Прызавы квартэт
Турнір памяці заслужанага трэнера Беларусі А.А. Бакланава сабраў у Баранавічах лепшых лёгкаатлетаў вобласці і рэспублікі, сярод іх і прадстаўнікі Лунінецкай СДЮШАР.
У малодшай узроставай групе 2001 года нараджэння тры першыя месцы – у бегу на 30 метраў, скачках у даўжыню і трайным – заняў Уладзіслаў Гарадкавец. Ён жа стаў бронзавым прызёрам і ў скачках у вышыню. Анастасія Грудзько паказала лепшы вынік у скачках у вышыню і трэці – у даўжыню.
У старэйшай узроставай групе (1999-2000 г.н.) першай на 30-метроўцы фінішавала Ірына Ванюк. Яна ж з вынікам 5 метраў 11 сантыметраў стала бронзавым прызёрам у скачках у даўжыню. Трэцяе месца ў трайным скачку заняў Уладзімір Пыжэўскі.
У кроку ад п’едэстала спыніліся Міхаіл Вішнявецкі і Уладзіслаў Крышталь, якія ўстанавілі асабістыя рэкорды ў шэрагу дысцыплін.
СПАБОРНІЦТВЫ САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН
Так на нашым прадпрыемстве назвалі два турніры, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, у якіх прынялі ўдзел аматары здаровага ладу жыцця калектыву.
Спачатку работнікі вызначылі самага трапнага іграка ў більярд. Сярод 15-ці ўдзельнікаў лепшымі прызнаны машыністы Міхаіл Вярэніч і Уладзімір Канапацкі, а таксама агент па забеспячэнню Андрэй Качановіч.
Напярэдадні свята каля 30-ці працаўнікоў выехалі на спаборніцтвы па падлёдным лове. Размясціліся на маляўнічым возеры Кноры на Прыпяці. Нельга сказаць, што ў гэты дзень было спрыяльнае для рыбалкі надвор’е. Але слабы клёў не сапсаваў святочнага настрою. Другі год запар самая вялікая рыбіна – шчупак вагой больш як 700 грамаў – трапіла на кручок майстра бягучага рамонту Уладзіміра Крышыловіча. У яго ж быў і самы вялікі ўлоў. Другі вынік паказаў машыніст дызель-цягніка Аляксандр Лосіч, трэці – электрагазазваршчык Алег Чарнюк. Пераможцу і прызёрам даспадобы прыйшліся ўзнагароды прафкама. Прыемныя сюрпрызы былі падрыхтаваны кожнаму ўдзельніку мерапрыемства выхаднога дня.
Асаблівыя словы ўдзячнасці варта выказаць прад-прымальніку Дзмітрыю Маладзяновічу. Уладальнік магазіна “Залатая рыбка” ўручыў падарункі васьмі ветэранам працы, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах.
Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.
ПЕРАМОЖНЫ АКОРД
З цудоўным настроем ехалі ў Брэст валейбалісткі політэхнічнага каледжа, якія нядаўна сталі чэмпіёнкамі раёна.
У абласным цэнтры іх чакала фінальная стадыя спаборніцтваў па валейболе сярод каманд устаноў прафтэхнавучання. Лунінчанкі занялі першае месца. А капітан каманды Таісія Дзянішчыц прызнана лепшым іграком турніру. У красавіку валейбалісткі політэхнічнага каледжа будуць абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
ЗАПРАШАЕМ НА ТУРНІР
У нядзелю, 2 сакавіка, у Бродніцкім сельскім клубе адбудзецца турнір па шашках. Аматараў гульні чакаюць у 11 гадзін.
ЛУНІНЧАНЕ ПАКІНУЛІ НЕБЯСПЕЧНУЮ ЗОНУ
У мінулую суботу адбыліся матчы чарговага тура чэмпіянату краіны па міні-футболе ў вышэйшай лізе.
У Мінску лідар чэмпіянату “МАПІД” прымаў мікашэвіцкі “Граніт”. Калі пачатак першага тайма праходзіў у роўнай барацьбе, то за 7 хвілін да перапынку ў варотах “гранітаўцаў” пабывалі 3 мячы. Гэты адрэзак часу і стаў вызначальным, бо ў другім тайме каманды разышліся мірам, абмяняўшыся галамі. У выніку – перамога гаспадароў 4:1.
“Базар” у Светлагорску сустракаўся з мясцовым “ЦКК”. У першым тайме вялася роўная барацьба, аб чым сведчыў лік – 2:2. А вось наступныя 20 хвілін прайшлі пад дыктоўку лунінецкай каманды, якая не пакінула шанцаў гаспадарам – 6:3. Вызначыліся дублямі Дзмітрый Колас, Аляксандр Мяць і Андрэй Волчак.
У нядзелю, 2 сакавіка, “Граніт” дома згуляе з “БЧ”, а “Базар” будзе прымаць “МАПІД”.