Новости районаОбщество

Самыя смачныя булкі Марыі Мірановіч з Ракітна (Лунінецкі раён)

У кожнага з нас ёсць свае вытокі, свае карані. І дзе б мы ні жылі: у тлумных мегаполісах ці маленькіх гарадах, рана ці позна, але голас сэрца, а можа, генетычная памяць пакліча-павабіць да роднага бацькоўскага парога. Ведаю многа такіх людзей, паспяховых і не вельмі, якія аднойчы, пакінуўшы гарадскія кватэры з выгодамі, з радасцю вярталіся на сваю маленькую радзіму. І, як ні дзіўна, адчувалі сябе вельмі шчаслівымі, таму што ўсе мы родам з вёскі. І гэтая повязь з роднай зямлёй не перарвецца. Вяскоўцы бліжэй да Бога, таму што яны дзеці зямлі і наталяюцца яе гаючай жыццёвай сілай.

Марыя Мірановіч з Ракітна нідзе далёка не ез-дзіла, а ўсё сваё жыццё пражыла ў тутэйшых мясцінах. Як гаворыцца ў народнай прымаўцы, “дзе нарадзілася, там і згадзілася”. Прыгожая сядзіба гаспадыні стаіць амаль у самым канцы галоўнай вуліцы. Прыадчыніўшы веснічкі, Марыя Сцяпанаўна гасцінна запрашае прайсці ў хату. У невялікай кухні, добрую палову якой займае дыхтоўная печ, стаіць непаўторны водар толькі што спечаных булак, надыхацца якім здаецца проста немагчыма. Мая суразмоўца сапраўдная майстрыха-чараўніца, таму што найсмачнейшыя ў свеце караваі, булкі, пірагі ды плюшкі атрымліваюцца менавіта ў яе. І калі толькі яна ўсюды паспявае: цеста расчыніць, хлеба напячы, у хаце ды на падворку парадак навесці. Сапраўды, бадзёрасці ды аптымізму Марыі Сцяпанаўне не займаць. Яна – незвычайная жанчына: спагадлівая і вельмі добрая, рухавая ды працавітая. Хаця няпростым ды і нялёгкім было яе жыццё. Як і ўсе вясковыя дзеці, Марыйка з шасці гадоў дапамагала абрабляць сваёй матулі дзялкі з буракамі, якая шчыравала паляводам  у мясцовым калгасе.

–  Жылі, працавалі, на цяжкасці не скардзіліся, – працягвае гаворку жанчына. – Пасля заканчэння тэхнікума ўладкавалася ў Лахвенскае сельпо бухгалтарам. Затым на працягу 18 гадоў загадвала магазінам. Муж быў шафёрам у калгасе. У свой час, калі былі маладзейшымі, трымалі немалую гаспадарку, завіхаліся ў полі. Паднялі на ногі і вывелі ў свет траіх дзяцей. Зараз радуюся ўнукам. На жаль, 11 гадоў таму гаспадара не стала.

Марыя Сцяпанаўна ад непапраўнай страты рук не апусціла, наадварот, стала больш чулай і адкрытай. Зараз яна радуецца кожнаму новаму дню і за ўсё ўдзячна Госпаду.

– Хлеб пякла яшчэ мая маці, – кажа вяскоўка, – ад яе я і навучылася, як правільна расчыняць ды замешваць цеста. Ніякіх вялікіх сакрэтаў у выпечцы булак ці каравая няма, галоўнае – да справы падыходзіць з душой і любоўю. Бо калі нешта рабіць праз сілу, тады нічога і не атрымаецца.

Перад тым, як распачаць выпечку, Марыя Сцяпанаўна заўсёды просіць благаславення ва Ўсявышняга, каб хлеб атрымаўся смачным ды ўдалым. Некалькі разоў на тыдзень працавітая гаспадыня расчыняе цеста. Хлебабулачныя вырабы  даўно ў магазіне не купляе. Сваім печывам заўсёды частуе родных ды знаёмых. У гэтай высакароднай справе ёй дапамагае нявястка Ірына, якая з сям’ёй жыве побач, у суседняй хаце.

– Ірынка, мая дачушка, інакш яе і не называю, – гаворыць жанчына, – робіць самае адказнае – дапамагае замешваць цеста, устаўляе булкі ў печ. У прыгатаванні вельмі важны замес. Дрэнна вымесіш цеста – нічога не атрымаецца.

 Да працэсу з ахвотай далучаюцца і ўнукі. Задача старэйшага – прынесці дроў, а самы малодшанькі, які пакуль наведвае дзіцячы садок, любіць раскатваць цеста. Словам, у кожнага свой занятак.

У выпечцы каравая ці булак важна кожная дэталь. Ад таго, наколькі смачным ды карысным будзе хлеб, залежыць літаральна ўсё: парода і якасць дроў, напаленасць самой печы і нават настрой гаспадыні. Каб спячы некалькі боханаў хлеба, па-трэбна ні многа, ні мала, а каля 7 гадзін. Пагадзіцеся, працэс даволі-такі працаёмкі. 

Дарэчы, да самой печы ў жанчыны свае асаблівыя адносіны. Яна з ёй нават размаўляе, як з жывой істотай, і ганарыцца сваёй карміцелькай, у нутро якой змяшчаюцца 7 блях.

– Дзеці колькі часу на мяне ўсё сварацца, гавораць, што даўно трэба выкінуць яе з кухні, –  адзначае Марыя Сцяпанаўна. – А я не згаджаюся. Бо без печкі хата як без душы. Некалькі разоў у год падбельваю яе і яна мне спраўна служыць. Калі-нікалі нават гатую ў печы, смажу яечню, бліны. Смак у ежы зусім іншы, чым, калі стравы былі б прыгатаваныя на газавай пліце.  

У гасціннай хаце Марыі Мірановіч смачна пахне булкамі. Жанчына адразае хрумсткую скібачку і частуе. Толькі ад аднаго водару, напоўненага пахам такога далёкага і незваротнага дзяцінства, кружыцца галава і на вачах з’яўляюцца слёзы. Дай Бог вам моцнага здароўя, шаноўная гаспадыня, за спагаду і той пазітыў, які вы несяце ў гэты свет і адорваеце ім усіх навокал.

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть