Галоўны трафей дастаўся ўкраінцам
Спорт

Галоўны трафей дастаўся ўкраінцам

валейболТрадыцыйны турнір па валейболе сярод ветэранаў на Лунінеччыне праводзіўся ў чацвёрты раз.
Ігракі, узрост якіх перабольшваў 40 год, сабраліся ў спартыўнай зале СДЮШАР. Амаль 5 гадзін каманды з Пінска, Жыткавіч, Століна, Лунінца і Ракітнага (Украіна) вялі барацьбу за кубак. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме, таму важным быў кожны сэт.
Госці з Украіны набралі 12 ачкоў і перамаглі. Столінцы з 8 ачкамі занялі другое месца. А бронзавая ўзнагарода дасталася гаспадарам.
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і сувенірамі, падрыхтаванымі РФСК “Здароўе” і раённай арганізацыяй “Беларускі фонд міру”. Адзін з ініцыятараў турніру Аляксандр Мірановіч арганізаваў экскурсію па гораду.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся лепшы ігрок спаборніцтваў Ігар Тартакоўскі (Украіна):
– Вялікі дзякуй за гасціннасць і цудоўнае спартыўнае свята. Вельмі ўразіў горад чысцінёй, зялёнымі насаджэннямі, кветкавым убраннем, кампактнасцю, зразумела ж, сваімі жыхарамі з адкрытымі поглядамі і шчырымі ўсмешкамі. Нам многаму можна павучыцца ў вас. У тым ліку – адносінам да спорту. Мы назіралі за спаборніцтвамі юных лёгкаатлетаў, што праходзілі на стадыёне і трэніроўкамі футбалістаў. Гэта выдатна, што ў вас наладжана сістэма падрыхтоўкі спартсменаў. Ад убачанага сэрца напаўняецца радасцю і гонарам.

 

АЛІМПІЙСКІЯ ДНІ МОЛАДЗІ
сабралі ў Брэсце лепшых лёгкаатлетаў вобласці 1997-98 гадоў нараджэння.

Каманда Лунінецкай СДЮШАР выступіла вельмі роўна і заняла 5 месца. У асабістым першынстве Павел Дырда паказаў высокі вынік на дыстанцыі 200 метраў – 23,79 секунды – і стаў бронзавым прызёрам. Антон Кунахавец заваяваў серабро ў бегу на 400 метраў з бар’ерамі, а бронза на гэтай жа дыстанцыі сярод дзяўчат дасталася Алесі Жук. Двойчы прызёрам стала Таццяна Зосіч: другое месца ў скачках у вышыню і трэцяе – у кіданні кап’я. У кроку ад п’едэстала спыніліся Раман Кагінян (скачкі ў даўжыню), Яўген Раманоўскі (трайны скачок) і Стэфан Малахаў (400 метраў з бар’ерамі).

УПЕРШЫНЮ – З КУБКАМ
У фінальнай частцы раённай спартакіяды школьнікаў па футболе бралі ўдзел 4 мацнейшыя каманды – пераможцы занальных спаборніцтваў. Гэта – зборныя Дзятлавіцкай СШ, лунінецкай СШ №2, мікашэвіцкай СШ №2 і ліцэя.
Цікава, што лёс амаль усіх фінальных паядынкаў вызначыла пенальці. Так, асноўны час у матчах паміж дзятлавіцкімі і мікашэвіцкімі школьнікамі, лунінецкай СШ №2 і ліцэем завяршыўся нулявой нічыёй. А вось па серыі 11-метровых лепшымі аказаліся ліцэісты і вучні мікашэвіцкай СШ №2, якія і згулялі за першае месца. Перамаглі лунінчане з лікам 2:0. Прычым, каманда ліцэя ўпершыню заваявала чэмпіёнскі тытул і пераходны кубак. А вось бронзавымі прызёрамі сталі дзятлаўчане, якія, дарэчы, узялі верх над СШ №2 г. Лунінца па серыі пенальці (4:2, асноўны час завяршыўся лікам 1:1).
Настаўнік фізкультуры ліцэя Уладзімір Вабішчэвіч:
– Мы вельмі задаволены такім поспехам. Першы кубак па футболе ў спартакіядзе – гэта выдатна! Спа-дзяюся, што ў далейшым пастараемся даказаць, што перамога не была выпадковай. У нашай камандзе шмат “учарашніх” вучняў лунінецкай СШ №2, таму вялікі дзякуй калегам, у тым ліку і трэнерам СДЮШАР.

 

САПЕРНІКІ ПОБАЧ
Усё цікавей разгортваецца барацьба паміж камандамі першай лігі, якія маюць намер трапіць у наступным сезоне ў вышэйшы дывізіён.
У іх ліку і “Граніт”. У апошніх трох матчах мікашэвіцкім футбалістам не ўдавалася паразіць вароты сапернікаў: дзве нулявыя нічыі і паражэнне ад “Смалявічы-СТІ” – 0:1. Вядома, пасля такой не зусім пазітыўнай серыі ўсе чакалі выніковай гульні.
На дамашні матч з дэбютантам першай лігі “Гомельжелдортрансам” настройваліся па-баявому. На працягу ўсёй сустрэчы адчувалася, што па класе “гранітаўцы” вышэй, але зноў мяч доўга не ўлятаў у вароты: то варатар выратоўваў, то пралятаў у сантыметрах ад штангі. У першым тайме мелі магчымасць вызначыцца Дзмітрый Ігнаценка і Андрэй Шэракоў. Можна сказаць, што гэта была рэпетыцыя. У другой палове сустрэчы менавіта яны прынеслі перамогу “Граніту”. На 62-ой хвіліне Дзмітрый Ігнаценка завяршыў імклівую атаку сваёй каманды. Другі нападаючы Андрэй Шэракоў на апошняй, трэцяй хвіліне, дабаўленай арбітрам да асноўнага часу, абыграў двух абаронцаў і забіў другі мяч у вароты гасцей. 2:0 – заслужаная перамога мікашэвіцкай каманды.
У наступным туры ў суботу, 31 мая, “Граніт” згуляе на выездзе з лідарам “Рэчыцай-2014”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть