Ураджай сабралі, цяпер – медальны!
Спорт

Ураджай сабралі, цяпер – медальны!

Адзінаццаць каманд сельгаспрадпрыемстваў Лунінеччыны выйшлі на старт раённай спартакіяды.

Падчас урачыстага ад-крыцця ўдзельнікаў спаборніцтваў віталі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Барыс Абравец і дырэктар РФСК “Здароўе” Сяргей Молчан. З праграмай пазнаёміў галоўны суддзя Аляксандр Рамановіч.

На гэты раз каманды спаборнічалі ў дартсе, кіданні кольцаў, настольным тэнісе, армрэстлінгу, падыманні гіры, фігурным ваджэнні веласіпеда, перацягванні каната і лёгкаатлетычнай эстафеце 4х100 метраў.

Выдатна выступіла каманда філіяла “Лобчан-скае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. На яе рахунку дзве перамогі – у дартсе і армрэстлінгу, два серабра – у гіравым спорце і эстафеце і першае месца па выніках усіх выпрабаванняў.

Валерый Мелюх, трактарыст-машыніст філіяла “Лобчанскае”:

– Летась заняў першае месца ў падыманні гіры і другое – у армрэстлінгу. Сёлета атрымалася наадварот. Аднак задаволены, што змог дапамагчы камандзе заваяваць кубак.

Другое месца – у ААТ “Лунінскі”. Прадстаўнікі гэтай каманды былі лепшымі ў гіравым спорце і трэцімі – у перацягванні каната.

Іван Абравец, загадчык рамонтнымі майстэрнямі ААТ “Лунінскі”:

– Гіравым спортам займаўся ў студэнцтве. Выступаў за Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на ўніверсіядзе і іншых рэспубліканскіх спаборніцтвах. Маю першы разрад. Зараз на спорт зусім мала часу, але, каб не губляць форму, па магчымасці «цягаю» гіры. Вось і на гэты раз за 1 хвіліну здолеў зрабіць 44 штуршкі і апярэдзіць усіх сапернікаў.

Трэцяе месца па выніках усіх выпрабаванняў заняў КСУП “Азярніца”. Спартсмены гэтай гаспадаркі перамаглі ў лёгкаатлетычнай эстафеце і кіданні кольцаў, сталі бронзавымі прызёрамі ў дартсе і гіравым спорце.

У фігурным ваджэнні веласіпеда перамаглі прадстаўнікі КСУП “Хваецкае”, у перацягванні каната – ААТ “Вулькаўскі світанак”. Двойчы ў лік прызёраў траплялі спартсмены КСУП “Дзятлавіцкі”, ААТ “Дварэцкі” і Палескай станцыі, па аднаму разу – дзяржаўных прадпрыемстваў “Сінкевіцкі” і “Чучавічы”.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі, кубкамі, грашовымі прэміямі і салодкімі падарункамі ад райкама прафсаюзаў работнікаў АПК, РФСК “Здароўе” і БРСМ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть