШ №2 трэці год удзельнічае ў гэтым спаборніцтве. Нагадаем, што летась на заключным этапе ў Мінску яна стала сярэбраным прызёрам. Сёлета юныя футбалісты Лунінеччыны зноў прымусілі загаварыць пра сябе. Упэўненая перамога на раённым этапе адкрыла шлях на рэгіянальны.
Брэстчына наогул славіцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі і збудаваннямі, таму сімвалічна, што рэгіянальныя паўфіналы прайшлі адразу ў чатырох гарадах.

Пінская “Акадэмія футбола” прыняла 8 каманд юных ігракоў, у тым ліку і лунінецкай СШ №2. У такім значным для дзіцяча-юнацкага футбола Беларусі месцы хлопцы проста не маглі дзейнічаць упаўсілы. І яны гулялі, як сапраўдныя прафесіянальныя футбалісты, часам капіруючы гульнявыя звычкі зорак. Нехта заўважыў, што нападаючы лунінецкай каманды Яўген Апанасовіч рухаўся па полі са спушчанымі гетрамі. Менавіта так робіць Аляксандр Глеб. Дарэчы, і манерай гульні гэты форвард быў падобны на былога іграка “Арсенала” і “Барселоны” – стараўся гуляць у дробны пас, не баяўся рабіць вострыя перадачы. Зусім не выпадкова, што менавіта лунінецкая каманда ў выніку заваявала права выступіць у рэгіянальным фінале ў Брэсце  разам з дружынай Пінскага раёна.

Як расказаў кіраўнік каманды Віктар Вайцяхоўскі, на спаборніцтвы ў абласны цэнтр ехалі з пазітыўным настроем і разлічвалі на поспех. На стадыёне “Юнацтва” адбылася жараб’ёўка, згодна з якой сапернікамі лунінчан сталі вучні СШ №20 г. Баранавічы, СШ №16 г. Брэста і Драгічынскай СШ. Паядынкі праходзілі ў фармаце 1 тайм працягам у 15 хвілін на палову поля. У выніку ва ўсіх гульнях зборная лунінецкай СШ №2 узяла верх. З лікам 3:0 абыгралі баранавіцкіх школьнікаў, 2:0 – брэсцкіх, 2:1 – драгічынцаў. У фінале нашым землякам супрацьстаяла каманда баранавіцкай СШ №17. І тут таксама поспех быў на баку лунінчан – 1:0.

Пераможцы ўзнагароджаны Кубкам, дыпломамі, медалямі, падарункамі ад “Кока-Колы” і пуцёўкай на заключны этап рэспубліканскага турніру. На працягу ўсіх паядынкаў юных футбалістаў падтрымлівалі настаўнікі Віктар Вайцяхоўскі і Аляксандр Аляшкевіч.

У Мінск лунінецкая каманда адправіцца на аўтобусе, які прадаставіць Беларуская федэрацыя футбола. 1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей вучні СШ №2 будуць зноў весці барацьбу за галоўны трафей спаборніцтваў.

Пераможцаў турніру заахвоцяць магчымасцю правесці сумесную трэніроўку з ігракамі Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па футболе, а таксама паездкай на матч Беларусь-Францыя, які пройдзе 6 верасня на футбольным стадыёне «Барысаў-Арэна».

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть