Першы міжнародны турнір
Першы міжнародны турнір па водным пола стартаваў напярэдадні Каляд у басейне “Дэльфін”.
Для Лунінца – гэта новы від спорту, які робіць толькі першыя крокі. Пакуль у нас няма такой каманды, якая можа выступаць на міжнародным узроўні, таму юныя лунінчане назіралі за ходам спартыўных падзей з трыбуны. Пяць юнацкіх каманд з Масквы, Кішынёва (2), Гомеля і Харкава ўступілі ў барацьбу за тытул пераможцы. Масквічы летась былі лідарамі міжнароднага турніру ў Рызе. Малдаўскія спартсмены чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі сваёй краіны, а ў 2015-ым – адкрытага першынства Румыніі. Харкаўчане таксама маюць у сваёй скарбонцы чэмпіёнства Украіны. Каманда з Гомеля летась стала прызёрам рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў і Алімпійскіх дзён моладзі.
Удзельнікаў спаборніцтваў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч:
– Воднае пола – захапляючы від спорту, які фізічна загартоўвае, фарміруе характар, вучыць перамагаць і паважаць саперніка. Усе гэтыя якасці дапамагаюць дабівацца поспеху не толькі на спартыўнай арэне, але і ў жыцці.
Анатоль Міхайлавіч выказаў упэўненасць, што турнір падорыць удзельнікам і балельшчыкам незабыўныя ўражанні ад бескампраміснай барацьбы, пажадаў добрага настрою і прыемных сустрэч на лунінецкай зямлі.
З прывітальным словам выступіў галоўны суддзя спаборніцтваў, суддзя Нацыянальнай катэгорыі Рэспублікі Беларусь Віктар Бяленка. Ён прадставіў калег, якія будуць абслугоўваць матчы.
У першым паядынку сустрэліся дзве кішынёўскія каманды. Трэнер каманды “Малдова-1”, якая захапіла лідарства, Мікалай Будон падзяліўся ўражаннямі:
– У Лунінец прыехаў у другі раз. У нашай камандзе юнакі 2001-2002 гадоў нараджэння. Многія з іх займаюцца ватэрпола 4-5 год. Рады, што нас запрасілі на Калядны турнір. У райцэнтры – выдатная спартыўная база. У нас, у Кішынёве, дзе насельніцтва больш за 1 мільён, усяго адзін спецыялізаваны басейн для воднага пола. Ваш, хаця крыху меншы за стандартны для юнакоў, даволі ўтульны і дазваляе праводзіць якасныя заняткі. Будзем рады, калі ў наступны раз нашымі сапернікамі будуць лунінчане.
Імёны пераможцаў стануць вядомы на гэтым тыдні. Аб тым, каму дастанецца галоўны трафей спаборніцтваў, чытайце ў “Лунінецкіх навінах”.