АгропромНовости района

Падзяка – з дастаўкай

У сельскай гаспадарцы ў любую пару года клопатаў хапае, бо ад зладжанай работы адной галіны залежыць устойлівае функцыянаванне іншых. Значным складнікам поспеху з’яўляецца якасная і ў тэрмін нарыхтоўка.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Барыс Абравец, сезонная нарыхтоўка кармоў ідзе даволі прадуктыўна. Філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” першым завяршыў першы ўкос і закладку сенажных ям сярод сельгасарганізацый раёна. Зараз лобчанскія механізатары накіраваліся на дапамогу да калег у дзяржаўнае прадпрыемства “Сінкевічы”…

А грашовай прэміяй і падзячным пісьмом Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвынканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК у “Лобчанскім” вырашылі заахвоціць кладаўшчыка Ніну Несцераву. На першы погляд здаецца, што ў яе простая работа і не патрабуе якіх-небудзь намаганняў. Але гэта не так. Кладаўшчык выдае фураж для кармлення жывёлы, мінеральныя ўдабрэнні, складае пярвічную дакументацыю, сочыць за парадкам на тэрыторыі…

– Улетку, падчас нарыхтоўкі кармоў і ўборачнай, клопатаў становіцца больш. Трэба прыняць на захоўванне, узважыць, вымерыць вільготнасць… – тлумачыць Ніна Мікалаеўна. – Імкнуся выконваць свае абавязкі добра.

– Гэта вельмі старанны працаўнік, не можа яна працаваць, спусціўшы рукавы, – характарызуе намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” Міхаіл Ільючык. – Паважаем яе за тое, што ніколі не адступае перад цяжкасцямі, не скардзіцца, што ёй нешта перашкаджае.

– Узнагароджанне лепшых работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – гэта перш за ўсё ўшанаванне чалавека працы, – падкрэсліла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак. – Кожны аграрый, які працуе на зямлі, павінен ведаць, што яго працу ацэняць і заўважаць. Алена ДАНІЛОВІЧ.
Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть