У чарзе на высяленне: як лунінчанам трэба аплачваць камуналку
Новости района

У чарзе на высяленне: як лунінчанам трэба аплачваць камуналку

Ад таго, наколькі своечасова і ў поўным памеры спажыўцы жыллёва-камунальных паслуг уносяць аплату па “жыроўках”, у пэўнай ступені залежыць стабільнасць работы сістэмы ЖКГ. На жаль, не ўсе лунінчане гэта разумеюць. Ці павялічылася іх колькасць за апошнія два месяцы, калі на асобных тэлеграм-каналах паявіліся заклікі не разлічвацца за паслугі камунальнікаў. Аб гэтым, а таксама аб тым, якія санкцыі пагражаюць неплацельшчыкам, вядзем размову з юрысконсультам КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖГК” Андрэем Раковічам:

– Лунінчане не паддаліся правакацыям і праявілі мудрасць у плане разлікаў за жыллёва-камунальныя паслугі. Агульная сума пратэрмінаванай запазычанасці за апошнія некалькі месяцаў нават зменшылася. Хаця спіс неплацельшчыкаў па-ранейшаму застаецца вялікім – прыкладна 1500 чалавек.

– Як змагаецеся з імі?

– Самы першы крок – гэта налічэнне пені. Не аплаціў камунальныя паслугі 25 чысла, а 26-га яна ўжо капае па 0,3 працэнта ў дзень ад сумы запазычанасці. Пеня налiчваецца ў абавязковым парадку, без усякіх папярэджанняў і пісьмовых апавяшчэнняў.

– Калі гэта не дапамагае?

– Праводзім прафілактычную работу – тэлефануем, дасылаем ліст-напамін. Але гэта ў выпадку, калі запазычанасць складае 1-2 месяцы. Калі размовы не дапамагаюць, спыняем аказанне паслуг і прымяняем такую санкцыю, як выканаўчы надпіс у натарыуса – распараджэння аб прымусовым вышуку сродкаў. З пачатку года такая мера прыменена да 269 абанентаў.

– Але ж бывае так, што ў чалавек тарпіў у складаную жыццёвую сітуацыю і не мог своечасова разлічыцца за паслугі ЖКХ. Ці можна разлічваць на адтэрміноўку?

– Можна. Але для гэтага грамадзянін павінен прыйсці да нас і напісаць адпаведную заяву з указаннем даты ўнясення аплаты.

– Некаторыя лічаць, што калі аплачваць частку належачай сумы, то ў суд на такога даўжніка камунальным службам падаць больш складана. Ці так?

– Гэта памылковае меркаванне. У нас сістэма плацяжоў пабудавана такім чынам, што немагчыма аплаціць толькі нейкую адну паслугу з рахунка-паведамлення. Калі вы аплачваеце ўсю суму, якая стаіць у паведамленні, пратэрміноўкі няма. Калі ж аплачваеце часткова, тады запазычанасць узнікае па ўсіх паслугах, і мы маем права прымяняць санкцыі.

– Самае жорсткае пакаранне, якое пагражае за даўгі – высяленне з кватэры. Наколькі гэта актуальна для нашага раёна?

– Сёлета выселілі аднаго чалавека з сацыяльнага жылля і траіх – з інтэрната. Такая санкцыя прымяняецца ў тых выпадках, калі абанент не плаціць на працягу 6 месяцаў. Уласнік не абавязаны прапаноўваць альтэрнатыў, калі чалавек, які пражывае на яго жылплошчы, парушае рэгламенты адміністрацыйнага або жыллёвага кодэкса Беларусі. Такім чынам, па рашэнні суда з інтэрната людзі былі выпісаны «на вуліцу». Грамадзяніну, які быў зарэгістраваны ў “сацыяльнай” кватэры, прадаставіллі нядобраўпарадкаванае жыллё без выгод.

Без даху над галавой можа застацца і гаспадар прыватызаванай кватэры, калі без уважлівых прычын не будзе плаціць за паслугі ЖКГ больш як паўгода. Такія іскі падае мясцовы орган улады. Гэта прапісана ў артыкуле 155 Жыллёвага кодэкса. І ўсё ж у чалавека ёсць час. Пагасіць запазычанасць ён зможа на працягу года. Калі так і не разлічыцца, яго жыллё прададуць з таргоў. Частка грошай пойдзе на пагашэнне доўгу, частка – вернецца гаспадару. Зрэшты, з прыватызаваных кватэр у Лунінцы пакуль нікога не высялялі.
P.S. Закон адзіны для ўсіх, і пры парушэнні абавязацельстваў па ўнясенні платы за жыллёва-камунальныя паслугі ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны (за кожны месяц не пазней 25-га чысла наступнага за ім месяца) наступаюць прававыя наступствы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть