ЗдоровьеНовости района

Віталь Дзегцягроў: бытавыя траўмы складаюць 75 працэнтаў ад агульнай колькасці пакалечанняў

За жыццё і здароўе дзяцей адказваюць дарослыя. Адорчваючы іх любоўю і клопатам, мамы і таты іншы раз грэбуюць важнай справай – навучыць сыноў і дачушак элементарным правілам бяспекі. Бывае, што неасцярожнасць прыводзіць да сумных наступстваў. Якіх, пацікавіліся ў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталя Дзегцягрова:

– Атрыманая дзіцём траўма нярэдка становіцца прычынай стойкіх функцыянальных парушэнняў у арганізме. Так, некаторыя пераломы заканчваюцца скрыўленнем ці ўкарачэннем канечнасці. Шрамы, якія застаюцца пасля апёкаў, сцягваюць суставы, абмяжоўваючы іх рухавасць. Недастатковая актыўнасць пальцаў па прычыне ранення кісці абмяжоўвае ў далейшым выбар прафесіі. Пасля сатрасення мозгу пацярпелыя яшчэ доўгія гады скардзяцца на галаўны боль, бяссонніцу, дрэнную памяць, немагчымасць сканцэнтравацца.

Паводзіны дарослых у паўсядзённым жыцці вызначаюцца шэрагам звычак і дзеянняў, якія чалавек выконвае аўтаматычна, не задумваючыся. Іх трэба перагледзець, калі ў сям’і паяўляецца дзіця. Так, адчыненыя вокны і балконныя дзверы пры няўважлівасці могуць прывесці да бяды, а непрыбраныя лякарствы, якія іншы раз маюць яркія этыкеткі ці складаюцца з рознакаляровых таблетак, – стаць прычынай цяжкага атручвання. Прагулкі на свежым паветры варта выкарыстоўваць для практычнага навучання сыноў і дачушак правілам паводзін на вуліцах. Гэтай жа мэце паспрыяюць дэманстрацыя малюнкаў, чытанне кніг, паказы відэаролікаў.

– Дзе атрымліваюць траўмы нашы дзеці?

– У быце: кватэры, калідоры, на лесвічнай пляцоўцы, у двары дома… Яны складаюць 70-75 працэнтаў ад агульнай колькасці пакалечанняў. Як паказвае жыццё, часцей пакутуюць дзеткі дашкольнага ўзросту. Калі гаварыць пра немаўлят, то ў іх нярэдка фіксуюцца апёкі, пераломы, удары, падзенні, атручванні, раненні колючымі прадметамі, пападанні ў дыхальныя шляхі дробных іншародных целаў і рвотных мас. Папярэджванне няшчасных выпадкаў цалкам залежыць ад дарослых. Вось чаму важна правільна захоўваць запалкі, атрутныя вадкасці, асцярожна абыходзіцца з электрапрыборамі, посудам з гарачай вадкасцю і г.д.
У хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшага ўзросту разам з бытавымі ўзрастаюць вулічныя траўмы. Яны – самыя цяжкія, звязаны з інтэнсіўнасцю руху на дарогах. На жаль, не маюць тэндэнцыі да зніжэння. Пакалечанні бываюць шматлікімі, што можа прывесці да інваліднасці ці гібелі дзіцяці. Асноўныя прычыны – безнагляднасць, уласнае няведанне і невыкананне ПДР, гульні на праезнай частцы, непасрэдная віна вадзіцеляў транспартных сродкаў. Нагадаю, што пры перавозцы дзяцей у аўтамабілі неабходна выкарыстоўваць спецыяльнае крэсла і рамяні бяспекі.

Няшчасныя выпадкі пры яздзе на веласіпедзе з’яўляюцца распаўсюджанай прычынай траўматызму сярод старшакласнікаў. Сумных гісторый удасца пазбегнуць, калі не стамляцца напамінаць пра паводзіны на дарозе. Для абароны не лішнім будзе апранаць на галаву шлемы.

– Нярэдка на нашых вуліцах можна бачыць дарослых і дзяцей, якія катаюцца на роліках. Наколькі бяспечны гэты сродак перамяшчэння?

– Сапраўды, ролінг апошнім часам стаў асабліва папулярным, але яшчэ ні адно захапленне не прыводзіла да такога наплыву параненых. У ім занадта высокія патрабаванні да валодання целам: найменшы збой прыводзіць да падзення. Набываючы ролікавыя канькі, навучыце дзяцей спачатку стаяць на іх. Не купляйце рэчы кітайскай вытворчасці, хоць і каштуюць яны танней. Бо, як правіла, яны траўманебяспечныя і недаўгавечныя. Халява павінна служыць добрай апорай, а значыць быць цвёрдай. Калі самі не можаце навучыць хаця б аднаму метаду тармажэння, запрасіце дасведчанага ролера. Не забудзьце пра накаленнікі, налакотнікі, напульснікі і шлемы. Катацца трэба далей ад аўтамабільных дарог. Варта пазбягаць высокіх хуткасцей, сачыць за рэльефам трасы, быць уважлівым.

– Параўнаўча нядаўна Лунінеччыну ўскалыхнула вестка аб гібелі малалетняй дзяўчынкі ў вадзе…

– На вялікі жаль, падобныя трагедыі здараюцца ці не штогод. Дарослыя павінны навучыць дзяцей правілам паводзін і ні на хвіліну не пакідаць малых без нагляду паблізу вадаёмаў ці падчас мыцця ў ванне. Малышы могуць патануць менш, чым за дзве хвіліны. Калі гэта прыватны сектар, то трэба зачыняць калодзежы і іншыя вялікія ёмістасці ў гаспадарцы.

Разам з вадой небяспеку нясе агонь. Апёкаў можна пазбегнуць, калі трымаць дзяцей далей ад гарачай пліты, ежы і праса, полымя свечкі, вогнішчаў, выбухаў петард; устанаўліваць пліты даволі высока ці адкручваць ручкі канфорак; хаваць лёгкія на ўзгаранне вадкасці – бензін, газу, а таксама запалкі, свечы, запальніцы, бенгальскія агні і інш.

Калі ўспомнілі пра ежу, то падкрэслю, што малышам нельга даваць прадукты з маленькімі костачкамі ці семкамі. Кашаль, шумнае частае дыханне або немагчымасць выдаваць гукі – гэта трывожныя сімптомы магчымага ўдушша. Як мага далей ад хлопчыкаў і дзяўчынак варта захоўваць атрутныя рэчывы, медыкаменты, адбельвальнікі, кіслоты і гаручае. Уважліва трэба сачыць, каб малышы не ўткнулі пальцы ці якія-небудзь прадметы ў электрычныя разеткі. Увогуле, дарослым неабходна заўсёды памятаць, што ў іх руках знаходзяцца жыццё і здароўе сыноў і дачушак. Давайце ім падорым шчаслівае дзяцінства, без траўмаў і лішніх зваротаў да ўрачоў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть