Спорт

Мары з крыламі

Кажуць, што падзяка – гэта памяць сэрца. Ці не таму ў самых патаемных кутках душы ў чалавека захоўваюцца самыя высокія пачуцці ў адносінах да тых, хто паўплываў на яго лёс або дапамагаў каваць характар, падштурхоўваў да вяршыняў майстэрства? Для Кацярыны Вароніч такім чалавекам з’яўляецца трэнер СДЮШАР па лёгкай атлетыцы Валерый Жукоўскі. Менавіта таму яна вырашыла пайсці па слядах свайго настаўніка і паступіла сёлета на факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Спецыяльнасць, якую выбрала, дазволіць не толькі быць трэнерам ці выкладчыкам, але і прымяняць атрыманыя веды ў сферы фізічнай рэабілітацыі і эргатэрапіі.

У секцыю лёгкай атлетыкі прыйшла ў сёмым класе пасля таго, як у складзе групы спартсменаў наведала санаторый “Світанак”. На такі адпачынак спакусіла стрыечная сястра Ірына Ванюк, якая ў той час была лепшай на Брэстчыне ў скачковых дысцыплінах і спрынтарскім бегу. Можна сказаць, што з таго часу Кацярына таксама “захварэла” спортам. На трэніроўкі збіраліся дзяўчынкі з розных школ, з рознымі характарамі і рознымі марамі. У іх ліку рэкардсменка Беларусі ў спрынтарскім і бар’ерным бегу на 60 і 100 метраў сярод спартсменаў да 18 год Вікторыя Захарчук, пераможца рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў Ірына Ванюк, навучэнка Брэсцкага вучылішча Алімпій-скага рэзерву Валянціна Лубнік і многія іншыя. Усіх іх аб’ядноўвала любоў да лёгкай атлетыкі.

– Мы засвоілі галоўныя ісціны: у кожным спартсмене павінен быць першапачаткова закладзены кодэкс гонару, унутраная этыка атлета-рыцара, – расказвае Кацярына. – А гэта, безумоўна, уключае ў сябе вытрымку, павагу да саперніка, пераадоленне ўласных слабасцей і недахопаў… Трэніроўкі даюць магчымасць адчуць радасць уласных дасягненняў. Спачатку не атрымліваецца нават мячык спыніць, калі гуляеш у футбол, а потым – займаеш прызавыя месцы на спаборніцтвах! І ты разумееш цану прыкладзеных намаганняў і работы над сабой. Акрамя таго, усведамляеш, што настойлівасць добра дапамагае ў дасягненні любых мэт, не толькі спартыўных.

Кацярына Вароніч неаднаразова станавілася пераможцай раённай спартакіяды школьнікаў, розных міжраённых турніраў, выканала нарматыў першага дарослага разраду. Яна марыць і надалей трэніравацца, удасканальваць майстэрства, працягваць актыўны лад жыцця і далучаць да гэтага іншых.

– Лічу, што кожны чалавек павінен займацца спортам, – сцвярджае дзяўчына. – Калі не спортам, то хаця б уключаць у свой расклад дня абавязковыя прабежкі ці заняткі ў трэнажорнай зале. Для сябе вызначыла некалькі прычын, чаму гэта неабходна рабіць. Першая, яна ж і асноўная, гэта – здароўе. Вядома, што фізічныя нагрузкі ўзмацняюць сэрца, нармалізуюць ціск, станоўча ўздзейнічаюць на работу ўсяго арганізма. Другая прычына – гэта добры настрой. Пасля фізічных практыкаванняў чалавек амаль заўсёды адчувае прыліў сіл; яго маральны дух – на вышыні, псіхічны стан – выдатны, жыццёвы тонус – максімальна актывізаваны. А яшчэ спорт – лепшы сродак ад дэпрэсіі, бо ён дапамагае на час ад-хіліцца ад праблем і непрыемнасцей, паглядзець на іх пад іншым вуглом. Трэцяя прычына – спорт умацоўвае веру ў сябе і свае сілы, павышае самаацэнку, развівае волю, робіць мацней. Чацвёртая – адна з найбольш прыемных, бо яна непасрэдна звязана са знешнім выглядам чалавека. Мець прыгожую фігуру для многіх, асабліва прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, з’яўляецца самай моцнай матывацыяй. Займаючыся спортам, чалавек можа крута змяніць сябе і сваё жыццё. І гэтаму ёсць вя-лікая колькасць пацвярджэнняў. Многім ён дапамагае пазбавіцца ад шкодных звычак, змяніць кола зносін, знайсці новых сяброў.

Для таго, каб пачаць заняткі, не трэба валодаць нейкімі асаблівымі навыкамі або ведамі. Важна толькі жаданне і здольнасць знайсці ў сабе сілы зрабіць першы крок насустрач спорту. Я зрабіла яго. І цяпер у маіх мар ёсць крылы, таму яны абавязкова спраўдзяцца.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть