Матуліна малітва дапамагала выжыць
70 год Перамогі

Матуліна малітва дапамагала выжыць

Николай ВанюкНа вуліцы юныя хлапчукі пачынаюць свае адвечныя гульні з мячыкам і, трапляючы ў сетку варот, суправаджаюць дасягненне радасным крыкам і свістам. Назіраючы за лёгкой бесклапотнасцю сучасных падлеткаў, у людзей ваеннага пакалення даўкі камяк падкатвае да горла. Успаміны пра невыносна цяжкае дзяцінства зноў вярэдзяць душу, не даюць спакою. Толькі ў сэрцы няма зайздрасці.

Наадварот, жыве шчырая радасць ад думкі, што перанесеныя пакуты іх равеснікаў не былі дарэмнымі, і на Радзіме пануе мір. Але неяк міжволі з-пад пасівелых скроняў зірне той юны хлапчук, які сустрэў ваеннае ліхалецце…

Для Мікалая ВАНЮКА з Бродніцы дзяцінства скончылася ў 12 год, калі яны з мамай ехалі на возе і на шляху сустрэлі немцаў. У той час была акупацыя, людзі вымушана прызвычаіліся да законаў новай улады. Жанчына і падлетак імкнуліся не выглядаць перапалоханымі, хаця гэта давалася цяжка. Ворагі не сталі страляць у безабаронных людзей, але нанеслі горшую незагойную рану для маці, прымусіўшы Мікалая следаваць за імі. Ніякія просьбы не дзейнічалі на ўзброеных акупантаў, яны больш грозна паўтарылі загад.

Бедная жанчына зрабіла адзінае, што змагла ў ракавыя хвіліны. Яна пацалавала, перахрысціла сына і ад усяго сэрца пажадала яму хутчэйшага вяртання. Слёзы засцілі свет, ад горычы падкошваліся ногі. Тое вымушанае развітанне да скону не выветрылася з памяці.

Матулін крыж аберагаў Мікалая ў нялёгкай дарозе ў Нямеччыну. Побач былі незнаёмыя, але добрыя людзі, якія дапамагалі адзінокаму хлопчыку пераадольваць цяжкасці. Невядомасць цягнулася ўсю дарогу, пакуль іх везлі на цягніку, потым размеркавалі па розных напрамках. Ён трапіў у шахты, дзе даводзілася хадзіць да работы 4 кіламетры пехатой. Потым у металічнай клетцы іх апускалі ў забой на 800-метровую глыбіню. Зверху на шыю капала ледзяная вада, адзенне прамакала, але паскардзіцца на дрэнныя ўмовы не было каму. Іх наогул не лічылі за людзей, абыходзіліся горш, чым з жывёлай.

Не было ніякай тэхнікі бяспекі і пад зямлёй. Часта раздаваліся вытворчыя ўзрывы, ад якіх магла абваліцца горная парода і закрыць выхад на паверхню. Але неяк удавалася прабрацца праз завалы і зноў убачыць сонца. Як засталіся жывымі ў тых жудасных умовах, не верылася і самім.

Мікалай крыху ўздыхнуў з палёгкай, калі перавялі з шахты на вясковы двор. Даглядаў кароў і коней. Заможных немцаў ніяк не хвалявала, што хлопец, які выконвае дзеля іх дабрабыту самую брудную і цяжкую работу, застаецца галодным. Даводзілася харчавацца тым, чым кармілі скаціну. Аднойчы маленькая дачка гаспадароў убачыла, як Мікалай есць сырыя брукву і буракі. Здзіўленая і спалоханая такім відовішчам, яна пашкадавала хлопца. Таемна ад бацькоў калі-нікалі стала прыносіць яму кубачак чаю і невялікі кавалачак хлеба. “Нікс, нікс”, — махала пальчыкам — маўляў, не кажы нікому. Пах таго ласунка да гэтага часу адчуваецца недзе ў глыбіні сэрца.

Жыць даводзілася ў нізкай і халоднай пабудове. Саграваўся, закутваючыся ў знойдзеныя старыя лахманы, на якіх нельга было разгледзець першапачатковы колер.

Калі такія ж вязні, што жылі па-суседству, вырашылі збегчы, рушыў разам з імі. Але праз некалькі кіламетраў зусім абяссілеў — адбіліся пастаянны голад і цяжкая праца. Тады дарослыя параілі яму вярнуцца. Маўляў, ва ўцёках загінеш хутчэй, а так ёсць хоць невялікі шанц выжыць. І сапраўды, дзякуючы малітвам родных, ён здолеў перамагчы ўсе нягоды…

Іх вызвалілі англічане. Пачалася доўгая дарога назад. Гледзячы з цягніка на разбураныя гарады і вёскі, Мікалай вырашыў, што стане будаўніком. Бачыў, колькі трэба прыкласці сіл для аднаўлення роднай краіны. Дома ніхто ўжо не верыў, што ён жывы. Калі адчыніў дзверы, абняў матулю, радасці не было межаў! А неўзабаве з замежжа вярнуўся бацька, які паехаў на заробкі яшчэ пры Польшчы, і вайна перашкодзіла зносінам з блізкімі.

Так яны сабраліся дома ўсе разам, і пачалося мірнае жыццё. Мікалай сапраўды стаў будаўніком, і ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе і мехкалоне. Праўда, не здолеў атрымаць спецыяльнасць, таму найбольш выконваў простыя, але не менш цяжкія, даручэнні.

Стварыў сям’ю з мясцовай дзяўчынай Надзеяй, маладзейшай на некалькі год. Яна таксама падлеткам, імкнучыся пазбавіцца ад галечы, якая паўсюдна панавала ў пасляваенны час, ездзіла па “вярбоўцы” на Урал. Працавала на цукровым заводзе, але часцей даводзілася быць “сучкарубам” на лясных дзялянках. Вярнулася праз дзве зімы, і ўжо разам з мужам асталяваліся ў роднай вёсцы. Незаўважна прамільгнула жыццё. Нарадзілася трое дзяцей, пабудавалі новы дом. Потым малыя падраслі і раз’ехаліся ў пошуках свайго шчасця. А драўляны дыхтоўны будынак пачаў страчваць сваю велічнасць на фоне навейшых суседскіх падворкаў. Ды і гаспадары з кожным годам адчуваюць сябе ўсё слабей. Куды дзелася тая сіла, якая дапамагала спраўляцца з цяжкасцямі ў маладосці?

Удваіх чакаюць вестак ад нашчадкаў. Дачка Люба жыве ў Міжлессі, Таццяна і Іван — у Лунінцы. Цяпер надыходзіць іх час выйсці на заслужаны адпачынак. Многія перамены адбываюцца ў асабістым жыцці васьмярых унукаў, хутка забудуцца пра цацкі і дзіцячыя гульні чацвёра праўнукаў. Але як ні складваліся б іх лёсы, ёсць для ўсіх адзін святы абавязак — клапаціцца пра старэйшых, цікавіцца іх праблемамі.

А ў такім паважаным узросце галоўнае — здароўе, якога старым вельмі не хапае. У 82-гадовай Надзеі Міхайлаўны скаргі на цукровы дыябет, у 85-гадовага Мікалая Харытонавіча амаль страчаны слых. Дарэчы, свой чарговы дзень нараджэння ён адзначыць 8 мая, якраз перад вялікім святам Перамогі.

Яны шчыра дзякуюць Богу, што здолелі разам сустрэць восень свайго жыцця. Захавалася цеплыня шчырых пачуццяў і ўспаміны. Каб расказаць аб усім мінулым, не хопіць і сутак. Але, гледзячы ў акно на вясковых хлопчыкаў, якія бесклапотна праводзяць вольны час разам з сябрамі, сэрца Мікалая Харытонавіча поўніцца радасцю за адваяваны мір на роднай зямлі. Толькі б збераглі яго цяперашнія пакаленні!

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть