Новости районаОбществоШестое Всебелорусское народное собрание

Адчуваю вялікую адказнасць перад людзьмі – медык

Удзельніца Усебеларускага народнага сходу Людміла Насеня працуе загадчыцай Баравікоўскага фельчарска-акушэрскага пункта, які размешчаны ў адной з самых аддаленых кропак раёна. На абслугоўванні медыцынскай установы знаходзяцца тры вёскі – Баравікі, Лугі і Кормуж.  У кожнай амаль не засталося моладзі, а пераважная большасць жыхароў – прадстаўнікі паважанага ўзросту. Ім часцей чым каму неабходна медыцынская дапамога, а яшчэ больш – увага, разуменне і цёплыя адносіны. Жанчына аддала самай гуманнай прафесіі 27 год, мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы. І, па водгуках сваіх пацыентаў, з’яўляецца надзейным памочнікам у барацьбе з праблемамі са здароўем і адзінотай.

Людміла Уладзіміраўна змагла сумяшчаць клопаты аб земляках з асабістымі – мае чацвёра дарослых дзяцей, якія ніколі не былі пазбаўлены матулінай увагі. Правёўшы сыноў і дачушак у самастойнае жыццё, урэшце знайшоўся час на грамадскія справы – з’яўляецца дэпутатам Чучавіцкага сельсавета.

– Стала прыемнай нечаканасцю маё выбранне, – дзеліцца ўражаннямі Людміла Уладзіміраўна. – Адразу думка: “Чаму я? Звычайная вясковая жанчына, проста раблю сваю работу”. Адчуваю вялікую адказнасць перад людзьмі. Атрымала іх наказ – падзякаваць кіраўніцтву краіны за бясплатнае медабслугоўванне, пенсійнае забеспячэнне. Сярод прапаноў – каб часцей хадзіў транспарт у аддаленыя вёскі, хапала рабочых месцаў для грамадзян працаздольнага ўзросту. Планую прыняць удзел у абмеркаванні розных пытанняў. Як мнагадзетная матуля, не магу заставацца абыякавай да будучыні нашай краіны, хачу росквіту і стабільнасці. А сэрца заўсёды аддаю землякам, якія звяртаюцца за медыцынскай дапамогай і простай чалавечай увагай.

Станоўча аднесліся да навіны, што ўдзельнічаць у рабоце Усебеларускага народнага сходу будзе іх зямлячка Людміла Насеня, многія жыхары Чучавіцкага сельсавета.

Ірына Насеня, в. Лугі:
– Амаль для ўсіх пажылых людзей фельчар – гэта самы важны чалавек на вёсцы. Тым больш для мяне, бо з’яўляюся інвалідам першай групы. Часта непакояць хваробы, і без медыкаў не абысціся. А Людміла Уладзіміраўна – сапраўдная выратавальніца. Заўсёды заходзіць, калі бывае тут па графіку. Ціск памерае, лекі прывязе, распытае пра самаадчуванне. Скарджуся на боль, дык яна ўмее разважыць, супакоіць, адразу лягчэй становіцца. Шкада, што ФАП наш закрылі. Але выклікі абслугоўваюцца хутка, і дапамога якасная.

Таццяна Бойка, в Кормуж:
– Прыемна было даведацца, што ў ліку ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу ў сталіцу паедзе наша Людміла Уладзіміраўна. Яна адукаваная, актыўная, і чалавек цудоўны. Я і сама на пенсіі, а маме – Вользе Лукашаўне Курак – 90 год споўнілася. Таму без медыцынскай дапамогі не абысціся. Пашанцавала, што ёсць такі фельчар. Няхай даруе, што звяртаемся не толькі ў рабочы час, а вечарам ці ноччу непакоім. І заўсёды яна адклікаецца, параіць, і што вельмі дапамагае ў выздараўленні – яе маральная падтрымка.

Рыгор і Вера Куракі, в Баравікі:
– Нас поўнасцю задавальняе работа фельчарска-акушэрскага пункта. З Людмілай Уладзіміраўнай пазнаёміліся ў 1993-ім, як яна прыступіла да сваіх абавязкаў пасля медвучылішча. Адчувалася, што знаходзіцца на сваім месцы, імкнецца быць не толькі выканаўчай, але, што вельмі важна ў яе прафесіі, і чалавечнай. З часам хвароб большае, звяртаемся ўсё часцей, але ніколі не заўважылі абыякавасці, заўсёды – увага і адказнасць. Рады, што на мерапрыемства такога высокага ўзроўню выбраны медык з аддаленай глыбінкі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть