Пад вінаградам сям’і далягляды
70 год Перамогі

Пад вінаградам сям’і далягляды

пантухНа Лунінеччыне многа прыгожых мясцін. I каб імі палюбавацца, не трэба нікуды ехаць. Варта толькі агледзецца навокал. Радуе зеляніна, якая пасля спорнага дожджыку імкнецца ў рост. Спевы птушак у густой лістоце раздаюцца на ўсе лады. П’яняць незвычайным водарам шматлікія кветкі.

Такія краявіды сустракаюць і каля сядзібы Лідзіі ПАНТУХ з Бродніцы. Нягледзячы на 80-гадовы юбілей, які адзначыла перад Калядамі, жанчына жвавая і вясёлая. Хаця скардзіцца на хваробы, але імкнецца забываць пра боль з дапамогай паўсядзённых клопатаў. Для гэтага ёсць некалькі козачак, кудахтаюць куры, брэшуць сабакі. Узнімаецца бульба, падрастаюць клубніцы і агародніна, наліваюцца маладыя яблыкі.

Усе старанні Лідзіі Сцяпанаўны падтрымлівае сужыцель Васіль Ногач, лёс з якім звёў іх 26 год таму. Але, маючы інваліднасць, 76-гадовы мужчына не ў сілах узяць на сябе большыя цяжкасці па гаспадарцы. З імі ўпраўляюцца дзеці і ўнукі, якія любяць наведвацца да бабулі — папрацаваць і адпачыць на ўлонні прыроды.

Але гэта цяпер усе зладжана і прыгожа, а прайсці Лідзіі Сцяпанаўне давялося праз неймаверныя цяжкасці. Нарадзілася яна ў Вульцы 2. Тут дзяўчынкай бачыла вайну. Запомнілася, як здзекаваліся ворагі над мірнымі жыхарамі. Не аднойчы яны з усіх ног несліся ў зараснікі, каб не трапіць пад бамбёжку з велізарных самалётаў з чорнымі крыжамі на крылах. Прачыналіся ноччу, бо здавалася, што ненавісныя машыны зноў ляцяць з неймавернай хуткасцю. Як балюча было жыць з пастаянным адчуваннем голаду. Дарослыя застывалі ад страху перад невядомасцю, а малой такая трывога перадавалася яшчэ з большай сілай. Пасля вызвалення перабраліся ў Добрую Волю.

Пасталеўшы, Ліда марыла пра шчасце. Паддаўшыся ўгаворам равеснікаў, паехала на цаліну, паказаўшы там разам з сябрамі ўсю стараннасць і працавітасць беларусаў. Некаторыя з дзяўчат сустрэлі каханне і асталяваліся ў Расіі ці Казахстане, а яна вярнулася дадому. Працавала ў калгасе. У вольны час збіраліся на вячоркі, часта ладзілі танцы ў вясковых хатах. На такія пасядзелкі хлопцы наймалі ўмелага гарманіста і весялілі жартамі. Не дзіўна, што і пачуцці хутка разгараліся паміж маладымі.

Дзяўчына знайшла спадарожніка жыцця ў Дзятлавічах, і неўзабаве пераехала жыць да мужа. Усё лепшае толькі пачыналася: нарадзіліся сын і дачушка. Але… На тыф тады хварэлі многія, смерць збірала ахвяры. Не абышла бокам бяда і Ліду — праз два гады пасля замужжа яна засталася удавой. Не змаглі выратаваць і сына…

Паступова крыху акрыяла пасля цяжкіх страт. Трэба было жыць, паднімаць дзіця. Адной у той час было вельмі цяжка, усюды патрабаваліся моцныя рукі. Знаёмыя сасваталі з мужчынай з Дварца, старэйшым на 19 год, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Маладая жанчына рашылася на адказны крок і пераехала да яго.

Тут у старэйшай Евы паявіліся яшчэ пяцёра братоў і сясцёр. У маляўнічым куточку яны дружна раслі, прывучаліся да працы. Абавязкі не перакладвалі адно на аднаго, а наадварот, імкнуліся зрабіць больш і лепш. Ды неўзабаве лёс падрыхтаваў Лідзе новае выпрабаванне — праз 18 год сумеснага жыцця яна аўдавела зноў. Малодшаму было толькі 8, астатнім не намнога больш.

— Іншых жанчын часта мужыкі пакідалі, а маіх Бог забіраў, — у куточках вачэй ажывае боль за перажытае, суразмоўніца цяжка ўздыхае. — Чым жа я так вінаватая, што давялося дваіх пахаваць, а адной дзяцей паднімаць…

На жаночыя плечы ляглі абавязкі адправіць сыноў у армію, ладзіць вяселлі. Як бы цяжка не было, яна спраўлялася. Сціплы заробак у калгасе, дзе 30 год была вартаўніком і паляводам, не пакрываў расходы сям’і. Больш даходаў давалі клубніцы, на якіх у сезон завіхаліся ад цямна да цямна. Трымалі тры каровы, быў свой конь. Лідзія Сцяпанаўна сама хадзіла за плугам, калі даглядалі агарод. Дзіўна, але работа, якой часта баяцца нават мужчыны, не здавалася цяжкай.

Дзеці раз’ехаліся. Тры дачкі асталяваліся ў Лунінцы. Ева працуе поварам у дзіцячым садзе, Люба касірам на чыгуначным вакзале. Надзя доўга была прадаўцом, цяпер — кладаўшчыца. Валя з сям’ёй жыве ў Язвінках, Сяргею пабудавалі дом непадалёку ад бацькоўскага. Міхаіл (на здымку — з маці) больш часу праводзіць у доме дзяцінства. Пра падзеі з мінулага ён дапаўняў расказ маці з пункту гледжання свайго пакалення.

Калі дзеці заняліся дарослымі клопатамі, Лідзія Сцяпанаўна засталася зусім адна. Пасля цеснаты і тлуму хата здавалася пустой. Якраз тады неяк выпадкова сяброўка пазнаёміла яе з Васілём Несцеравічам з Кобрынскага раёна. Хутка мужчына пераехаў у Бродніцу.

На падворку разросся вінаград, ствараючы ў паўдзённую спякоту прыемны куточак ценю. Тут жа змайстраваны лаўкі і стол, за якім нашчадкі часта збіраюцца разам. Добра ведаюць дарогу да вёскі 8 унукаў і 10 праўнукаў. Кожнаму знойдуцца занятак і захапленне. Але галоўнае, што прыцягвае сюды малых і дарослых, — шчырасць бабулі. Яна пачастуе, прыгалубіць, спытаецца пра самае важнае і дасць добрую параду.

Перасягнуўшы мяжу паважанага ўзросту, Лідзіі Сцяпанаўне ніяк не сядзіцца без справы. Рукі, якія трымалі на працягу дзесяцігоддзяў самыя розныя прылады працы, горш ныюць у стане спакою. Таму жанчына зноў ідзе на агарод ці ў хлеў. Сталі менш паслухмянымі ногі — да магазіна доўгажыхарка часцей накіроўваецца на веласіпедзе.

А навокал пануе непаўторнасць Палескага краю. Хутка лес пакліча да сябе грыбнікоў і ягаднікаў, поле дасць багаты ўраджай. Тым самым засведчыўшы, якая на Лунінеччыне разнастайная прырода. І якія тут старанныя і працавітыя людзі.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть