КультураНовости районаОбщество

Нязгаснае полымя натхнення Івана Панасюка (Лунінецкі раён)

Няпроста расказаць пра аўтара больш як дзясятка кніг, таленавітага настаўніка, краязнаўцу і перакладчыка Івана  ПАНАСЮКА ў рамках газетнага нарыса. Дзякуючы яму, культурнае жыццё Лунінеччыны папаўняецца новай  літаратурай, цікавымі фактамі, каштоўнымі фотаздымкамі.

Нагодай расказаць пра вядомага земляка паслужыла 75-годдзе з дня нараджэння. Віншаванні з юбілеем Івану Аляксеевічу адрасавалі кіраўніцтва раёна, аддзел па адукацыі райвыканкама, калектывы школ, сябры і знаёмыя, вучні з Бродніцкай базавай і Вялуцкай сярэдняй школ, СШ №2 райцэнтра і былой Лунінецкай школы-інтэрната.

Іван Панасюк нарадзіўся на хутары Лыпкова сяла Астрамечава Брэсцкага раёна. Пасля заканчэння школы ён прыехаў на Лунінеччыну, каб назаўсёды прысвяціць сябе прыгожаму палескаму краю, тварыць на гэтай зямлі.

Ён з дзяцінства марыў стаць мараком. Вярнуўся з арміі дзядзька, і вайсковая яркая форма запала ў хлапечае сэрца.  У падлеткавых мроях Іван уяўляў сябе капітанам магутнага карабля, які разразае водную прастору, несучы ў свет чароўных уяўленняў. Яму пашанцавала – служыць залічылі на флот. Прайшоў строгі адбор і стаў вадалазам. Ды лёс непрадказальны. Падчас выканання экстраннай задачы сэрца дало збой. Па стане здароўя яго “спісалі” на бераг…

Тады Іван Аляксеевіч змяніў род дзейнасці. У розныя перыяды быў настаўнікам фізкультуры, чарчэння, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Выкладаў нямецкую мову. Часта практыкаваў размоўную форму навучання. Калі ў раён прыязджалі госці з Германіі, арганізоўваў сустрэчы, віктарыны. Натхнёны даследчык распытваў, запісваў, запамінаў. Рабіў пераклады з польскай мовы.

Яму пашанцавала спаткаць такую ж улюбёную ў сваю прафесію настаўніцу біялогіі і геаграфіі Ларысу Канстанцінаўну. Пазнаёміліся падчас работы ў Вялуцкай школе. Разам былі не толькі дома і на рабоце. Здаецца, іх сэрцы біліся ў адзіным рытме.

Сэнсам жыцця сям’і Панасюкоў стала адзіная дачушка Марына. Пяшчотнай кветачкай расла яна, пазнаючы свет і раскрываючы здольнасці, якія перадаліся ў спадчыну. Але яе палёт абарваўся ў самым пачатку шляху – 19-гадовай дзяўчына пайшла ў небыццё…

У той крытычны момант ад невыноснага болю бацькоў ратавала праца. Аддаючы ўсе сілы вучням, яны імкнуліся адцягнуць увагу ад пустаты ў доме і сэрцах. Трымаліся мужна, не паказваючы акружаючым, як ім цяжка. Тое пакутлівае адчуванне страты не знікла, яно змянілася памкненнем ствараць, жыць не для сябе, а для іншых.

Два з паловай года таму Іван Панасюк, вобразна кажучы, застаўся без крылаў: не стала яго адзінай спадарожніцы Ларысы Канстанцінаўны – надзейнай сяброўкі, умелага крытыка і мудрага дарадчыка. Разам з каханай жанчынай ён страціў жыццёвы сэнс. Шэрасць і няўтульнасць выглядаюць з кожнага кутка пустой кватэры, якая нагадвае музей. На сценах – фотаздымкі, маўклівыя сведкі таго, што кранала сэрца неабыякавага чалавека.

І зноў паратункам для Івана Аляксеевіча з’яўляецца творчая дзейнасць. Многія задумкі засталіся незавершанымі, таму ён спяшаецца разабрацца ў запланаваных справах.

Пашанцавала Велуце і Навасёлкам – дзякуючы краязнаўцу, населеныя пункты ўвекавечаны ў кнігах, дзе расказваецца пра гісторыю, мову, абрады, працоўныя будні людзей. Настаўнік шмат год вёў музейную работу, і гэта паслужыла стымулам для стварэння патрыятычнага твора “Пісьмы камандзіраў”. А колькі сіл і часу пайшло на даследаванне прыродных багаццяў Лунінеччыны. Наш зямляк з’яўляецца членам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Пра дасягненні Івана Панасюка расказвалі госці, якія прыехалі павіншаваць яго з юбілеем. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч уручыла Ганаровую грамату ад раённага Савета дэпутатаў. Цёплыя словы выказалі настаўнікі СШ №2 Дзіяна Сладзінская і Сяргей Карпец, ветэраны педагагічнай працы Наталля Казанкова і Кацярына Пракапчук. Размову ўвесь час перапынялі тэлефонныя званкі – вялікая гвардыя прыхільнікаў вядомага на Лунінеччыне чалавека імкнулася адрасаваць прызнанні ў пажаданнях моцнага здароўя і творчага натхнення, каб яшчэ доўга агеньчык у яго сэрцы палымнеў, адкрываючы новыя нязведаныя дагэтуль старонкі ў гісторыі нашага краю.

Марыя Яраховіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть