Дзеці і ёсць тое самае шчасце!
МикашевичиОбщество

Дзеці і ёсць тое самае шчасце!

Кастрычнік у гэтым годзе выдаўся незвычайна цёплым і сонечным. Двары шматпавярховых дамоў у жылым комплексе па вул. Ф. Скарыны нагадваюць мурашнікі – гульнявыя пляцоўкі запоўнены дзетварой. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Магчымасцю пабудаваць жыллё з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання скарысталіся дзясяткі мікашэвіцкіх бацькоў. У ліку іх – супрацоўнік дзіцячай бібліятэкі, мнагадзетная мама Таццяна СКАБЕЛЬСКАЯ.
– Штомесячныя выплаты па льготнаму крэдыту для сямейнага бюджэту – прымальныя і пасільныя, – расказвае суразмоўніца. – Жыллём ў цэлым задаволены: цяпло і прасторна, а з вышыні 9-га паверха адкрываецца цудоўная панарама на горад і яго наваколле.
Сама Таццяна Пятроўна вырасла ў вялікай і дружнай сям’і. З ранняга дзяцінства ведала, што шмат дзяцей – гэта выдатна. Мабыць, менавіта ў гэты перыяд у яе і заклалася разуменне тых самых адвечных духоўных каштоўнасцей, якія робяць прыярытэтнымі для чалавека сямейныя радасці і клопаты. Яшчэ да вяселля вызначылася – калі пашчасціць, у яе будзе, як мінімум, двое дзяцей. Праўда, сыны Ягор і Мацвей, якія нарадзіліся з розніцай у пяць гадоў, марылі аб сястрыцы. Яны і выбралі імя для дочкі – Кацярына.
– Мацярынства можа і павінна быць радасным і шчаслівым, – падкрэслівае суразмоўніца. – Таму стараюся падыходзіць да кожнай справе з пазітывам і вучу гэтаму дзяцей, планую кожны свой дзень і строга прытрымліваюся раскладу. А інакш будзе вельмі складана ўсё паспець. І ўсё ж, як бы ні была загружана, у паўсядзённых клопатах рэгулярна знаходжу час для сябе. Балазе, дзеці растуць выдатнымі памочнікамі. Старэйшы Ягор без праблем можа прыгатаваць сняданак і памыць посуд, малодшыя Мацвей і Кацярына – падмесці ў кватэры, выцерці пыл ці вынесці смецце.
У Таццяны Скабельскай няма якіх-небудзь асаблівых падыходаў у выхаванні дзяцей. Проста любоў і пяшчота, якія адчуваюцца ў кожным слове.
– Сыны растуць сапраўднымі мужчынамі. Чым больш дарослым становяцца, тым часцей спрабуюць праявіць сваю незалежнасць і самастойнасць, імкнуцца берагчы нас з дачкой, не засмучаць рознымі праблемнымі пытаннямі, вучацца несці адказнасць за свае ўчынкі. Аднак яны дакладна ведаюць, што заўсёды могуць разлічваць на маю дапамогу і падтрымку. А вось Кацярына – любіміца ўсёй сям’і і наш маленькі маторчык. Часам здаецца, яе энергіі хопіць на некалькі дзясяткаў малышоў.
У доме Скабельскіх ёсць свае традыцыі. Яны штодня збіраюцца разам за кухонным сталом, каб павячэраць і абмеркаваць навіны і падзеі. На думку Таццяны Пятроўны, з дзецьмі трэба абавязкова шчыра размаўляць і сябраваць. Вядома ж, ёсць і свае, сямейныя ўрачыстасці – дні нараджэння, Новы год, Вялікдзень, іншыя святы. Праўда, практычна ўсе яны праходзяць у Запроссі.
– Нягледзячы на  дадатковыя магчымасці, якія з’явіліся ў дзяцей з атрыманнем ключоў ад новай кватэры і пераездам у Мікашэвічы, па-ранейшаму шмат вольнага час праводзім у бацькоў – Пятра Фёдаравіча і Кацярыны Рыгораўны, – кажа суразмоўніца. – Дзеці цягнуцца да зямлі, а пасільная дапамога дзядулі з бабуляй ім толькі ў радасць. Акрамя таго, там у нас агарод і падсобная гаспадарка. А зусім побач – лес, шчодры на грыбы і ягады. Дарамі прыроды, перш за ўсё, забяспечваю сям’ю, лішкі здаю нарыхтоўшчыкам…
На нашу сустрэчу Таццяна прыйшла з 6-гадовай Кацярынай. Дзяўчынка, здавалася, не праяўляла цікавасці да гутаркі, захоплена гуляючы з адзінарогам. Калі звярнулася да яе з прапановай апісаць маму, адказала без доўгіх роздумаў: «Добрая, прыгожая, клапатлівая, незаменная, пяшчотная, ранімая, надзейная! Яна, як фея ў даспехах – заўсёды абароніць і выратуе нас з брацікамі!». І гэта, бадай, самыя лепшыя камплементы для любой матулі. Таму што дзеці – не перашкода для шчасця, яны і ёсць тое самае шчасце!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть