100 метращ да ЦЫВІЛІЗАЦЫІ…
Але яе пазбаўлены жыхары дамоў №39 і №41 па вуліцы Меліярацыйная ў Лунінцы.
Вуліца, заасфальтаваная ў 1980-ыя, фармальна лічыцца добраўпарадкаванай. Цывілізацыя спыняецца каля адміністрацыйнага будынка ПМК-7 – там, дзе заканчваецца цвёрдае пакрыццё. Дакладней, яно працягваецца, але далей асфальт схаваны пад тоўстым слоем пяску. Яго нанасілі, шчодра прыпарушыўшы цэментам, пераважна спецыялізаваныя аўтамабілі названай будаўнічай арганізацыі, што робіць немагчымымі ўмовы жыцця домаўладальнікам.
– На лета не дастаем двайныя вокны, – гаворыць Марыя Васільеўна Пауліч, – але і гэта не ратуе ад пылу. На двор немагчыма выйсці. У палісадніку хацелі высекчы старыя дрэвы, але вырашылі пакінуць – хоць слабая, але перашкода пылу…
– Вільготную ўборку ў пакоях вымушаны рабіць штодня, фіранкі трэба мяняць ці не штотыдзень, – перажывае Марыя Максімаўна Пауліч. – Сорамна прызнацца, але мыем бялізну толькі ў нядзелю, калі крыху спыняецца рух транспарту.
Магчыма, калі б насупраць, у цяпер закрытых будынках былых сталовай і інтэрната ПМК-59, віравала жыццё, парадак быў бы наведзены своечасова. Пакуль жа дзве сям’і церпяць ад няўзгодненасці дзеянняў гарадскіх службаў. І самі, ствараючы штучны земляны насып уздоўж бардзюра, па-гаспадарску спрабуюць абараніць пешаходную дарожку ад вады, якая збіраецца ў нізіне пасля дажджу.
Суразмоўнікі звярнулі ўвагу яшчэ на адну праблему. Па Меліярацыйнай ажыўлена едуць на веласіпедах і служачыя аэрадрома, і проста лунінчане ў навакольны лес. Вуліцу, завяршаючы яе, перасякае чыгунка, пераадоленне якой стварае небяспеку без абсталяванага пераезда. Ці не лепш, чым чакаць здарэння, папярэдзіць яго патэнцыяльныя наступствы?