Не прайшлі «Гарадзею»
Спорт

Не прайшлі «Гарадзею»

У мінулую суботу на стадыёне сабраліся футбольныя балельшчыкі, каб падтрымаць нашых землякоў у матчы 1/16 фіналу Кубка Беларусі.

“Граніт” прымаў каманду вышэйшага дывізіёна “Гара-дзею”. У радах саперніка былі ігракі, прозвішчы якіх даволі знаёмы лунінчанам. У прыватнасці, Дзмітрый Ігнаценка, які на працягу многіх год выступаў за “чырвона-сініх”. Менавіта яго балельшчыкі віталі апладысментамі. А потым з трыбун гучалі паўжартоўныя просьбы: “Дзіма, па старай памяці, забі адзін гол у свае вароты…”. Аднак, гэтага не адбылося, і “Гарадзея” яшчэ да перапынку вырашыла пытанне з выхадам у наступны этап спаборніцтваў. Гэтаму паспрыялі 2 галы ў выкананні Дзмітрыя Лебедзева.

15 ліпеня, у суботу, у рамках 14-га тура чэмпіянату Беларусі ў першай лізе “Граніт” будзе прымаць “Тарпеда” (Мінск).

 

Перамога ў гонар вызвалення лунінеччыны

У панядзелак на стадыёне “Палессе” адбыўся турнір па міні-футболе сярод дваровых каманд, прысвечаны вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У барацьбу ўключыліся 7 каманд, прычым, у трох з іх бралі ўдзел падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, назіраць за гульнямі было цікава, бо падзеі амаль у кожным паядынку развіваліся драматычна. Пераможцай стала каманда “Язвінкі”, якая ў фінальным матчы па пенальці перайграла “Яму” з Мікашэвіч. Трэцім прызёрам стала зборная “ІСН”, а яе капітан Анатоль Марцінкоўскі прызнаны лепшым іграком турнірe. Каманда “Адзі-дас” адзначана прызам за волю да перамогі. На месцах з 5-га па 7-ае размясціліся “Заходні”, “Дзятлавічы” і “Юнацтва”.

Арганізатары спаборніцтваў РФСК “Здароўе” паклапаціліся аб прызах і кубках, якія ўручыў пераможцам і прызёрам кіраўнік клуба Сяргей Хлуд.

 

«Бронзавы» кубак

На працягу трох дзён у Мінску мотабольны клуб “Лунінец” удзельнічаў у кубкавых баталіях.

Нашы землякі прайгралі мінскай камандзе “Зара” 1:4 (у лунінчан вызначыўся Сяргей Казун) і пінскаму “Аўтамабілісту” 0:4. “Лунінец” узяў верх у паядынках з СДЮСТШ (Мінск) – 3:1 (галы забілі Аляксандр Лужанін – 2 і Сяргей Казун – 1), “Гродна” – 4:2 (Сяргей Казун – 3, Сяргей Рымкевіч – 1).

У выніку лунінчане сталі бронзавымі прызёрамі Кубка Беларусі па мотаболе. Да таго ж, Сяргей Гнедзька атрымаў узнагароду, як лепшы суддзя спаборніцтваў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть