Першы старт асенняга сезона
Спорт

Першы старт асенняга сезона

лёгкаяяяЗдаецца, толькі пачаўся навучальны год, а юным лёгкаатлетам ужо давялося трымаць першае выпрабаванне. У Брэсце адбылося абласное першынство сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2001 гадоў нараджэння.
На працягу двух дзён юныя спартсмены вялі барацьбу на бегавых дарожках і сектарах для скачкоў і кіданняў. Выхаванцы СДЮШАР заваявалі 9 дыпломаў і занялі другое месца, прапусціўшы наперад драгічынцаў. У асабістым заліку вызначыліся Кірыл Яфімаў з Палескага, які стаў пераможцам у кіданні кап’я – 37 метраў 17 сантыметраў. На дыстанцыі 300 метраў з бар’ерамі ўвесь п’едэстал быў лунінецкім: Міхаіл Вішнявецкі, Дзяніс Дырда і Аляксандр Гарадкавец занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. У трайным скачку недасягальным для сапернікаў стаў Уладзіслаў Крышталь, а бронзавым прызёрам – Мікіта Макараў. Яшчэ дзве сярэбраныя ўзнагароды – на рахунку Міхаіла Вішнявецкага (скачкі ў вышыню) і Аляксандра Гарадкаўца (бег на 60 метраў з бар’ерамі).
Разам з тым, у камандную скарбонку прынеслі ачкі Валянціна Лубнік, Карына Яфімава і Юлія Курак.

 

САМЫ ВЫНІКОВЫ МАТЧ ТУРА
зафіксаваны ў Мікашэвічах, дзе мясцовы “Граніт” прымаў лунінецкі “Базар”.
З сямі матчаў паміж гэтымі сапернікамі ў рамках чэм-піянату краіны ў вышэйшай лізе, што прайшлі на пляцоўцы мікашэвіцкай каманды, шэсць завяршыліся перамогай гаспадароў. Трэнерскі штаб “Граніта” неаднаразова заяўляў, што менавіта з землякамі ім заўсёды складана змагацца, што пацвердзілася і на гэты раз. Гульня пачалася не “разведвальнай” тактыкай, а адразу ж імклівымі атакамі. Ужо на першай хвіліне гаспадары адкрылі лік. Лунінчане не прымусілі чакаць і тут жа зраўнялі яго. Паступова госці завалодалі ініцыятывай і павялічылі адрыў да 6 мячоў – на 14-ай хвіліне табло высвечвала – 1:7. І хаця да перапынку разрыў зменшыўся – 5:8, “Базар” не змяніў націску і ў другім тайме перамог з лікам 13:8.
У “гранітаўцаў” вызначыліся Юрый Когут (2), Віктар Цой, Аляксандр Самусевіч, Сяргей Трыгубец (2), Дзмітрый Скакалкін, Алег Міхнюк. Ва ўласныя вароты мяч забіў Андрэй Семянюк. У “Базара” – Дзмітрый Колас (2), Андрэй Мірановіч (3), Дзмітрый Коўшык (2), Віктар Юрага, Алег Грыцук (2), Максім Наварыч, Аляксандр Аляшкевіч.
У бліжэйшыя выхадныя “Базар” згуляе дома з “ЦКК”, а “Граніт” на выездзе – з “Лідсельмашам”.

 

ПРАГМАТЫЧНА, ПРОСТА, СКАНЦЭНТРАВАНА
Адрыў “гранітаўцаў” і “Славіі-Мазыр” ад бліжэйшых сапернікаў павялічыўся да 10 ачкоў.
Чарговы матч чэмпіянату мікашэвіцкія ігракі правялі на выездзе. На сталічным стадыёне СК “Алімпійскі” за паядынкам назіралі 300 балельшчыкаў. “Граніт” адразу завалодаў ініцыятывай, але рэалізаваць галявыя моманты доўга не ўдавалася. І толькі за хвіліну да перапынку Ігар Трухаў адкрыў лік у матчы. Другая палова гульні таксама праходзіла пад дыктоўку нашых землякоў, якія замацавалі перавагу другім голам. Забіў яго на 81-ай хвіліне Аляксей Халецкі.
Каменціруе галоўны трэнер ФК “Граніт” Валерый Бахно:
– Заслужаная перамога. З пастаўленымі задачамі і стратэгіяй ігракі справіліся цалкам. Стараліся гуляць на вынік, прагматычна, проста, сканцэнтравана ў абароне. Гэта адбілася і на ліку. Ведалі, што ў саперніка майстравітая каманда – нядаўна правялі з імі кубкавы паядынак. Быў няпросты ўпарты матч. У гэтай жа сустрэчы згулялі больш упэўнена і надзейна, не далі стварыць саперніку практычна ні аднаго моманту, хаця пазіцыйна іншы раз “Іслач” нас напружвала. Забілі прыгожы гол, потым маглі падвоіць, патроіць вынік, але падводзіла рэалізацыя, крыху не хапала майстэрства.
У суботу, 20 верасня, на стадыёне “Палессе” адбудзецца матч з удзелам каманд “Граніт” і “Смалявічы-СТІ”. Пачатак гульні ў 16 гадзін.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть