Новости районаОбщество

Ганна КАВАЛЕЦ з Лобчы. Яе сыны вярнуліся з вайны (Лунінецкі раён)

Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана – вельмі хвалюючая дата для Ганны КАВАЛЕЦ з Лобчы. Узброены канфлікт у далёкай краіне на працягу чатырох год не даваў спакою мацярынскаму сэрцу – на незразумелую для вясковай жанчыны чужую вайну яна адпусціла двух сыноў…

Калі на тэрміновую службу прызвалі старэйшага Мікалая, чуткі пра ўзброены канфлікт толькі пачыналі даходзіць да глыбінкі. Але здавалася, што дрэннае абміне, юнак будзе выконваць грамадзянскі абавязак, як і ўсе старэйшыя землякі, пад мірным небам. Ды спадзяванні не спраўдзіліся, з чарговага пісьма даведаліся аб месцазнаходжанні роднага ў “гарачай кропцы”.

З таго моманту жыццё матулі пера-тварылася ў пакутлівае чаканне. Не праходзіла і гадзіны, каб яна не думала аб небяспецы, у якой аказалася яе дзіця. Ноччу не спала, бясконца пазірала ў цемру, а думкі свідравалі ўяўленне адна страшней другой. Нават крыўдзілася на мужа, які засынаў. Толькі пазней зразумела, што ён перажываў не менш, але мужчына ўмеў трымаць пачуцці глыбока ў сабе.

Ганна Іванаўна працавала бібліятэкарам, амаль штодзённа з пошты атрымлівала цэлы стос свежых газет. Абавязкова праглядвала ўсе старонкі ў пошуках навіны аб заканчэнні баявых дзеянняў. Ды надзея не ажыццяўлялася, мір не наступаў.

Так склалася, што саслужывец Мікалая вярнуўся дадому першым. Даведаўшыся аб гэтым, жанчына адразу ж пабегла на суседні падворак і… не пазнала юнака. Схуднеў, узмужнеў, загарэў. Але абнадзеіў: “Чакайце, і ваш вось-вось прыедзе”.

Сэрца тахкала так моцна, што здавалася, гэта стукаюць па падлозе салдацкія боты. Усе вочы прагледзела, пакуль родная постаць сапраўды паявілася на ганку. Фуражку, у якой тады ўбачыла сына, маці захоўвае і зараз, праз 40 год….

У наступную прызыўную кампанію сям’я праводзіла ў армію малодшага Ула-дзіміра. У ваенкамаце запэўнілі, калі там служыў брат, то яго не накіруюць у Афганістан. Ды першае пісьмо атрымалі адтуль. Тады Ганна Іванаўна паехала да камісара, ёй паабяцалі разабрацца. Атрымала паведамленне з часці: “Салдат абавязаны выконваць інтарэсы Айчыны. Вы можаце ганарыцца сваім сынам…”.

І маці сапраўды ганарылася. Хаваючы боль у вачах, яна зноў не спала па начах, падлічвала дні да яго вяртання. Малілася Богу, прасіла засцерагчы ад бяды. Калі ўрэшце ўсе сабраліся дома, адчула неймаверную стомленасць і вялікую радасць.

Ганне Іванаўне нядаўна споўнілася 82 гады. Усё жыццё прайшло ў роднай вёсцы, не шукала лепшай долі ў далёкім свеце. І выбраннік Мікалай Аляксеевіч вырас на адной вуліцы, праз сотню метраў ад яе дома. Сумеснага шляху лёс ім адмераў 54 вясны. Апошнія сем пасля пахавання мужа ўдава правяла ў адзіноце.

І цяпер, як і раней, сэрца маці і бабулі аддадзена нашчадкам. Сыны жывуць і працуюць у райцэнтры, дачушка асталявалася ў Дзятлавічах. Хоць далекавата ад Лобчы, але яны знахо-дзяць час і сілы каб адведаць родную, забяспечыць усім неабходным. Клічуць пераехаць да каго з іх, але доўгажыхарцы няпроста сарвацца з месца, якому аддадзены думкі і ўспаміны.

З газет і тэлеэкрана Ганна Іванаўна даведваецца аб навінах у краіне і за яе межамі. Найбольш хвалюе, што ў сучасным свеце неспакойна, існуе пагроза ўзнікнення новых узброеных канфліктаў. У кожным з іх – прымяненне зброі, скалечаныя лёсы салдат, пакуты матуль, агульныя для народа горыч і боль. 

– Няўжо тыя, хто імкнецца распачаць канфлікт, не разумеюць, колькі праблем абрынецца на людзей? – у роспачы вымаўляе яна. – Я нарадзілася перад вайной, дачка франтавіка, які вярнуўся і жыў з куляй у целе. І маці воінаў-інтэрна-цыяналістаў, якія рызыкавалі сваім жыццём дзеля спакою іншых. Нельга дапусціць, каб падобнае паўтаралася.

Узняўшы позірк у вышыню, жанчына зноў вяртаецца думкамі ў той час, калі сыны былі ў Афганістане. Дзякуе лёсу, што яны вярнуліся і шчыра спачувае ўсім, хто не дачакаўся сваіх блізкіх. “Няхай больш не будзе страт”, – уздыхае яна, чакаючы ўзыход сонца, які сімвалізуе мір, цяпло і радасць. 

Марыя Аляксандрава.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть