Вяртанне праз 10 год
Аб тым, што футбол з’яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту на Лунінеччыне, сведчыла колькасць каманд, заявіўшыхся на першынство раёна па футболе сярод школьнікаў. Іх было 24.
Занальныя спаборніцтвы праходзілі ў Луніне, Любані, Мікашэвічах і Лунінцы. У рашаючых матчах за выхад у фінал мікашэвіцкая СШ №1 ўзяла верх над равеснікамі з суседняй СШ №2. Футбалісты з Язвінскай СШ не пакінулі шанцаў любанцам (4:0), якія дагэтуль 4 разы стана-віліся пераможцамі раёна. Серыя пенальці стала вызначальнай у матчах з удзелам Лунінскай і Вулькаўскай 1 СШ (1:1, 4:2), а таксама лунінецкай СШ №2 і Любачынскай СШ (1:1, 4:2).
Напярэдадні Дня Перамогі чатыры мацнейшыя каманды разыгралі кубак. У паў-фінальных паядынках лунінецкая СШ №2 узяла верх над футбалістамі з Язвінак (3:1), а Лунінская СШ – над спартсменамі з мікашэвіцкай СШ №1 (1:1, 4:3). У матчы за трэцяе месца выхаванцы Мікалая Клеўжыца і Міхаіла Насені (мікашэвіцкая СШ №1) не пакінулі шанцаў падапечным Васіля Велясюка з Язвінак – 3:1. У рашаючым матчы за кубак з вялікай перавагай каманда лунінецкай СШ №2 (трэнеры Віктар Вайцяхоўскі і Міхаіл Аляшкевіч) выйграла ў равеснікаў з Луніна (трэнер Аляксандр Гарагляд) – 8:1.
Такім чынам, школьнікі з райцэнтра за апошнія 10 год упершыню атрымалі галоўны трафей спаборніцтваў, які сёлета прадаставіў РФСК “Здароўе”. Лепшым іграком першынства названы Арцём Мурын з лунінецкай СШ №2. Яму ўручаны прыз ад аддзела па справах моладзі райвыканкама.
АБЛАСНЫ ЎЗРОВЕНЬ
Стартаваў чэмпіянат вобласці па футболе.
Сезон лунінецкая зборная адкрыла ў Івацэвічах супраць мясцовай каманды і прайграла з лікам 1:5.