Лепшыя на Брэстчыне
Спорт

Лепшыя на Брэстчыне

Учора каманда Лунінецкага раёна заняла першае агульнакаманднае месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў па лёгкай атлетыцы.

Спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі юныя  спартсмены 2003 года нараджэння і мала-дзейшыя, адбыліся ў Брэсце. Шэсць разоў лунінчане паднімаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару і двойчы – на трэцюю.

У асабістым заліку пераможцамі сталі Ганна Косач (трайны скачок), Кацярына Жукоўская (60 метраў з бар’ерамі), Арцём Леўшыц (кіданне кап’я), Арцём Шкут (шасцібор’е), Дзяніс Самандык (скачкі з шастом і трэцяе месца – скачкі ў вышыню) і Кірыл Канапацкі (бег на 2000 метраў і трэцяе месца – на 1000 метраў). Заліковыя ачкі камандзе прынесла і Анастасія Жукава.

 

 

Алімпійскія Дні моладзі

сабралі ў абласным цэнтры лёгкаатлетычныя каманды з усіх раёнаў Брэстчыны.

Лунінчане выступілі паспяхова, папоўнішы сваю скарбонку шасцю дыпломамі. Пераможцамі ў скачках з шастом сталі Юлія Курак і Дзяніс Жук. У гэтым жа відзе праграмы другое месца заняла Кацярына Ліпская. Сярэбраным прызёрам у скачках у вышыню стаў Ігнат Сайко. Бронзавых узнагарод удастоены Міхаіл Вішнявецкі ў бегу на 110 метраў з бар’ерамі і Валянціна Лубнік на 100-метроўцы.

У камандным заліку нашы землякі занялі чацвёртае месца.

 

Расчараванне балельшчыкам

прынесла паражэнне “Граніта” ў матчы 9-га тура з ФК “Слонім-2017”.

На жаль, не ўдалося мікашэвіцкай камандзе прадэманстраваць такую ж выдатную гульню, як у папярэднім дамашнім матчы з “Лучом”. Прапусцілі крыўдны першы мяч на 24-ай хвіліне і далі замацаваць перавагу гаспадарам адразу ж пасля перапынку. У гульні “гранітаўцаў” назіралася шмат браку ў сярэдзіне поля, а таксама частыя парушэнні, якія прыводзілі да непатрэбных штрафных.

Толькі на 86-ай хвіліне выйшаўшы на замену Андрэй Антанюк змог адыграць адзін мяч. Быццам і заставаўся час, каб звесці гульню на нічыю, але гаспадары, як звычайна бывае ў такіх сітуацыях, “заселі” ў абарону і “цягнулі” яго. 2:1 – канчатковы лік у матчы “Слонім-2017” – “Граніт”.

У суботу, 10 чэрвеня, на стадыёне “Палессе” “Граніт” будзе прымаць лідара – “Смалявічы-СТІ”. Пачатак гульні – у 18 гадзін.

 

У кроку ад п’едэстала

спынілася каманда нашага раёна ў абласной спартакіядзе школьнікаў па футболе.

У фінальны раўнд, які праходзіў у Пінску, трапілі 6 мацнейшых каманд юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння. Упершыню ў іх ліку аказаліся і нашы землякі. Няпроста складваліся паядынкі са зборнымі Брэста, Пінска і Баранавіч, у якіх лунінчане аказаліся слабейшымі. Над камандай Івацэвіцкага раёна ўзялі верх – 3:1, а з футбалістамі Жабінкаўскага – згулялі ўнічыю (2:2). У выніку наша каманда заняла 4-ае месца.

Адначасова ў Брэсце праходзіў фінал Дзіцячай футбольнай лігі (2005-2006 гады нараджэння).

У яго таксама прабілася каманда з нашага раёна. У кожным паядынку хлопчыкі ўпарта змагаліся, але падняцца вышэй за 6-ае месца ім не ўдалося.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть