Новости районаОбщество

Віктар Рафаловіч наведаў “Палессеэлектрамаш”

Візіт старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Рафаловіча на ААТ “Палессеэлектрамаш” пачаўся з гутаркі ў кабінеце дырэктара.

Кіраўнік прадпрыемства Васіль Калодзіч расказаў аб планах на перспектыву, у тым ліку пра запуск чыгуналіцейнага цэха, новыя узоры электрарухавікоў. Закрануў і праблемы, якія датычаць узросшых цэн на сыравіну, складанасці ўтрымліваць высокія аб’ёмы вытворчасці з-за зношанасці абсталявання. Для таго, каб станкі і агрэгаты працавалі бесперабойна, неабходна інвеставаць у рамонт каля 10 мільёнаў рублёў. Нягледзячы на такія праблемы, прадпрыемства працягвае функцыянаваць, знаходзячы новыя ідэі і рынкі збыту…

Размова працягнулася ў зале пасяджэнняў, дзе сабраліся прадстаўнікі інжынерна-тэхнічнага персаналу і цэхаў. Віктар Рафаловіч, звяртаючыся да завадчан, адзначыў, што важна захоўваць традыцыі і развіваць прадпрыемства. Не спыняцца, шукаць новыя шляхі і напрамкі, пашыраць магчымасці і павялічваць магутнасць і нарошчваць эфектыўнасць.

Кіраўнік дэпутацкага корпусу, які быў дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу, расказаў пра асноўныя абмеркаванні і вынікі праведзенага форуму. Растлумачыў, якія рашэнні і прыярытэты былі вызначаны на будучую пяцігодку, а таксама асноўныя пасылы для краіны ў выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

– Галоўны акцэнт – упэўненасць у заўтрашнім дні і арыенцір на ўпартую працу. Многія прапановы, якія былі агучаны на дыялогавых пляцоўках, адлюстраваны ў стратэгіі развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Увага нададзена праграме рэгіянальнага развіцця. Яна будзе накіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця, працы і бізнесу ткіх тэрыторый, як наша Лунінеччына. За апошнія гады Беларусь пашырыла геаграфію сваіх магчымасцей. Мы – самастойныя, у нас свая пазіцыя, свае рынкі збыту. Гандлёвыя зносіны з іншымі краінамі ўзраслі ў дзясяткі разоў. Узяць, напрыклад, наш малочны завод, які супрацоўнічае з 25 краінамі свету.

У сваім выступленні Віктар Рафаловіч закрануў некаторыя палітычныя аспекты, надаў увагу стартаваўшай у раёне кампаніі супраць каронавіруснай інфекцыі. У бліжэйшы час плануецца, што ў рэгіён будзе дастаўлена 7 тысяч доз расійскай вакцыны “Спутник V”.

– Я таксама планую ў бліжэйшы час зрабіць прышчэпку і вам раю, – запэўніў Віктар Анатольевіч. – На сайце lnc.by змешчаны тэлефоны, па якіх можна падаць заяўку.

На развітанне Віктар Рафаловіч павіншаваў жанчын з надыходзячым святам і пажадаў казачнага настрою, пяшчотных мужчынскіх абдымкаў, кар’ернага росту, сямейнай стабільнасці, яркіх уражанняў, фінансавай незалежнасці, шчаслівых усмешак і шмат такіх чароўных дзён, як 8 Сакавіка!

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть