Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

На старце лёгкаатлетычнага сезона

На старце лёгкаатлетычнага сезона

На старце лёгкаатлетычнага сезона

Традыцыйна лёгкаатлетычны сезон на Лунінеччыне адкрывае раённы крос. Каманды адукацыйных школ сабраліся ў сасновым бары, што побач з лунінецкай гімназіяй.

Першымі ў барацьбу ўступілі самыя маленькія ўдзельніцы – дзяўчынкі 2005-2006 гадоў нараджэння. Лепшы вынік з трох забегаў на 500-метроўцы паказала, як і летась, Лізавета Канапацкая з мікашэвіцкай СШ №1. Ва ўпартай барацьбе на фінішы яна абышла Дар’ю Кіслюк з Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага. Трэцім прызёрам стала яшчэ адна прадстаўніца гэтай навучальнай установы – Вікторыя Танчынская. Хлопчыкі стартавалі на дыстанцыі 1000 метраў. Тут вызначыўся Дзяніс Шчатко з Вялікачучавіцкай СШ. Як прызнаўся сам пасля фінішу, ён шмат трэніруецца, прычым, самастойна. Чытыры разы на тыдзень удасканальвае вынослівасць, пераадольваючы доўгія дыстанцыі. Дзмітрый Гатчэня з СШ №1 г. Мікашэвічы – мінулагодні пераможца ў гэтай дысцыпліне – на гэты раз заняў другое месца, а яго калега па школе Ілья Крывулец фінішаваў трэцім.

У дзяўчат сярэдняй узроставай групы (2003-2004 гадоў нараджэння) на дыстанцыі 1000 метраў перамагла Святлана Чарняковіч з Любачынскай СШ. На другім і трэцім месцах размясціліся Анастасія Кавалевіч з Багданаўскай СШ і Софья Клімовіч з мікашэвіцкай СШ №2. У юнакоў першым фінішаваў Антон Верас з Дварэцкай СШ. На другую прыступку п’едэстала гонару падняўся Станіслаў Арашкевіч з лунінецкай СШ №3, на трэцюю – Аляксандр Кавалевіч з Багданаўскай СШ.

У старэйшай узроставай групе ў бегу на 2000 метраў па-за канкурэнцыяй была прадстаўніца мікашэвіцкай СШ №1 Валерыя Макаед:

– Упершыню стартавала на такой доўгай дыстанцыі. Не думала, што бу-дзе так цяжка, але вельмі задаволена, што змагла перамагчы.

Іна Емельяновіч з Любачынскай СШ паказала другі вынік, а трэцім прызёрам стала Дар’я Кіслюк з гімназіі імя У. Нядзведскага.

2 кіламетры ў юнакоў хутчэй за ўсіх пераадолеў выхаванец лунінецкай СШ №1 Міхаіл Буйніч. Сярэбранай узнагароды ўдастоены Дзмітрый Паповіч з мікашэвіцкай СШ №2, бронзавай – Арцём Бяляк з Вялуцкай СШ.

Па выніках гэтых спаборніцтваў сфарміравана каманда раёна, якая ў бліжэйшыя выхадныя выступіць на абласным кросе ў Кобрыне.    

 

← Предыдущая новость Следующая новость →