Малітва, хвіліна цішыні, тры мірныя залпы…
70 год Перамогі

Малітва, хвіліна цішыні, тры мірныя залпы…

такси автопробег 2015Аўтапрабега ў такім фармаце на Лунінеччыне, бадай, яшчэ не было. Яго ініцыятарамі выступілі таксісты на чале з галоўным натхняльнікам ідэі Канстанцінам Гоманам. Добрую справу падтрымалі ў райвыканкаме. I да машын таксі і матацыклаў далучыліся аўтамабіль ДАІ РАУС, аўтобусы АП-10.

Маршрут, які ахапіў Лунінец і 11 вёсак раёна, пачаўся ў скверы каля стадыёна “Палессе”. Павіталі ўсіх намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, ініцыятар аўтапрабегу Канстанцін Гоман і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў. Тэматычны літмантаж у выкананні школьнікаў дапасаваў праграме. Іерэй Святакрыжаўзвіжанскага храма Георгій Філіновіч разам з дыяканам Васіліем Мартынавым і рэгентам Таццянай Мартынавай адслужылі кароткую ліцію ў памяць усіх загінуўшых, акрапілі помнікі святой вадой. У цішыні да падножжаў ляглі вянкі і жывыя кветкі, а неўзабаве раздаліся гучныя стрэлы салюту…

такси автопробег 2015 04Першым на шляху ўдзельнікаў аўтапрабегу стаў Курган Славы — сумнае і жалобнае месца ў Лунінцы, дзе ў гады вайны фашысты масава расстрэльвалі мірных жыхароў. Аб тым, што мы і сёння дакладна не ведаем, колькі людзей там пахавана, расказала краязнаўца Таццяна Канапацкая.

У Язвінках гасцей віталі вучні, выхаванцы, настаўнікі мясцовых школы і садка, жыхары вёскі. Цёплыя словы знайшлі старшыня Дварэцкага сельсавета Аляксандр Віднікевіч і таксіст Сцяпан Мельнік. І зноў — успаміны, віншаванні, малітва, вянкі і кветкі, гучныя стрэлы…

Прыгожы зялёны “калідор” з дрэў абрамляе шлях да помніка ў Дварцы. Разам з вучнямі мясцовай яслі-сад-сярэдняй школы нас вітаў яе дырэктар Андрэй Янкевіч. Прыгадалі цікавыя факты, памаліліся, усклалі вянкі, парушылі цішыню стрэламі.

Гукамі клаксонаў аб’явілі аб прыездзе ў Дрэбск. Выхаванцы садка-школы на чале з Іванам Зубко, а таксама ўсе жыхары вёскі ганарацца сапраўдным мемарыялам, які тут быў пабудаваны ў 40-годдзе Вялікай Перамогі. І вось праз тры дзесяцігоддзі ён прымае гасцей. Права выступіць атрымаў таксіст Віктар Ягораў. Гэта яго цёзка ўзнімаў у 45-ым пераможны сцяг над Рэйхстагам.

Падалося вельмі сімвалічным, што помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны ў Кажан-Гарадку размешчаны насупраць мясцовай Свята-Мікалаеўскай царквы. Нас чакалі кіраўнік спраў сельвыканкама Галіна Малафейчык, дырэктар школы Сяргей Бірыла і старшакласнікі. Ушаноўваючы памяць загінуўшых землякоў, ад традыцыі не адышлі. Нават бусел у час мірных залпаў не зрушыў са свайго месца…

такси автопробег 2015 02Шлях у Лахву на хвіліну перакрыў пераезд чыгуначных пуцей. Машыніст дызель-цягніка працяглым гудком і шчырым узмахам рукі павітаў святочную калону. Хлебам-соллю сустракалі гасцей старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч і дырэктар школы Сяргей Коўшык. У вёсцы ўстаноўлены адразу два помнікі: першы — партызанам і воінам, загінуўшым пры вызваленні, другі — знішчаным яўрэям Лахвенскага гета. У апошняга ініцыятар прабегу Канстанцін Гоман зачытаў падзячны ліст ад старшыні Брэсцкай яўрэйскай суполкі Рэгіны Сіманенка. Таму да абодвух ляглі вянкі, двойчы прагучалі стрэлы і ліція. Дарэчы, да малітвы тут далучыўся настаяцель мясцовай царквы Ражства Багародзіцы Валерый Скрабец. Паколькі прыезд у Лахву супаў з абедзенным часам, у мясцовым кафэ ўдзельнікаў аўтапрабегу запрасілі на чай з бутэрбродамі.

Мы накіроўваліся ў Любачын, як нечакана пайшоў цёплы дождж — прырода аплаквала загінуўшых герояў… У вёсцы ж зіхацела сонейка, і вучні застылі ў ганаровай варце каля помніка. Тут слова ўзяў таксіст Раман Кішкевіч, які павіншаваў прысутных і пажадаў надалей беражліва захоўваць памяць пра загінуўшых. Малітву ўзносіў настаяцель узводзімай царквы іконы Божай Маці «Казанская» в. Рэдзігерава іерэй Аляксандр Барысаў.

такси автопробег 2015 03Песнямі і духмяным караваем сустракалі гасцей у Дзятлавічах удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Світанак”. Эстафету вітання пераняў старшыня сельвыканкама Канстанцін Мардухай. Вучні школы ў вершах расказалі пра вайну. Разам схілілі галовы ў малітве, усклалі вянкі, замерлі ў момант салюту. Гэтак жа паводзілі сябе жыхары Бастыні. Тут да нас далучыліся кіраўнік сельсавета Фёдар Рашэцкі, дырэктар школы Яраслаў Койка і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Бунас. Такім жа прыгожым, як дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, быў і каравай для ўдзельнікаў аўтапрабегу.

Незвычайная цішыня панавала на возеры Белае. Былі чутны толькі спевы птушак ды павольны ўсплёск вады… Тут стаіць помнік у знак знішчэння фашыстамі аднайменнай вёскі. Працяглым рэхам адгукнуліся залпы стрэлаў у наваколлі.

Літаратурна-музычны мантаж чакаў нас яшчэ ў адной вёсцы — Луніне. Песні, вершы, пажаданні… Жахі вайны ўспомніў старшыня сельвыканкама Аляксандр Якавец. Да магілы вызваліцеляў ляглі вянкі і кветкі… У Вульцы 1 з рук “маленькіх салдатаў” хлеб-соль прынялі ветэраны вайны, а старшыня СВК “Хваецкае” Васіль Лазіцкі нагадаў, што вёска назаўсёды ўвекавечана ў Хатыні. Ліцію правёў настаяцель царквы Новапакутнікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля іерэй Алексій Ільючык.

Завяршыўся аўтапрабег у Лунінцы каля помніка воінам-афганцам. Не здрадзіўшы традыцыі, яго асвяцілі вадой, усклалі кветкі і тройчы стрэлілі. Аўтарскую песню падарыў землякам лунінчанін Дзмітрый Гарошка. Удзельнікі шчыра падзякавалі таксістам — Сцяпану Мельніку, Віктару Ягораву, Дзянісу Бендасаву, Раману Кішкевічу і, вядома, ініцыятару Канстанціну Гоману за цудоўнае мерапрыемства напярэдадні Дня Перамогі. Упэўнена, многія ў той вечар ганарыліся, што сярод нас жывуць неабыякавыя людзі, здольныя па закліку сэрца рабіць дабро!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть