Новости районаОбщество

Лёсы людскія. Рэпартаж з аддзялення кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў (Лунінец)

Ад немачы, старасці і хваробы ніхто, на жаль, не застрахаваны. Як бы мы ні жадалі таго пазбегнуць, ды толькі старасць рана ці позна, але напаткае кожнага з нас. Добра, калі яна пройдзе побач з блізкімі і роднымі людзьмі, якія ахінуць ласкай і пяшчотай пажылога чалавека. Тады восень жыцця падорыць старому  радасць і супакаенне, таму што ён не застаўся ў адзіноце, яго любяць і аб ім клапоцяцца дзеці і ўнукі. Аднак, не заўсёды так атрымліваецца. Ёсць людзі, якія сустракаюць восень свайго жыцця ў поўнай адзіноце, напоўненай жахамі і турботамі аб заўтрашнім дні. І аб такой катэгорыі грамадзян клапоціцца наша дзяржава.     

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў было створана 15 гадоў таму пры Лунінецкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дарэчы, такога кшталту ўстанова – адзіная ў Брэсцкай вобласці. Лунінчане дыхтоўны домік, што па вуліцы Чыгуначнай, даўно паміж сабой называюць – інтэрнат для пенсіянераў. Сюды трапляюць пажылыя і інваліды ў выніку розных абставін. Нехта, пакуль быў малады, не паспеў стварыць сям’ю і на схіле гадоў застаўся адзін, а ў кагосьці разляцеліся, нібыта тыя птушаняты, па свеце дзеці (а старыя бацькі пераязджаць да іх не хочуць, каб не абцяжарваць сваёй прысутнасцю і не дакучаць хваробамі). Бывае і такое, што ад сваіх нямоглых бацькоў адмаўляюцца дзеці.

Прытулак для старасці

У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў вольных месцаў практычна ніколі не бывае. Калі і вызваляецца ложак, то пустым застаецца нядоўга.

– Сёння на ўтрыманні ў аддзяленні знаходзіцца 19 чалавек, – расказвае загадчыца ўстановы Юлія Лосіч. – Большасць жанчын і толькі 6 мужчын. Многія з іх – адзінокія.

Галіна Чорнавокая і пастаянны жыхар аддзялення Васіль Паўловіч

Прычын запатрабавальнасці такога кшталту ўстаноў у наш вірлівы час некалькі. Адна з іх – сацыяльная, насельніцтва старэе. Другая – маральная. Пакуль бацькі дужыя і дапамагаюць сваім дочкам ды сынам матэрыяльна – гэта ўспрымаецца як данасць. Але калі надыходзіць час дзецям даглядаць старых ды нямоглых бацькоў, дык тыя спрабуюць знайсці тысячу адгаворак, маўляў, у нас сваіх праблем хапае ды і часу няма, каб глядзець за старымі, няхай пра іх клапоціцца дзяржава. Бывае і такое, што, займеўшы сям’ю, яшчэ па маладосці бацькі не асабліва прагнуць прымаць удзел у выхаванні сваіх падрастаючых сыноў ці дачок, бесклапотна бавячы час. Потым, з гадамі, калі надыходзіць старасць і даймаюць хваробы, гора-бацькі ўспамінаюць, што недзе ў іх ёсць нашчадкі, але зробленае, на жаль, не выправіш. І такіх прыкладаў вельмі шмат.

 

З чулай душой

Варта адзначыць, што ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання працуюць невыпадковыя людзі. Калектыў, які вось ужо на працягу 15 гадоў узначальвае чулая і абаяльная Юлія Лосіч, невялікі, але згуртаваны.

– Састарэлых людзей даглядаюць 5 малодшых медыцынскіх работнікаў, – працягвае гаворку Юлія Аляксандраўна, – плюс столькі ж сацыяльных работнікаў. Таксама ў аддзяленні працуюць адна медыцынская сястра і адзін кухонны работнік. Дарэчы, наша медсястра Кацярына Брэзіна тут шчыруе з моманту адкрыцця. Яна – вельмі чулы і тактоўны спецыяліст, які добра ведае сваю справу.

Бясспрэчна, вялікая нагрузка кладзецца на плечы абслуговага персаналу, а гэта ў асноўным жанчыны, якія выконваюць не толькі свае непасрэдныя абавязкі, ім яшчэ даводзіцца быць выдатнымі псіхолагамі, таму што ў кожнага насельніка няпросты лёс, з яго радасцямі і болем. Больш таго, амаль ва ўсіх жыхароў аддзялення, акрамя складанага жыцця, ёсць яшчэ шмат розных хранічных захворванняў. Некаторыя  перанеслі па некалькі інсультаў і інфарктаў, другія пакутуюць на дэменцыю. Дагледзець самастойна яны сябе не ў стане, ім патрэбен кругласутачны догляд, аб чым і клапоціцца персанал аддзялення. Безумоўна, бачыць пакуты і перажыванні людзей кожны дзень вельмі цяжка. Хаця жанчыны імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб знаходжанне бабулек і дзядуль у казённых сценах было максімальна камфорт-ным. Напрыклад, не чуе душы ў сваіх падапечных Галіна Чарнавокая, якая аддала сацыяльнай службе 13 гадоў. Трэба бачыць, з якой пяшчотай і любоўю адносіцца да пажылых Галіна Адамаўна. Для кожнага, хто пражывае ў аддзяленні, яна заўсёды знойдзе добрае слова, падба-дзёрыць, пажартуе або пашкадуе. Нібыта тут знаходзяцца не чужыя людзі, а самыя родныя і блізкія , якіх так хочацца шанаваць і аберагаць ад усяго злога і нядобрага.

 Ёсць ва ўстанове і пастаянныя фундатары. Заўсёды на просьбы аб той ці іншай дапамозе адклікаецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Насеня. Вось і зусім нядаўна ён разам з мясцовымі прадпрымальнікамі падарылі для бабулек і дзядуль тэлевізар. Не забываюць пра нямоглых старых і вернікі адной з хрысціянскіх канфесій. Юлія Лосіч і ўвесь калектыў аддзялення ўдзячны ўсім, хто неабыякавы да лёсу іх падапечных і аказвае падтрымку.

– У нашай рабоце галоўнае –  любоў і спагада, – кажа Галіна Чарнавокая. – І ні ў якім разе не абыякавасць. Калі ты не будзеш з пяшчотай і спагадай адносіцца да чужога па сутнасці для цябе чалавека, які стаў самым блізкім і родным, ты проста не зможаш тут працаваць.

Як адна сям’я

І ўсё ж, якія б добрыя ўмовы ні былі створаны для жыхароў, кожны з іх марыць аб адным – вярнуцца ў родную хату, дзе, здаецца нават і сцены дапамагаюць.

Самай пажылой жыхарцы аддзялення Аляксандры Шалай з Лахвы сёлета споўніцца 98 гадоў. У бабулі ўжо дрэнная памяць ды і недачувае яна, затое як прыгожа і голасна спявае разам са сваімі сяброўкамі Нінай Брэзінай і Надзеяй Калянковіч. Самая маладая – Наталля Кацуба з Лунінца. Жанчыне 61 год і яна інвалід з дзяцінства. Другім домам стала аддзяленне і для Васіля  Паўловіча з Вулькі 2. 65-гадовы мужчына ў свой час не стварыў сям’і, таму на старасці гадоў застаўся ў поўнай адзіноце.

–          Васіль Патапавіч – самы пазітыўны наш падапечны, –  адзначае Галіна Чарнавокая. – Ён ніколі не скардзіцца і заўсёды ў добрым настроі. Дзядуля ў нас любіць паглядзець тэлевізар, ніколі не прапускае выпуск навін. 

Каля дзесяці гадоў прыкаваны да ложка Пётр Барычэўскі з Бродніцы.

былыя настаўнік Валерый Жукоўскі і падводнік атамахода Пётр Барычыўскі

–          Пяць гадоў я прабыў у бальніцы сястрынскага догляду, – расказвае пра сваё жыццё мужчына, – і вось ужо столькі гадоў я знаходжуся тут. Невядома, што са мной было б, каб не гэтая ўстанова, яе чулыя і спагадлівыя работнікі, якія глядзяць за намі, як за сваімі роднымі.

Пётр Іванавіч – заўзяты аматар-кнігалюб, які перачытаў амаль усе кнігі ў мясцовай бібліятэцы. Вось і зараз мы літаральна адарвалі мужчыну ад чытання.  Пётр Іванавіч знайшоў тут не толькі дах над галавой, але і сяброў.

Тры гады як у аддзяленні знаходзіцца і Валерый Журомскі з Перунова. Жыхары паміж сабой  клічуць яго “дырэктарам”. А ўсё таму, што Валерый Фёдаравіч – былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры, – заўсёды пры касцюме. Сям’я ў мужчыны калісьці была. Ды толькі сталася так, што па-маладосці разышоўся з жонкай, з якой жыў ва ўкраінскім Нікалаеве. Вярнуўся на Лунінеччыну, назаўсёды разарваўшы стасункі з блізкімі людзьмі.

–          Ці не спрабавалі наладзіць сувязь з жонкай і дзецьмі? – дапытваюся ў Валерыя Фёдаравіча.

Хвілінку-другую ён маўчыць. Відаць, што перапаўняюць пачуцці. Здаецца, ледзьве стрымлівае здрадлівыя слёзы, якія вось-вось пакоцяцца з вачэй.

–          Гэта немагчыма, – са скрухай у голасе гаворыць Валерый Фёдаравіч. – Што зроблена, таго ўжо не вернеш. Старэйшы сынок Віктар памёр, застаўся малодшы Саша, але і той вельмі далёка, у іншай краіне. Ды і ці захоча ён са мной гаварыць?

Атмасфера ў аддзяленні  цёплая, сямейная, спакойная. Бабулек і дзядуль тут кормяць чатыры разы ў дзень. Дарэчы, меню  разнастайнае ды і стравы ў повараў атрымліваюцца не толькі карысныя, але і смачныя. За пражыванне ва ўстанове з жыхароў утрымліваецца 85 працэнтаў пенсіі. Але сутнасць нават не ў грашах. Галоўнае, каб пажылыя людзі не адчувалі сябе абяздоленымі, пакрыўджанымі лёсам, ім неабходны клопат і пяшчота, а яшчэ – адчуванне таго, што яны некаму патрэбны. І персанал на чале з Юліяй Лосіч робіць усё магчымае, каб восень жыцця для іх падапечных была па-сапраўднаму цёплай і камфортнай.

Кацярына Яцушкевіч.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть