11 красавіка – Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў АД БЕРЛІНА – ДА БАРАДЗІНО

Такі шлях прайшоў жыхар вёскі Любань Адам Адамавіч ДЗЕМ’ЯНОВІЧ – остарбайтэр, стаўшы барацьбітом. Успаміны ветэрана вайны занатавалі вучні краязнаўчага гуртка Любанскай СШ.

Маладосць пакалення, народжанага ў 1920-ых гадах, абпаліла вайна. Пры фашысцкай акупацыі юнак быў прымусова вывезены ў Нямеччыну. Накіравалі да баўэра ў гаспадарку, размешчаную на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Прызначылі працаваць на ферме, даглядаць кароў…

На ўсё жыццё запомніў дзень вызвалення – 7 сакавіка 1945 года. Калі рускія танкі падышлі да мястэчка, мясцовыя немцы разбегліся. Вязням, якіх гаспадары называлі “остарбайтэрамі”, правялі праверку ў штабе савецкіх войскаў і прызвалі ў Чырвоную армію. Адам быў накіраваны ў 23 стралковы атрад, што ўваходзіў у склад ІІ Беларускага фронту. Варшава, Шчэцін, Берлін – геаграфію Еўропы вывучаў не па падручніках, а на ўласным салдацкім вопыце. Асабліва небяспечна было на Одэры. Узводзімыя байцамі пераправы і масты практычна адразу ж варожы бок знішчаў з міна- і агнямётаў. Толькі артпадрыхтоўка з “кацюш” перашкодзіла немцам, але не спыніла іх лютае супраціўленне. Менавіта тут і давялося адчуць сапёру, што “до смерти – четыре шага”: метрах у двух ад яго ўпаў нямецкі снарад, які, на шчасце, не грымнуў выбухам…

У красавіку ў складзе часці наш зямляк быў перапраўлены на Эльбу, якую ўжо фарсіравалі войскі саюзнікаў. Пераможны май сустрэў зноў ва Усходняй Прусіі. На прадпрыемствах у Шчэціне размініраваў і разбіраў абсталяванне, якое немцамі было вывезена з СССР і цяпер вярталася на Радзіму.

Вайна закончылася, але байцоў чакала размініраванне месцаў былых баёў. Сапёрная часць выконвала вайсковы абавязак пад Вялікімі Лукамі, на Барадзіно – славутым ратным полі перыяду першай Айчыннай вайны…

Адам быў дэмабілізаваны 8 сакавіка 1947-га. Ён 5 год не быў дома… Родная вёска сустрэла былога байца напружаннай працай па аднаўленню разбуранай вайной гаспадаркі. Рукі селяніна, стаміўшыся трымаць зброю, з радасцю вярнуліся да спрадвечных земляробскіх спраў. Пашчасціла на знаёмства з дзяўчынай з суседняй Лахаўкі, якая стала яго лёсам.

– Тры гады таму адзначылі 60-годдзе шлюбу, так званае брыльянтавае вяселле, – расказвае Вольга Міхайлаўна. – У калгасе “Новае Палессе” муж быў кладаўшчыком, потым працаваў у жывёлагадоўлі, адкуль і выйшаў на пенсію. Выгадавалі шасцёра дзяцей. На жаль, двое сыноў ужо страцілі… Дочкі з сем’ямі жывуць у Расіі, але штогод наведваюць бацькоўскі дом. Яшчэ двое сыноў засталіся ў роднай вёсцы. Наш бацька зусім слабы, таму так важная падтрымка дзяцей. Шчаслівыя, што маем пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Зычым даўгалецця і спагадлівых нашчадкаў усім добрым людзям.

Застаецца пажадаць мужу і жонцы Дзем’яновічам адсвяткаваць і юбілей Вялікай Перамогі, і шмат іншых значных сямейных датаў, у ліку якіх – 65-годдзе сумеснага жыцця. Гэта вяселле называецца жалезным, адпавядаючы перакоўцы палымяных пачуццяў маладосці на трывалую падтрымку адзін аднаго, што працягвае старасць…

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть