У кожнай гульні — да перамогі
Чэмпіянат Беларусі па футболе з удзелам каманд вышэйшай лігі стартуе 11 красавіка. Аб тым, як падрыхтаваўся да гульняў у элітным дывізіёне ФК Граніт, гутарым з намеснікам старшыні савета клуба Андрэем БАХНО.
— Як ацэньваеце першую сустрэчу 1/4 фіналу Кубка Беларусі з мінулагоднім уладальнікам гэтага трафея — “Шахцёрам»?
— Калі ахарактарызаваць адным словам — “чакальны” футбол. Ніхто не хацеў апераджаць падзеі, таму балельшчыкі назіралі крыху сумную тактычную гульню. У першыя 10-15 хвілін “гранітаўцы” прэсінгавалі, а потым сканцэнтраваліся на абароне. Было б цудоўна, калі б у атаках на апошніх хвілінах Дзмітрый Ігнаценка забіў гол, аднак гэтага не адбылося. Будзем настройвацца на сустрэчу ў гасцях. Пакуль каманда не зусім сыграная, некаторыя ігракі прыбылі зусім нядаўна і яшчэ не гатовыя.
— Ведаю, што за матчам вы сачылі разам са старшынёй асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола» Сяргеем Румасам. Ці спадабалася яму гульня?
— Кіраўнік АБФФ станоўча ахарактарызаваў інфраструктуру спартыўнага аб’екта. Прыемна было бачыць, з якім захапленнем ён сачыў за атакуючымі дзеяннямі нашай каманды. Безумоўна, балеў за “гранітаўцаў”.
— На сённяшні дзень ФК “Граніт» укамплектаваны цалкам?
— Практычна, да. Хіба што 1-2 абаронца трэба яшчэ пашукаць. Да пачатку чэмпіянату ёсць яшчэ час. Зорак у нашай камандзе няма, але ёсць патэнцыял. На жаль, у гэтым сезоне вароты не зможа абараняць Арцём Гамялько (па стану здароўя). У нядзельным матчы надзейнасць прадэманстраваў Ігар Хамляк. Але ў нас ёсць яшчэ Ілья Гаўрылаў. Так як ён былы ігрок “Шахцёра”, то галоўны трэнер Сяргей Бароўскі папрасіў, каб у кубкавых сустрэчах ён не ўдзельнічаў. Мы згадзіліся.
— А што з дублем?
— Зараз ідзе камплектаванне. Дзеля папулярызацыі і развіцця футбола на Лунінеччыне вырашылі, што касцяк каманды складуць менавіта мясцовыя жыхары. Да таго ж яны прадставяць раён у абласным чэмпіянаце. З імі будзе працаваць трэнер з Мінска.
— Вы атрымалі адтэрміноўку па ліцэнзіраванню ў часці дзіцяча-юнацкіх каманд. Як плануеце вырашаць гэта пытанне?
— Гэта сапраўды праблема. Стадыён у Мікашэвічах перадаюць нам. Месца для трэніровак ёсць. А вось сфарміраваць каманды з 18-ці і 19-гадовых юнакоў складана. Маладыя людзі гэтага ўзросту звычайна служаць у арміі ці выязджаюць на вучобу ў іншыя гарады. Будзем думаць, як выйсці з палажэння.
— Наколькі зручны сёлетні каляндар для “гранітаўцаў»?
— Зразумела, што з кожнай гульнёй каманды будуць вызначацца большай сыгранасцю. Таму лепш было б з мацнейшымі сустрэцца ў пачатку сезона. Але лічу, што кожны матч будзе прынцыповым і цяжкім.
— Кажуць, што дрэнны той салдат, які не жадае стаць генералам. А аб чым марыць у гэтым сезоне ФК “Граніт”?
— У кожнай гульні будзем настройвацца толькі на перамогу. А як атрымаецца, пабачым. Пастараемся зрабіць усё магчымае, каб парадаваць балельшчыкаў прыгожым футболам. Спадзяемся, што на нашы гульні лунінчане будуць прыходзіць сем’ямі.