Новости районаОбщество

Божы дар Івана і Ганны Караваевічаў з Ракітна (Лунінецкі раён)

Руплівыя і працавітыя нібыта тыя пчолы – гэтымі словамі без перабольшання можна ахарактарызаваць вялікую і дружную сям’ю Івана і Ганны Караваевічаў з вёскі Ракітна. Амаль чвэрць стагоддзя муж з жонкай выхоўваюць 9 дзяцей, трымаюць вялікую гаспадарку і каля сотні пчаліных сем’яў.

Дыхтоўны прыгожы дом Караваевічаў знаходзіцца амаль у самым пачатку вёскі. Адразу відаць, што жывуць тут дбайныя гаспадар з гаспадыняю, якія ні ўзімку, ні тым больш улетку не сядзяць склаўшы рукі. На падворку стаіць трактар, непадалёку прыпаркаваўся “бус”. За хатай, на агародзе, віднеецца парнік. Ля хлявоў, у агароджы, лашчачыся на сакавіцкім сонейку, прымаюць “паветраныя” ванны 3 пяструхі і 2 цяляткі. Пакуль гаспадыня корміць курэй, Іван Сяргеевіч гасцінна запрашае ў дом. Пасярод светлай прасторнай кухні месціцца вялікі стол. На жаль, застаць разам усіх дамачадцаў не давялося. Старэйшыя – на рабоце, малодшыя – на вучобе.

У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – 15 сакавіка 1998 года Іван і Ганна ўзялі шлюб. Жаніх – тутэйшы, нявеста са славутых Альшан. Вяселле на 300 гасцей гулялі два дні. Шчаслівым маладым зычылі шчасця і долі на доўгія гады, каб былі багатымі на дзетак, жылі ў радасці ды згодзе. Так яно, зрэшты, і сталася. Канешне, не заўсёды бязвоблачным і ясным быў іх небасхіл жыцця. Сваё шчасце яны будавалі самі, па крупінках, пераадольваючы шматлікія нягоды, вучачыся адно ў аднаго спагадзе і міласэрнасці, дабрыні і высакароднасці. Пэўны час маладыя жылі на радзіме жонкі ў Альшанах. Як і ўсе палешукі, трымалі цяпліцу, вырошчвалі агуркі. На Століншчыне з зямлей праблемы. Таму параіўшыся, муж з жонкай вырашылі асталявацца на Лунінеччыне. Набылі ў Ракітна дом і пачалі абуладкоўвацца.

– На той момант у нас ужо нарадзілася першая дачушка Таццяна, – расказвае Ганна Іванаўна. – Зараз ёй  23 гады і яна працуе медсястрой у адной з медыцынскіх устаноў Мінска.

Дарэчы, мнагадзетная мама Ганна таксама з вялікай сям’і: у яе бацькоў выхоўвалася 10 дзяцей. У хаце заўсёды было весела, мнагалюдна і гаманліва. Старэйшыя дзеці наглядалі за малодшымі, словам, у кожнага быў пэўны шэраг абавязкаў. Добра жылі, дружна. Калі патрэбна было папрацаваць, дапамагчы бацькам па гаспадарцы, тады шчыравалі з ахвотай, ніхто не лайдачыў, затое і адпачывалі разам, гурбой, гулялі ў розныя гульні, насіліся навыперадкі па вясковай вуліцы дацямна. Вечарам, уладкаваўшыся спаць, кожны марыў аб сваім. Летуценні дзяўчыны спраўдзіліся. Цяпер і ў яе ёсць вялікая сям’я, дом і дзевяць любімых сонейкаў.

Дзеці – гэта Божы дар і найвялікшае шчасце на зямлі, менавіта так лічыць Ганна Іванаўна, якая некалькі гадоў таму была ўзнагароджана ордэнам Маці.

– За Таццянкай на свет з’я-вілася шчабятушка-Ірынка, – працягвае гаворку гаспадыня. – Яна атрымала вышэйшую адукацыю і зараз працуе інжынерам-тэхнолагам на заводзе ў Мар’інай Горцы. На святы і ў адпачынак заўсёды прыяз-джае дахаты.

Затым бусел у дом Караваевічаў прынес Вераніку, а праз год – Міхаіла. Дарэчы, дзяўчынка набыла спецыяльнасць сувязіста і ўзначальвае аддзяленне паштовай сувязі ў Баранавіцкім раёне. Міхаіл з дзяцінства быў літаральна апантаны тэхнікай, таму ніхто з родных нават і не здзівіўся, калі юнак пайшоў вучыцца ў прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці. Наступная дачушка – Маргарыта – сёлетняя выпускніца Язвінскай СШ. Рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання і вызначаецца з будучай прафесіяй. Майстар на ўсе рукі Давід ходзіць у 10 клас. Малодшыя Сяргей з Надзяй захапляюцца музыкай, займаюцца танцамі, спевамі, а яшчэ вучацца ў музычнай школе па класе акардэона. Усю сваю пяшчоту і любоў старэйшыя аддаюць самаму малодшаму – дзевяцігадоваму Ванечцы, маленькаму ма-мінаму памочніку.

– У нас няма праблем з гаджэтамі, – адзначае галава сямейства, – па той простай прычыне, што ў кожнага з дзяцей па хатняй гаспадарцы ёсць свае абавязкі. Старэйшыя даглядаюць жывёлу, працуюць у цяпліцы, малодшыя кормяць птушку, дапамагаюць памыць посуд, прыбраць у хаце. Летам – дзеці самі сабе зарабляюць грошы, збіраючы чарніцы.

Адно толькі маркоціць Івана Сяргеевіча, што ніхто з хлопцаў асабліва не цікавіцца пчалярскай справай. Мішу і Давіда не адцягнуць ад тэхнікі. Дні напралёт корпаюцца ля трактара, а да вулляў не праяўляюць ніякай цікавасці, што, канешне, крыху засмучае бацьку, якому вельмі хочацца перадаць свае веды сынам.

Пра пчол, іх звычкі гаспадар можа распавядаць доўга, з асаблівым захапленнем і замілаваннем. Нягледзячы на тое, што гэтыя маленькія руплівіцы надта балюча джаляць.

– Якраз учора, калі глядзеў, як пчолы перазімавалі, адна мяне і ўкусіла за твар, – усміхаючыся, расказвае пчаляр. – Бачыце, як шчаку раздула. Нічога – гэта нават карысна. Памятаю, калі з арміі вярнуўся дахаты, слабы быў, імунітэту ніякага, а менавіты пчолы і выратавалі мяне, далі сілу і здароўе.

– Спачатку, калі я толькі пачынала дапамагаць мужу ў яго пчалінай справе, – далучаецца да размовы Ганна Іванаўна, – мяне таксама добра джалілі. Тады я не ведала яшчэ ўсіх тонкасцей зносін з гэтымі істотамі. Магла адмахвацца рукамі, нервавацца, чаго яны вельмі не любяць. Увогуле, нашы пчолы не агрэсіўныя, а, наадварот, вельмі міралюбівыя. Для гэтага спецыяльна разводзім пароду пад назвай “карніка”. Зрэшты, пчала ніколі не нападзе на чалавека без прычыны, а толькі тады, калі адчувае для сябе пагрозу.

У пчаляроў няма часу на адпачынак. Толькі на першы погляд здаецца, што гэта – справа простая, якая не патрабуе асаблівых выдаткаў і клопату. Аказваецца, зусім наадварот, займацца пчоламі – цэлая навука, пэўная сістэма ведаў, якую патрэбна ўвесь час удасканальваць. А яшчэ іх неабходна пастаянна даглядаць. Нездарма народная прымаўка гаворыць, што “пчол трымаць – не ў халадку ляжаць”. І з гэтым цалкам пагаджаецца Іван Сяргеевіч. Хто паспрачаецца з тым, што да гэтых працалюбівых істот, як да людзей, патрэбна мець свой падыход. Можа, нехта і так мяркуе: якая лёгкая ды смачная справа ў пчаляра, паспявай забіраць толькі мёд, які насякомае прынесла. Гэта далёка не так. Пчолы, як і ўсё жывое, хварэюць. Таму трэба праводзіць своечасовую апрацоўку вулляў і саміх пчол ад розных хвароб і паразітаў. Дзесьці недагле-дзеў і, лічы, уся работа прапала.

Іван Сяргеевіч яшчэ доўга расказваў аб тонкасцях пчалярства, і ў вачах мужчыны загараліся непадробныя іскрынкі радасці. Ганна Іванаўна ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае свайго мужа. Тут мне падумалася, сапраўды, якое гэта шчасце займацца любімай справай, што прыносіць асалоду ды задавальненне, і мець магчымасць захапленне свайго жыцця раздзяліць з блізкім табе чалавекам.

Пакуль мы размаўляем, гаспадар частуе духмяным мёдам.

– Паспрабуйце. Сапраўдны, з уласнага пчальніка, сабраны на Прыпяці, – кажа Іван, запрашаючы пакаштаваць карысны прадукт.

Мёд і сапраўды напоўнены водарам лугавых кветак і траў, а яшчэ нагадвае пах далёкага і незваротнага дзяцінства. “Калі хочаш захаваць маладосць – ужывай мёд”, – так гаварылі яшчэ нашы продкі і лічылі яго “ежай багоў”.

Пагадзіцеся, ёсць чаму лю-дзям у пчол павучыцца. І найперш – іх нястомнай працавітасці, ладу жыцця, калі кожная пчолка за нешта адказвае. Іван Сяргеевіч і Ганна Іванаўна таксама ў нечым падобныя на сваіх руплівіц, гэтак жа самааддана шчыруюць на роднай зямлі, завіхаюцца па гаспадарцы, гадуюць дзетак і радуюцца кожнаму новаму дню. Муж і жонка лічаць сябе шчаслівымі. Іх бясцэннае багацце – гэта дзеці, а затым і ўнукі, у якіх яны бачаць працяг свайго жыцця.

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть