Новости районаОбщество

“100 пытанняў даросламу” Ці лёгка быць пракурорам? (Лунінецкі раён)

Сустрэча старшакласнікаў СШ №2 г. Лунінца з пракурорам раёна Юрыем Пракапчуком, прымеркаваная да 100-годдзя ўтварэння органаў пракуратуры, прайшла ў фармаце “100 пытанняў даросламу”. Варта адзначыць, што мерапрыемства адпавядала такому лічбаваму крытэрыю – прысутныя актыўна ўключыліся ў дыялог, імкнуліся больш даведацца аб прафесійным і асабістым.

Юрый Іванавіч ахвотна адказваў на ўсе пытанні юных гараджан. Часцей яны датычыліся школьнага перыяду яго жыцця, бо для сённяшніх падлеткаў бліжэй тыя праблемы, якія адпавядаюць іх узросту. Паступова хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, што перад імі чалавек, які ў свой час таксама быў звычайным вучнем, праходзіў праз усе этапы сталення. А дасягнуць высокіх прафесійных вышынь яму дапамаглі адказнае стаўленне да вучобы, уседлівасць, вынослівасць і ўменне не пасаваць перад цяжкасцямі.

– З маленства бачыў сябе ў вайсковай форме, – сказаў Юрый Пракапчук падчас гутаркі аб выбары прафесіі. – Абавязкі пракурора няпростыя, але стымулам з’яўляецца памкненне служыць для народа, абараняць законныя правы грамадзян. Вінаватыя павінны несці пакаранне за дрэнныя ўчынкі, якія перашкаджаюць жыццю сумленных людзей. Важна працаваць адзінай камандай з калектывам, дзе кожны гатовы разабрацца ў вельмі заблытаных справах.

Прыемна здзівіў юных аматараў спорту той факт, што госць займаўся плаваннем, лёгкай атлетыкай, баскетболам, футболам, валодае асновамі рукапашнага бою. – З загартоўкай і вытрымкай прасцей пераадольваць напружанасць звычайных будняў, – растлумачыў Юрый Іванавіч. – Не заўсёды рабочага часу хапае на вырашэнне важных пытанняў, даводзіцца ахвяраваць адпачынкам. У распарадак выхаднога дня могуць унесці карэктывы надзвычайныя здарэнні, новыя звесткі. Іх нельга адкласці на потым каб не страціць, не пакінуць няўлічаным нешта важнае.

Звярнулі ўвагу ўдзельнікі сустрэчы і на крывавыя старонкі гісторыі роднай зямлі – мінулагоднія страшныя знаходкі ва ўрочышчы “Мачула”, дзе былі адкапаны астанкі соцень ахвяр нацызму. Ваенныя падзеі, якія здарыліся дзесяцігоддзі таму, не пакідаюць сучасных школьнікаў абыякавымі. Пракурор раёна адзначыў, што работы ў гэтым накірунку будуць працягнуты і ў далейшым.

На развітанне Юрый Пракапчук падзякаваў юнакам і дзяўчатам за актыўнасць. А яшчэ адзначыў, што лунінчане – вельмі працавітыя і старанныя людзі, якія паважаюць законы краіны, дбаюць пра спакойную і мірную будучыню. У сваю чаргу юныя землякі пажадалі пракурору меншай загружанасці на рабоце. Бо гэта прамое сведчанне таго, што ў нашых дамах і на працоўных месцах не здарыцца парушэнняў заканадаўства, ніхто не будзе пацярпелым і пакрыўджаным.
Марыя ЯРАХОВІЧ. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть