Радуе сэрца спакой на роднай зямельцы сваёй!
70 год Перамогі

Радуе сэрца спакой на роднай зямельцы сваёй!

микуличЗ адчыненых веснічак прыемна глядзець на краявіды роднага паселішча, заўважаць, як паляпшаецца дабрабыт аднавяскоўцаў — растуць новыя дамы, упарадкоўваюцца дарогі. I радавацца, што барацьба з ворагам не была дарэмнай — пакутуючы, старэйшае пакаленне здабывала лепшую долю сваім нашчадкам, якім наканавана стаць працягам жыцця на Бацькаўшчыне.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл МІКУЛІЧ нарадзіўся ў 1924 годзе ў Кажан-Гарадку. Тут жа прайшло і ўсё доўгае жыццё, напоўненае звычайнымі сялянскімі клопатамі: пра зямлю, дзяцей і ўнукаў. У яго размераныя будні часта прыходзяць успаміны, каб дадаць крышачку радасці ад светлага і засмуціцца ад балючага. За 90 год здаралася ўсякае.

З маленства хлопчык навучаўся ў польскай школе, закончыў 6 класаў. Імкнуўся спазнаць найбольш цікавага з падручнікаў. Вясковае жыццё ішло сваім шляхам. Дапамагаў родным, абавязкаў па гаспадарцы хапала, бо ўсё рабілася ўручную.

Вайна зруйнавала лад і спакой, давялося зведаць шматлікія нягоды. Імклівая акупацыя не дала магчымасці стаць у адзіны франтавы строй мясцовым юнакам. Міхаілу яшчэ і непаўналетні ўзрост не дазволіў быць абаронцам. Жыла горыч ад бездапаможнасці перад ворагам. Неяк існавалі ў чаканні лепшых перамен, верылі, што ліхалецце не зацягнецца надоўга. Часта немцы пасылалі на работу, але вельмі не хацелася працаваць на іх карысць.

Разам з равеснікамі стараліся дапамагаць партызанам. Асабліва адказных даручэнняў ім не давалі, але пра колькасць захопнікаў і прыслужнікаў-паліцаяў здабывалі інфармацыю, асцярожна перадаючы яе лясным мсціўцам. Кожны ўзрыў на чыгунцы ці разгром нямецкага гарнізона выклікалі радасць за мужных змагароў.

Дачакаўшыся вызвалення, Міхаіл стаў у рады чырвонаармейцаў і пайшоў праганяць ворагаў. У Лунінец іх прызвалі каля трох тысяч навабранцаў, накіравалі ў Брэст. Далей раздзялілі на меншыя групы, і неўзабаве беларускія юнакі апынуліся на тэрыторыі Польшчы. Самыя гарачыя баявыя дзеянні праходзілі каля Віслы, узбярэжжа вялікай ракі было паліта крывёй воінаў.

Многіх сяброў і знаёмых давялося страціць за той час, пакуль фронт набліжаўся да Германіі. Не лягчэй давалася змаганне і на вуліцах нямецкіх гарадоў. У моманты імклівага наступления ажываў гонар за велічнасць духу савецкіх салдат. У мокрых і халодных акопах праводзілі па некалькі тыдняў, але ніхто не скардзіўся на цяжкасці. Разумелі — ішла вайна, якая нікога не песціла і не шкадавала. Выжыць дапамагала вера ў хуткія перамены, кожны кіламетр наперад дадаваў новыя сілы.

Франтавыя дарогі — асаблівая старонка ў жыцці ветэрана. Тут зведаліся мужнасць і адданасць сапраўднага патрыёта, часам перавалодвалі баязлівасць і адчай. На перадавой, гледзячы ў твар смерці, паказваліся чалавечыя якасці кожнага, там станавіліся героямі і здраднікамі, смелымі і зломленымі ад страху за сябе. Але слабакоў былі адзінкі, патрыятызм штурхаў камсамольцаў наперад.

У абавязкі Міхаіла ўваходзіла зараджваць мінамёты і гарматы на танках. У час бою мітусіўся паміж скрынкамі і магутнай зброяй, стараючыся своечасова падаваць снарады. Недаравальна было дапусціць прастою. Навокал усё грымела, каманды аддаваліся гучным крыкам, які заглушалі выбухі. Здавалася, гэта не скончыцца ніколі. Але раптам кананада змаўкала, дым рассейваўся, і яны наступалі бліжэй да фашысцкага логава. Мінулі Одэр і хутка апынуліся ў Берліне.

Светлы дзень Перамогі запомніўся яркімі салютамі. Пачалі адбудоўваць мірнае жыццё, і беларускі юнак яшчэ на два гады застаўся праходзіць тэрміновую службу, захоўваць спакой на нямецкай зямлі ў асобным танкавым батальёне. Дамоў вяртаўся з радасцю ў сэрцы і медалям на грудзях, самыя каштоўныя з якіх — “За ўзяцце Берліна” і два — “За адвагу”.

Засумаваўшы па звыклай сялянскай працы, Міхаіл з ахвотай узяўся за плуг і касу. Мурожны луг клікаў духмяным водарам траў, свежая ралля дадавала сілы ад усведамлення, што надалей жыццё будзе сытным і спакойным. Неўзабаве маладосць узяла сваё — сустрэлася Таццяна, мясцовая дзяўчына-аднагодка. Зарэгістраваўшы шлюб у 1949-ым, яны разам жывуць і па сённяшні дзень, адзначыўшы залатое вяселле 16 год таму. Не аднойчы дружнай сям’ёй святкавалі і іншыя значныя даты.

Але гэта цяпер, калі ўсё ў мінулым, засталіся толькі прыемныя ўспаміны і ніякіх нараканняў на перажытае. А дасягнуць паважанага ўзросту было не так лёгка. Беднасць і мізэрныя заробкі ў калгасе прымусілі шукаць лепшы даход на бязмежных прасторах Савецкага Саюза. Самастойна асвоіўшы спецыяльнасці муляра, тынкоўшчыка і цесляра, малады працаўнік завіхаўся на будаўніцтве ў розных рэгіёнах вялікай краіны. Заробак прывозіў часцей у выглядзе пшаніцы або цукру.

Гэтыя паездкі вельмі не падабаліся мясцоваму кіраўніцтву, і, каб не нажываць сабе лішніх праблем, Міхаілу Іванавічу даводзілася ўладкоўвацца на работу ў калгас, часцей на восень і зіму. А калі прыходзіла вясна, ён зноў накіроўваўся на будоўлю. Таццяна Міронаўна працавала паляводам. Нават пасля выхаду на пенсію яшчэ доўга не пакідала асноўныя абавязкі.

Увесь час дома трымалі многа жыўнасці. Цяжка адвыкаць ад каровы і цяпер — шкадаванне аб гэтым адчуваецца ў голасе гаспадыні. Толькі ўзрост у 91 год ужо не дазваляе так лёгка завіхацца на падворку, выклікаючы ў сэрцы шчымлівыя ўспаміны. Ды назусім пазбавіцца ад жыўнасці старыя не здолелі. Трымаюць парсючка і курэй, з доглядам за якімі дапамагае сын Мікалай, які жыве разам з бацькамі і працуе вадзіцелем.

Юрый з сям’ёй асталяваўся ў горадзе Ліда, у свой час закончыў сельгасакадэмію. Новай радзімай стала Віцебшчына для дачкі Марыі, якая працуе педагогам, маючы адукацыю філолага. А далей за астатніх апынулася Ганна — у Расіі ў горадзе Калуга. Да гэтага яна некаторы час жыла ў Хабараўску. Дзядуля з бабуляй з нецярпеннем чакаюць навін ад малодшых нашчадкаў — 4 унукаў і 5 праўнукаў.

Дзеля іх шчасця не шкадаваў сябе былы франтавік, верыў у светлае, жадаў, каб маладым жылося лягчэй. І, гледзячы на родную вёску, ён зноў і зноў упэўніваецца, што так яно і склалася. На зямлі пануюць мір, лад і спакой.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть