Новости районаОбщество

58 дзяцей і ўнукаў у Марыі Гусціновіч з Кажан-Гарадка (Лунінецкі раён)

Каго з нас можна лічыць багатым? Таго, хто ездзіць на шыкоўнай машыне, жыве ў катэджы ў некалькі паверхаў вышынёй, носіць адзенне з эмблемамі моднай фірмы і дазваляе сабе кожны дзень абедаць у рэстаранах? Ці звычайную вясковую жанчыну, якая не мае шмат грошай, затое колькасць любячых дзяцей і ўнукаў з сем’ямі дасягнула ўнушальнай лічбы – 58!

Знаёмству з жыхаркай Кажан-Гарадка Марыяй Гусціновіч паспрыяла віншавальная старонка раёнкі, дзе з нагоды яе 90-годдзя асобныя пажаданні ад кожнага выказалі 6 сыноў і 2 дачкі. У радках, адрасаваных матулі, адчувалася бязмежная пяшчота. Іх узрост дасягнуў сталасці, яны маюць сваіх нашчадкаў, але сэрцы напоўнены шчырымі пачуццямі да той адзінай, якая дала жыццё і правяла ў самастойную дарогу.

Марыя Андрэеўна вырасла ў роднай мясцінцы, выйшла замуж за земляка. Выбраннік Сямён на некалькі год старэйшы, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце радыстам. Цудам застаўся ў жывых, калі нямецкі танк наехаў на акопы, дзе знаходзіліся савецкія салдаты. Пасля бою яго, кантужанага і ў непрытомным стане, знайшлі саслужыўцы. Усе жахі пакінулі цяжкі адбітак на самаадчуванні, здароўе падарвалася.

Шчасце маладой сям’і пачыналася ў беднасці, але ў згодзе і разуменні. Вырашылі будаваць хату, а матэрыялаў не было. Нарыхтоўшчыкі выдавалі даведкі на драўніну тым, хто здаваў сметанковае масла: за кіла-грам прадукту дазвалялася набыць кубічны метр лесу. Доўгажыхарка ўспамінае, што неабходную колькасць сабраць за пэўны час аказалася нерэальным, таму дамаўляліся і скуплялі ў іншых людзей. Калі ж урэшце прывезлі доўгачаканыя бярвенні, яны не ўмясціліся ў пілараму, давялося абрэзваць уручную.

Перад зімой не змаглі купіць шыфер, таму ездзілі на балоты ў пошуках чароту, каб змайстраваць хоць сімвалічны дах над новабудоўляй. Але нават у гэтым не пашчасціла, быў засуш-лівы год, расліннасць не вырасла. Тады ўсе пакоі засыпала снегам, перасяленне адклалі.

Паўсядзённыя праблемы загартоўвалі, не страшнымі здаваліся клопаты і за немаўлятамі. Першай нарадзілася дзяўчынка, за ёй – хлопчык. Далей усё паўтарылася, а потым шчасціла толькі на сыночкаў. Аднаго малыша страцілі з-за хваробы, васьмярых Бог дапамог паставіць на ногі. Усе выхоўваліся на прыкладах працавітасці і адказнасці, якія бачылі дома. Як крыху падрасталі, то дружнай камандай дапамагалі дарослым.

Марыя Андрэеўна паспрабавала  сябе на розных участках мясцовага калгаса. Спачатку – паляводам. Дэкрэтных водпускаў не было. Згадвае, як жала жыта, а назаўтра нарадзіла дзіця. Ніхто гэтаму не здзіўляўся, многія жанчыны ў той перыяд праходзілі праз падобныя выпрабаванні. Ёсць у яе працоўнай кніжцы запісы пра іншыя прафесіі – асвоіла абавязкі жывёлавода на ферме, была птушніцай, рабочай у складскіх памяшканнях гаспадаркі.

Сямён Рыгоравіч мірную працу пачынаў на будаўнічых аб’ектах чыгункі, потым уладкаваўся ў калгас мулярам. На жаль, нядоўга радаваўся чыстаму небу над галавой – у 1981 го-дзе нагадалі аб сабе франтавыя выпрабаванні. Сэрца дало збой, скасіў інсульт. Праз некалькі тыдняў яго не стала…

Дасягнуўшы паўналецця, маладзейшыя выбіралі самастойныя дарогі. Маці нікому не перашкаджала займацца тым, да чаго ляжала душа. Хаця цяжкасцей хапала. Адначасова было па 2-3 студэнты, на жаночых плячах ляжаў клопат пра іх.

Вольга працавала ў калгасе, потым – поварам у мясцовай бальніцы, засталася на малой радзіме. Мікалай служыў у Мурманску ў марфлоце, да развалу СССР жыў у Эстоніі, адкуль родам жонка. Пазней з сям’ёй пераехалі ў Лахву, уладкаваўся ў рыбгас зваршчыкам, зараз на заслужаным адпачынку.

Валянціна выйшла замуж у Бастынь, у мясцовым сельгас-прадпрыемстве прайшлі рабочыя будні ў якасці палявода. Уладзімір у школе стаў пераможцам прадметнай алімпіяды, добры вынік паказаў на далейшых узроўнях спаборніцтваў у Маскве. Здольнасці хлопца заўважылі, прапанавалі ў 9-10 класах навучацца ў сталіцы. Атрыманыя там веды дапамаглі паступіць у ВНУ ў Ленінградзе, займацца на ваеннай кафедры. Жыццё прысвяціў вайсковай справе, прафесіі картографа авіяліній. Мае званне маёра, жыве ў Маскоўскай вобласці. 

Іван з маленства паказваў добрую прагу да навукі. Закончыў Ламаносаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, потым атрымаў дыплом у радыётэхнічным інстытуце. Асталяваўся ў Мінску, праграміст. Аляксандр пераехаў у Дрэбск, быў настаўнікам фізкультуры ў школе. З часам вырашыў заняцца іншым – працуе ў службе аховы на РУВП “Граніт”.

Валерый – ветэрынарны ўрач. Зараз ён – супрацоўнік ветслужбы на мытні, жыве ў Ракітна. Павел пасля скасавання шлюбу застаўся ў бацькоўскім доме, дапамагае матулі спраўляцца з паўсядзённымі клопатамі. Быў вадзіцелем на цяпліцы, а калі прадпрыемства закрылі, перайшоў у ААТ “Дварэцкі” рабочым.

Сыны і дачушкі хвалююцца за самаадчуванне Марыі Андрэеўны, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Дзякуй Богу, яна трымаецца, мае добрую памяць. Юбілей роднай стаў цудоўнай нагодай для нашчадкаў успомніць мінулае, вярнуцца думкамі ў маленства. Дагэтуль застаюцца пуцяводнай зоркай многія прыклады жыццёвай мудрасці, узятыя ад мамы і таты, імкнуцца перадаць іх сваім дзецям. Усе 16 унукаў і 18 праўнукаў зычаць бабулі і прабабулі моцнага здароўя і доўгага веку.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть