Новости районаОбществоШестое Всебелорусское народное собрание

Веру – не веру, а лепей – праверу…

Памятаю, як у далёкія часы станаўлення ў журналісцкай прафесіі адзін са старэйшых і больш вопытных калег пахваляўся перад намі – маладымі супрацоўнікамі: “Дайце мне прозвішча, імя чалавека, яго прафесію, месца работы, і я, не выходзячы з кабінета, напішу нарыс!”. Вядома, у вялікай ступені гэта было не што іншае, як жаданне яшчэ вышэй прыўзняцца над намі – “жаўтароцікамі”, бо на практыцы ўпэўніцца ў абяцаным так і не давялося. Але тое, што журналіст нясе адказнасць за кожнае надрукаванае слова – асабіста я засвоіла раз і назаўсёды.

Чаму менавіта зараз усплыў у памяці гэты, на першы погляд, не такі і значны эпізод? А вось чаму. Днямі ў сеціве на старонках аднаго з мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў, пазіцыянуючых сябе ледзь не ісцінай у апошняй інстанцыі, звярнула ўвагу на пераказ размовы з дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, механізатарам дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” Сяргеем Івановым.

Не дужа вялікі па аб’ёме матэрыял, тым не менш, быў багаты на выказванні, якія мякка кажучы, не адпавядалі рэчаіснасці ў дачыненні да самога героя, не лепшым чынам характарызавалі сітуацыю ў адной асобна ўзятай гаспадарцы ды і ў аграпраме раёна ў цэлым. Адзінае, з чым, безумоўна, можна адразу ж пагадзіцца, гэта тое, што Сяргей Іваноў – сапраўдны працаўнік, неабыякавы і мудры. Больш як чвэрць стагоддзя ён у сельскай гаспадарцы і не па чутках ведае, як няпроста працаваць на зямлі.

У астатнім аўтар опуса пра заслужанага чалавека ў фантазіях пераўзышоў, здаецца, самога сябе. Дарэчы, журналіст і да гэтага неаднойчы быў заўважаны ў перакручванні фактаў і падмане, за што не раз “падстаўляў” электронны рэсурс, дзе працуе. Але галоўнае – прыносіў нямала непрыемнасцей звычайным людзям. Не стаў выключэннем і гэты выпадак.

– Брахня, – не хаваючы крыўды выносіць вердыкт публікацыі механізатар. – Як у мяне язык павернецца сказаць, што заробкі малыя? Вось нядаўна атрымаў адпускныя 2200 рублёў, а сярэдняя заработная плата за мінулы год склала 1700. Ды людзі на мяне зараз пальцам будуць паказваць, маўляў, усё яму мала! Камбайн, на якім працую ўлетку, – новенькі, другі сезон усяго. Хіба можна яго назваць старым? Ён беларускай вытворчасці, але абсалютна не саступае ні ў чым замежным аналагам. А што датычыць “Джон-Дзіра”, то я сам (зразумейце!) не здолеў ад яго адмовіцца, бо ўласнаручна перабраў, давёў да толку і ведаю, што на ім без праблем можна працаваць яшчэ не адзін год.

І зусім ужо выбіла з каляіны нашага суразмоўцу “вестка” пра тое, што ён, быццам бы, збіраецца пакінуць гаспадарку і ўвогуле аграпрамысловую галіну.

– Нават гаворкі з “карэспандэнтам” пра гэта не заходзіла! Гэта ўсё роўна, што плюнуць у калодзеж, з якога ваду п’еш! – абураецца Сяргей Георгіевіч. – Ды і куды ісці? Шукаць ад дабра дабра? А дзе лягчэй? Усюды працаваць трэба. Гэта вось так, неабдуманымі словамі, можна лёгка перакрэсліць усё годнае ў жыцці. Больш як 30 калег-механізатараў працуюць побач, і толькі адзін вырашыў падтрымаць мяне за “смеласць”, астатнія ж, думаю, справядліва асуджаюць. Самае горкае, што даводзіцца апраўдвацца за тое, у чым не вінаваты,.

Яно і так, няварта апраўдвацца, Сяргей Георгіевіч. Пакінем на сумленні аўтара і ўладальнікаў інтэрнет-рэсурса “хваравітыя” сведчанні іх неўтаймавальнай фантазіі. Тым больш, што факты (сапраўдныя, а не тыя, што прымроіліся ў дурным сне) сведчаць пра паступальны рух наперад аграпрамысловай галіны раёна, у тым ліку і “Гарадоцкага”. Менавіта яны дазволілі гаспадарцы за кароткі час набыць два трактары, адзін з якіх – найноўшага пакалення энерганасычаных; кормаўборачны і зернеўборачны камбайны, культыватар, пасяўны агрэгат, кормараздатчык… Абнаўленне машынна-трактарнага парку садзейнічала таму, што працэнт зношанай тэхнікі ў “Гарадоцкім”, хоць і прыкметны, але сёння меншы, чым у сярэднім па раёне.

Хаця, справядлівасці дзеля, варта сказаць, што праблем дагэтуль нямала. Аднак кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Дублянін не прамінуў падкрэсліць, што зараз фінансавая нагрузка па плацяжах за банкаўскія крэдыты і набытую ў лізінг тэхніку прыкметна знізілася, а значыць, у перспектыве паявіцца магчымасць мэтанакіравана працаваць у плане абнаўлення і мадэрнізацыі.

Тым больш, што галоўная крыніца фінансавых паступленняў – малочная жывёлагадоўля – развіваецца нядрэннымі тэмпамі. Нават у вялікія маразы, якія некалькі дзён трымаліся на Лунінеччыне, паказчыкі ў надоях мясцовыя жывёлаводы не зменшылі, атрымліваючы ў суткі ад каровы ў сярэднім па 15 літраў малака. Не знізілася ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам і валавая вытворчасць. Паступова нарошчваць яе дапамагае добрая кармавая база: на зімоўку ў разліку на адну ўмоўную галаву назапашана больш як 33 цэнтнеры кармавых адзінак высакаякасных кармоў.

– Разам з тым, разумею, што, у рэшце-рэшт, многае, калі не ўсё, залежыць ад людзей, іх стараннасці, – разважае Сяргей Аркадзьевіч. – І Сяргей Георгіевіч у гэтым – добры прыклад для іншых, асабліва для моладзі. Менавіта таму і вылучыў наш прафсаюз яго дэлегатам на народны форум. Дарэчы, наш калектыў паступова абнаўляецца. Вось і нядаўна прынялі на работу траіх маладых людзей. Добрыя хлопцы. Адзін з іх, вярнуўшыся са службы ў арміі, і тыдня дома не ўседзеў, на работу папрасіўся. Яшчэ пяць вадзіцеляў вучым за кошт гаспадаркі – у каледжы яны адкрываюць дадатковыя катэгорыі. Стараемся забяспечыць маладыя сем’і жыллём. Летась у Лахве справіла наваселле механізатраская сям’я. Ёсць два свабодныя дамы ў Цне.

Да нашай размовы неўзабаве далучыўся галоўны інжынер гаспадаркі Іван Каратыш:

– Сяргей Іваноў – рабацяга, якога пашукаць, – гаворыць Іван Мікалаевіч. – Старанны, клапатлівы, у тэхніцы выдатна разбіраецца. Я сам іншы раз да яго за парадамі звяртаюся. Ніколі не адмаўляе. Ён адданы сваёй прафесіі і рабоце на зямлі, як ніхто. Таму я толькі пасмяяўся, калі даведаўся, што ён нібыта збіраецца звольніцца з гаспадаркі. А тое, што яго вылучылі дэлегатам на сход, падтрымліваю. Яго паважаюць у калектыве. Думаю, што ўдзел у форуме будзе карысным для Сяргея Георгіевіча і пасля завяршэння ён здолее нам з першых вуснаў расказаць, якія надзённыя праблемы там абмяркоўвалі.

– Я, вядома, не палітык, – гаворыць Сяргей Георгіевіч. – Таму мяне хвалююць вельмі жыццёвыя пытанні. Каб тэхніка не стаяла, грошай на ўсё хапала, каб моладзь не баялася работы на зямлі, каб жыла і развівалася наша гаспадарка ды і наша краіна ў цэлым. У вялікай ступені гэта залежыць ад кожнага з нас. Што датычыць самога форума, то для мяне гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. Дарэчы, я ўжо быў дэлегатам трэцяга Ўсебеларускага народнага сходу. Уражанні ад яго не сціраюцца і праз 15 год! Думаю, што і гэты сход будзе не менш запамінальным і значным.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть