Новости районаОбществоШестое Всебелорусское народное собрание

Варта разам падумаць, як адрадзіць малую радзіму – дэлегат ВНС

У дэлегацыю Лунінецкага раёна, якая прыме ўдзел у рабоце VI Усебеларускага народнага сходу, упершыню ўвайшла настаўніца Рэдзігераўскай СШ Вольга Аўчарук:

– Як матуля, лічу правільнай палітыку дзяржавы ў плане падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Так і павінна быць. Аднак не сакрэт, што тым жа мнагадзетным, якія жывуць у вёсках, часцей прапаноўваюць паляпшаць жыллёвыя ўмовы ў горадзе. Вось і атрымліваецца, што нашы вёскі застаюцца без моладзі. Варта разам падумаць, як адрадзіць малую радзіму, каб яна не страчвала сваіх жыхароў. У Рэдзігераўскай школе колькасць вучняў таксама скарачаецца, а дзве базавыя ўстановы адукацыі, размешчаныя побач, у свой час закрылі.

Яшчэ адной праблемай, што хвалюе педагогаў, з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Як класны кіраўнік, часта праводжу мерапрыемствы ў музейных кутках школы. Тут размешчаны звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Шмат увагі ўдзяляю захаванню культурнай спадчыны, арганізоўваючы экскурсіі па гісторыі роднага краю, знаёмлю з работамі мясцовых майстроў народнай творчасці.

Ірына Лукашэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:
– Вольгу Міхайлаўну лічу надзейнай калегай, здольнай вырашаць любыя пастаўленыя задачы. З цягам часу яна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. Неаднаразова яе навучэнцы ўдзельнічалі ў раённым фестывалі-конкурсе знаўцаў замежнай мовы, канферэнцыях даследчых работ “З навукай у будучае”, дзе займалі прызавыя месцы. Дыпломам ІІ ступені адзначаны ўдзел Вольгі Міхайлаўны ў конкурсе метадычных распрацовак па нямецкай мове “Формула поспеху”.

В.М. Аўчарук – класны кіраўнік у адным з самых вялікіх класаў у школе – 9-ым. Асаблівасці яму надае той факт, што вучацца тут 14 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак. Пастаў сёння іх разам з настаўніцай, дык Вольга Міхайлаўна на іх фоне нават крыху згубіцца. Але знешняе адрозненне ні якім чынам не перашкаджае ўтрымліваць сярод выхаванцаў аўтарытэт і павагу. Яе чуюць і слухаюцца. Калі ў каго-небудзь з вучняў па нейкіх прадметах здараюцца складанасці, то класны кіраўнік з лёгкасцю адшукае патрэбны ключык і дастукацца да сэрцаў юных землякоў.

Ірына Голікава, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

– Мы разам выраслі з Вольгай Міхайлаўнай, і ў нашу школу прыйшлі з розніцай у адзін год. Гэта сонечны, дабрадушны і спагадлівы чалавек. Таленавіты і настойлівы! Да ўсіх пытанняў, якія датычаць выкладання свайго прадмета і класнага кіраўніцтва падыходзіць сумленна і адказна. Прыемна, што маёй калезе выпаў гонар прадстаўляць малую радзіму на такім высокім форуме! Паверце, яна вартая такога гонару, і калі выпадзе нагода выступіць, каб расказаць аб справах у глыбінцы, Вольга Міхайлаўна не падвядзе!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть