МикашевичиМолодежьНовости районаОбществоПроисшествия

У Лунінецкім раёне зарэгістравана 64 злачынства ў адносінах да непаўналетніх, у тым ліку і сексуальнае насілле

У вялікай зале Дома Саветаў прайшоў семінар, накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці прафілактыкі суіцыдаў, выяўленні прыкмет сексуальнага насілля над дзецьмі, арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы з непаўналетнімі.

На яго запрасілі сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі раёна, бацькоў-выхавальнікаў з дамоў сямейнага тыпу, прыёмных матуль і татаў. Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч заўважыў, што статыстыка мінулага года і першага квартала сёлета не радуе. Летась у раёне загінулі чацвёра непаўналетніх: дзве дзяўчынкі патанулі, з адным школьнікам здарыўся няшчасны выпадак, другі – закончыў жыццё самагубствам. Яшчэ дзве юныя асобы ўчынілі парасуіцыды.

Акрамя таго, дзеці станавіліся пацярпелымі ад рознага роду злачынстваў – такіх было 64. Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што павялічылася колькасць ахвяр сексуальнага насілля: у 2021-ым пацярпелі 6 дзяўчынак, з пачатку гэтага года – ужо 11… Дагэтуль сустракаюцца выпадкі цяжарнасцей у дзяўчат, недасягнуўшых паўналецця. На жаль, рэгулярна падлеткі пераступаюць рысу закона. Як правіла, правапарушэнні і злачынствы звязаны з ужываннем алкагольных напіткаў і таксічных рэчываў, паяўленнем у грамадскіх месцах у п’яным выглядзе, крадзяжамі і хуліганствамі. Не меншае аматараў забрацца ўнутр нежылых аб’ектаў ці на дахі будынкаў, каб выканаць трукі або зрабіць уражваючыя фотаздымкі і відэаролікі.

– У тым, якія беды здараюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, цалкам вінаватыя дарослыя, – зазначыў Анатоль Міхайлавіч. – Жыццё паказвае, што ёсць упушчэнні як у выхаванні з боку бацькоў, так і ў рабоце зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі. У самыя сціслыя тэрміны неабходна намеціць канкрэтныя крокі, каб не дапусціць пагаршэння сітуацыі.

Якую падтрымку могуць аказаць у гэтым плане медыкі, расказаў урач псіхіятр-нарколаг Вячаслаў Кругавец. Па яго словах, у 90 працэнтах выпадкаў суіцыдаў падлеткі “крычаць аб дапамозе” і толькі астатнія 10 – маюць сапраўднае жаданне пакончыць жыццё самагубствам. У ЦРБ вядуць пастаянны ўлік і аналіз усіх здарэнняў, з наступнай спецыялізаванай дапамогай дадзенай катэгорыі грамадзян. У раённай паліклініцы ажыццяўляюць прыём урач-псіхатэрапеўт Таццяна Кругавец і псіхолаг Вера Санюковіч. Застаюцца запатрабаванымі “тэлефоны даверу”, не губляюць актуальнасці сустрэчы з працоўнымі і вучнёўскімі калектывамі.

– Мы заўсёды гатовы адгукнуцца на просьбы настаўнікаў з пункту гледжання прафілактыкі, – падкрэсліў Вячаслаў Сяргеевіч. – Звяртайцеся загадзя, каб спланаваць графік выездаў. Няма нічога больш інфарматыўнага, як назіраць за падлеткамі. Любыя змены ў настроі – яго пагаршэнне ці наадворот узнёсласць – маюць пад сабой падставы. Булінг і тролінг даволі распаўсюджаныя, таму важна як мага раней выявіць праблему і накіраваць усе намаганні для яе карэкцыі.

– Страта блізкіх, развод бацькоў, расчараванне ў першым каханні, дрэнныя ацэнкі – далёка не ўвесь пералік таго, што можа ўзрушыць малады неакрэплы арганізм, – падтрымала калегу Вера Санюковіч. – Ёсць асобная просьба да бацькоў: калі спецыялісты выяўляюць схільнасць да суіцыдальных паводзін ці павышаны ўзровень трывожнасці, не адмаўляйцеся ад дапамогі. Інакш можа здарыцца бяда. Каму тады стане лягчэй?

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Вадзім Каржаневіч звярнуў увагу, што ў заканадаўства ўнесены некаторыя змяненні. Падлеткаў паставяць на ўлік і будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу напрацягу аднаго года ў трох выпадках: калі юнак ці дзяўчына ўчынілі правапарушэнне і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці; калі вызвалены ад яе з прымяненнем мер выхаваўчага характару; або калі не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. А якой гэта можа быць работа ў навучальных установах, пра-аналізаваў памочнік пракурора Адрыян Бахонка. Сярод распаўсюджаных заўваг – недакладнае афармленне дакументаў, невыкананне планавых мерапрыемстваў, фармальны падыход.

Меркаваннямі таксама падзяліліся дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Свібовіч, загадчыца сектара выхаваўчай работы і аховы правоў дзяцінства аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Трэгубава, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна.

Наталля Паўлюкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть